Міжнародная фэдэрацыя баскетболу (па-француску: Fédération Internationale de Basketball, скар. FIBA, у беларускай трансьлітарацыі ФІБА) — арганізацыя, што аб’ядноўвае ўсе нацыянальныя баскетбольныя фэдэрацыі, якая вызначае асноўныя кірункі разьвіцьця сусьветнага баскетболу. Пад эгідай ФІБА праводзіцца чэмпіянат сьвету па баскетболе і іншыя міжнародныя спаборніцтвы. Штаб-кватэра ФІБА знаходзіцца ў швайцарскім горадзе Жэнэве.
Першапачаткова абрэвіятура расшыфроўвалася як Міжнародная фэдэрацыя аматарскага баскетболу (па-француску: Fédération Internationale de Basketball Amateur). У 1989 г. слова Amateur было прыбрана (у сувязі з афіцыйным допускам прафэсійных баскетбалістаў да міжнародных спаборніцтваў), але скарачаць назву ня сталі.
Арганізацыя была ўтворана 18 чэрвеня 1932 году на першай міжнароднай канфэрэнцыі нацыянальных баскетбольных асацыяцыяў, якая адбылася ў Жэнэве, Швайцарыя. Нарада нацыянальных баскетбольных камітэтаў прыняла пастанову аб стварэньні Міжнароднай фэдэрацыі баскетбольных асацыяцыяў (FIBA), ля вытокаў стварэньня ФІБА стаялі нацыянальныя баскетбольныя камітэты васьмі краінаў: Аргентына, Грэцыя, Італія, Латвія, Партугалія, Румынія, Чэхаславаччына і Швайцарыя. У 1989 годзе на кангрэсе ФІБА ў нямецкім горадзе Мюнхэне была прынятая гістарычная пастанова аб удзеле прафэсійных баскетбалістаў ва ўсіх спаборніцтвах пад эгідай ФІБА, у тым ліку Алімпійскіх гульнях.
З 1950 году пачаў праводзіцца чэмпіянат сьвету па баскетболе сярод мужчын, а з 1953 году сярод жанчын. У цяперашні час абодва турніры праводзяцца незалежна адзін ад аднаго, з інтэрвалам раз у чатыры гады, на зьмену з Алімпійскім баскетбольным турнірам двухгадовым інтэрвалам. Акрамя гэтага пад эгідай ФІБА праводзяцца першынства сьвету для юніёрскіх (да 19 гадоў) і юнацкіх (да 21 году) мужчынскіх і жаночых зборных. Таксама ФІБА курыруе ўсе кантынэнтальныя першынствы, якія праходзяць на ўсіх пяці кантынэнтах, акрамя іх, юніёрскія (да 18 гадоў) і юнацкія (да 20 гадоў) кантынэнтальныя першынствы, якія праводзяцца толькі ў Афрыцы, Амэрыцы і Эўропе.
З 1936 году баскетбольны турнір зьяўляецца нязьменнай часткай праграмы летніх Алімпійскіх гульняў, правядзеньнем турніру ў роўнай ступені займаюцца краіна арганізатар Алімпійскіх гульняў, МАК і ФІБА.
З 1972 па 2002 год пад яго эгідай праводзіўся турнір Кубак Ранкеці. У 2003 годзе зьменены на Жаночы Эўракубак (FIBA EuroCup Women).