Усерасейская надзвычайная камісія па барацьбе з контрарэвалюцыяю й сабатажам | |
па-расейску: Всероссийская чрезвычайная комиссия по борьбе с контрреволюцией и саботажем | |
Краіна | РСФСР |
---|---|
Створаная | 20 сьнежня 1917 |
Ператвораная | 6 лютага 1922 |
Юрысдыкцыя | Савет Народных камісараў РСФСР |
Штаб-кватэра | Лубянка, 2, Масква, РСФСР |
Папярэдняя служба | Ахоўнае аддзяленьне |
Наступная служба | ДПУ НКУС РСФСР |
Старшыня Прэзыдыўма УНК | Фэлікс Дзяржынскі |
УНК СНК РСФСР — Усерасейская надзвычайная камісія па барацьбе з контрарэвалюцыяю й сабатажам (па-расейску: Всероссийская чрезвычайная комиссия по борьбе с контрреволюцией и саботажем) пры Савеце народных камісараў РСФСР (1917—1922). Утворана 20 сьнежня 1917 году.[1] Ліквідавана зь перадачаю паўнамоцтваў Дзяржаўнаму палітычнаму ўпраўленьню (ДПУ НКУС РСФСР) пры НКУС РСФСР 6 лютага 1922 году.
УНК зьяўлялася органам «дыктатуры пралетарыяту» па абароне дзяржаўнай бясьпекі РСФСР, «кіраўнічым органам барацьбы з контрарэвалюцыяю на тэрыторыі ўсёй краіны». УНК мела тэрытарыяльныя падразьдзяленьні для «барацьбы з контрарэвалюцыяю на месцах».[2]
В. І. Ленін, галоўны ідэоляґ яе фармаваньня, называў Усерасейскую надзвычайную камісію, без якой «ўлада працаўнікоў існаваць не можа, пакуль будуць існаваць на сьвеце эксплюататары…», «нашай паражальнай зброяй супраць незлічоных змоваў, незлічоных замахаў на Савецкую ўладу з боку людзей, якія былі бясконца мацней за нас»[3].
З 27 студзеня 1921 году ў лік задачаў УНК уваходзіла ліквідацыя бездагляднасьці й безнагляднасьці сярод дзяцей.[4]
Менавіта ад скарачэньня слова НК (па-расейску: ЧК) адбылося слова «чэкіст».
З 22.12.1917 па сакавік 1918 гады УНК разьмяшчалася ў Петраградзе на Гарохавай вуліцэ, дом 2 (цяпер Музэй палітычнай паліцыі Расеі).
Кіраўнічы апарат УНК узначальвала калеґія, кіраўнічым органам быў Прэзыдыум УНК на чале са Старшынёю Прэзыдыума УНК, які меў дваіх намесьнікаў, дакумэнтазварот забясьпечвалі два асабістых сакратара.
У апараце УНК меліся наступныя аддзелы й падразьдзяленьні[2]:
У сьнежні 1917 году апарат УНК налічваў 40 чалавек, у сакавіку 1918 году — 120 супрацоўнікаў[5].
У сакавіку 1918 году цэнтральны апарат УНК быў разам з савецкім урадам перавезены ў Маскву. З 1919 году займаў будынак страхавога грамадства «Расея» (Будынак органаў дзяржаўнай бясьпекі на Лубянцы).
У 1918 годзе налічвалася 40 губэрнскіх (вядомых як Губчэка) і 365 павятовых надзвычайных камісіяў[5].
Органы УНК у Чырвонай Арміі створаныя ў канцы 1918 году для арґанізацыі барацьбы з контрарэвалюцыяй у арміі й у прыфрантавой паласе, шпіянажам і правядзеньню выведкі ў тыле непрыяцеля.
Са жніўня 1918 году функцыянуюць памежныя, чыгуначныя й водна-транспартныя органы УНК[5].
Першапачаткова функцыі ды паўнамоцтвы УНК былі вызначаны даволі недакладна, што да прыкладу, адлюстравана ў дакладзе Ф. Э. Дзяржынскага 7 сьнежня 1917 г. дзе было ім сказана «Камісія вядзе толькі папярэдняе расследаваньне, паколькі гэта трэба для спыненьня».[6]
Аднак, фактычна ўжо з моманту свайго зьяўленьня УНК мае й сьледчыя, і апэратыўныя функцыі. У адміністрацыйным парадку ўжываюцца й прамыя меры ўзьдзеяньня, якія першапачаткова зьяўляліся даволі мяккімі: пазбаўленьне контрарэвалюцыянераў харчовых карткаў, складаньне й апублікаваньне сьпісаў ворагаў народу, канфіскацыя контрарэвалюцыйнай маёмасьці ды шэраг іншых. Паколькі ў дадзены час растрэл як вышэйшая мера пакараньня быў адменены ў РСФСР, растрэл не ўжываўся й органамі УНК.
З пачаткам грамадзянскае вайны УНК атрымлівае надзвычайныя паўнамоцтвы, меры паводле якіх прымаліся ў адносінах да контрарэвалюцыянэраў і сабатажнікаў, асобаў, заўважаным у спэкуляцыі й бандытызме[5].
У той жа час сам факт контрарэвалюцыйнасьці мог быць вытлумачаны дваяк, паколькі вызначэньне дадзенага тэрміну было даволі недакладным:
усялякія выступы, незалежна ад нагодаў, па якіх яны паўсталі, супраць Саветаў, ці іх выканаўчых камітэтаў, ці асобных савецкіх установаў | ||
Такое вызначэньне контрарэвалюцыйным выступам дае Пастанова Касацыйнага аддзелу УЦВК ад 6 лістапада 1918 г.[7]
Аднак, як паведамляецца, да ліпеня 1918 году УНК ужыла права на растрэл толькі ў стаўленьні некалькіх крымінальных элементаў і буйных спэкулянтаў, пакуль не ўжываючы дадзеную норму ў стаўленьні да палітычных злачынцаў[3].
Дэкрэт УЦВК ад 20 чэрвеня 1919 г. «Пра вынятак з агульнае падсуднасьці ў мясцовасьцях, абвешчаных на ваенным становішчы» надзяляе органы НК правам непасрэднага растрэлу асобаў, датычных да падпалаў, выбухаў, наўмысных пашкоджаньнях чыгуначных пуцёў і іншых дзеяньнях з контрарэвалюцыйнымі намерамі[7].
Пры абмеркаваньні Цэнтральным Камітэтам РКП (б) пытаньняў пра занясеньне зьменаў у заканадаўчыя акты, рэґлямэнтавальныя дзейнасьць УНК 25 кастрычніка 1918 году шэраг дэлеґатаў партыі засудзіў «поўнаўладдзе арґанізацыі, якая ставіць сябе ня толькі вышэй за Саветы, але й вышэй за самую партыю», у той жа час Мікалай Бухарын, Міхаіл Альмінскі й Народны камісарыят унутраных справаў Рыгор Пятроўскі запатрабавалі ўхіленьня ў дзейнасьці УНК «самаўпраўнасьці арґанізацыі, нашпігаванай злачынцамі, садыстамі й зґнілымі элемэнтамі люмпэн-пралетарыята», Сяргей Каменяў, у якасьці Старшыні камісіі палітычнага кантролю быў больш радыкальны, прапанаваўшы крайнюю меру — фактычнае скасаваньне УНК як структуры[9].
Дадзеная пазыцыя зусім не атрымала партыйнага рэзанансу й ня мела шырокай падтрымкі, паколькі найболей паважаныя лідары РКП (б), у прыватнасьці, яе ідэоляґ Ленін, тройка лідараў — Іосіф Сталін, Леў Троцкі, Якаў Сьвярдлоў цьвёрда раскрытыкавалі мяккацеласьць супэрнікаў тэрору.
Ленін зрабіў заяву пра поўную падтрымку й абарону структуры, «якая падверглася, за некаторыя свае дзеяньні, несправядлівым абвінавачваньням з боку абмежаванае інтэліґенцыі, … няздольнае зірнуць на пытаньне тэрору у шырэйшай пэрспэктыве»[10], а ЦК РКП (б) па яго прапанове выдае Пастанову ад 19 сьнежня 1918 году, юрыдычна замацаваўшы забарону любой крытыкі ў стаўленьні да дзейнасьці УНК:
На старонках друку ня можа мець месца злосная крытыка савецкіх установаў, як гэта мела месца ў некаторых артыкулах пра дзейнасьць УНК, працы якое працякаюць у асоба цяжкіх умовах.[11] | ||
І. Сталін працягнуў традыцыю правядзеньня рэпрэсіяў, але пры барацьбе за ўладу ўжыў іх і ў адносінах да супрацоўнікаў рэпрэсіўных органаў. У выніку праводжанае «чысткі» былі расстраляныя ў прыватнасьці былыя кіраўнічыя працаўнікі УНК, якія лічыліся «паплечнікамі Дзяржынскага» : А. X. Артузов, Глеб Бокі, Мартын Лацыс, Міхаіл Кедраў, Васіль Манцаў, Рыгор Мароз, Іван Паўлуноўскі, Якаў Пэтэрс, Мэер Трылісэр, Іосіф Уншліхт, Васіль Фамін.[3]