![]() | |
Fabiano Caruana | |
![]() | |
Імя | Фабіяна Люіджы Каруана |
---|---|
Імя пры нараджэньні | Fabiano Luigi Caruana |
Краіна | |
Нарадзіўся | 30 ліпеня 1992 (32 гады) Маямі, Флорыда, ЗША |
Званьне | Гросмайстар (2007) |
Рэйтынг ФІДЭ | 2827 (сакавік 2025) |
Максымальны рэйтынг | 2844 (кастрычнік 2014) |
Месца | № 2 (жнівень 2018) |
Найвышэйшае месца | № 2 (кастрычнік 2014) |
Фабія́на Люі́джы Каруа́на (па-італьянску: Fabiano Luigi Caruana; нар. 30 ліпеня 1992, Маямі, Флорыда, ЗША) — італьянска-амэрыканскі шахматны гросмайстар. Залаты прызэр XLII шахматнай алімпіяды ў складзе каманды ЗША і бронзавы прызэр у індывідуальным заліку.
Тытул гросмайстра ён заваяваў у 14 гадоў, 11 месяцаў і 20 дзён — стаўшы наймаладзейшым гросмайстрам у гісторыі Італіі і ЗША. У 2014 року дасягнуў трэцяга ў гісторыі шахматнага рэйтынгу — 2844. У 2018 року перамог у турніры прэтэндэнтаў і стаў першым амэрыканцам пасьля Робэрта Фішэра, які атрымаў права пазмагацца за чэмпіёнскі тытул у аб’яднаных чэмпіянатах сьвету.
Фабіяна Каруана нарадзіўся ў Маямі ў італьянска-амэрыканскай сям’і[1][2]. Мае падвойнае грамадзянства Італіі і ЗША[3].
Калі Фабіяна было 4 гады, сям’я пераехала ў прадмесьце Парк-Слоўп (Бруклін, Нью-Ёрк). У пяцігадовым веку стаў займацца шахматамі ў рэфармісцкай юдэйскай кангрэгацыі Парк-Слоўпу і паўдзельнічаў у сваім першым турніры[3].
У 2004 року, у 12-гадовым веку, пераехаў з бацькамі ў Мадрыд дзеля працягу прафэсійнай шахматнай кар’еры і да 2015 року выступаў за Італію. З 2007 жыў у Будапэшце, з 2010 — у Люгана (Швайцарыя), з 2014 — у Сэнт-Люісе (Місуры, ЗША)[4].
У 2007 Фабіяна Каруана перамог на турніры ў Будапэшце з вынікам 7 пунктаў з 9, выканаў грасмайстарскі нарматыў у веку 14 гадоў, 11 месяцаў і 20 дзён, стаўшы наймаладзейшым гросмайстрам Італіі і ЗША, пераўзышоўшы рэкорд Хікару Накамуры[5]. У жніўні таго ж году Каруана перамог у прадстаўнічым турніры ў Влісынген (Нідэрлянды) з выніковым рэйтынгам 2715. У лістападзе-сьнежні Каруана стаў наймаладзейшым чэмпіёнам Італіі ў гісторыі, паказаўшы вынік 9½/11[6].
У студзені 2008 Каруана дэбютаваў у Вэйк-ан-Зэе і перамог у групе C зь лікам 10/13 і рэйтынгам 2696. У чэрвені выступіў за Італію на першай дошцы ў кубку Мітропы і стаў найлепшым першым гульцом з паказьнікам +6 (7½/9) і рэйтынгам 2810[7]. У лістападзе дэбютаваў на шахматных алімпіядах, і на першай дошцы набраў 7½/11 пунктаў з рэйтынгам 2696[8]. У лістападзе-сьнежні Каруана пасьпяхова абараніў чэмпіёнскі тытул у Італіі з паказьнікам +5 (8/11)[9].
У лютым 2008 Каруана быў запрошаны ў групу B турніру ў Вэйк-ан-Зэе і перамог у ёй з вынікам +4 (8½/13) і рэйтынгам 2751. Такім чынам ён стаў першым гульцом у гісторыі турніру, які двойчы запар здолеў перамагчы ў групах C і B. У траўні за італьянскую зборную ў кубку Мітропы набраў 6 пунктаў з 8 і атрымаў індывідуальны залаты мэдаль на першай дошцы. У лістападзе выступіў на кубку сьвету па шахматах у Ханты-Мансійску (Расея), дзе дайшоў да чацьвертага кола.
У сьнежні 2010 трэці раз стаў чэмпіёнам Італіі з паказьнікам 9 пунктаў з 11 гульняў, а праз год дасягнуў выніку 10/11.
У студзені 2012 ў групе A турніру ў Вэйк-ан-Зэе падзяліў 2-е месца з Магнусам Карлсэнам і Тэймурам Раджабавам[10]. У сакавіку фінішаваў першым на 27-м адкрытым чэмпіянаце Рэйк’явіку (Ісьляндыя) з паказьнікам 7½/9[11]. У ліпені перамог на 40-м Дортмундзкім турніры з вынікам 6/9[12].
У лютым-сакавіку 2013 Каруана перамог на Цюрыскім турніры з вынікам 4/6. У кастрычніку перамог на 7-м Каралеўскім турніры ў Бухарэсьце (Румынія) з вынікам 5/8 гульняў[13].
У чэрвені 2014 року Фабіяна Каруана ўзяў удзел у чэмпіянаце сьвету па рапідзе ў Дубаі (ААЭ), дзе з 10½ пунктамі з 15 гульняў заняў другое месца пасьля Магнуса Карлсэна і выйшаў на першую пазыцыю рэйтынгу ФІДЭ ў рапідзе з 2858 пунктамі[14]. У ліпені перамог на Дортмундзкім турніры з 5½ пунктамі з 7 магчымых, упершыню перасягнуўшы рэйтынг 2800[15]. У жніўні на XLI шахматнай алімпіядзе ў Трумсё (Нарвэгія) паказаў на першай дошцы вынік 6½ пунктаў з 9. У жніўні-верасьні з 8½ пунктамі з 10 гульняў перамог на Сэнт-Люіскім кубку (Місуры), паказаўшы рэйтынг 3080[16].
У студзені 2015 року Фабіяна Каруана заняў на турніры ў Вэйк-ан-Зэе сёмае месца з 7 пунктамі з 13. Перамога па выніках Гран-пры ФІДЭ вывела яго ў турнір прэтэндэнтаў[17]. У чэрвені-ліпені Каруана перамог на Дортмундзкім турніры з 5½ пунктамі з 7. У верасьні дайшоў да чацьвертага кола Кубка сьвету.
У студзені 2016 на турніры ў Вэйк-ан-Зэе падзяліў другое месца з Дзінам Лірэнем, набраўшы 8 пунктаў з 13. Пасьля гэтага ён выйшаў на 3-е месца сусьветнага рэйтынгу. У сакавіку ўзяў удзел у турніры прэтэндэнтаў у Маскве (Расея), дзе ў апошнім туры саступіў Сяргею Каракіну і фінішаваў другім[18]. У красавіку ўпершыню заваяваў тытул чэмпіёна ЗША, набраўшы 8,5 пунктаў у 11 гульнях. У верасьні выступіў за зборную ЗША на XLII шахматнай алімпіядзе і атрымаў бронзавы мэдаль у індывідуальным заліку на першай дошцы, а таксама камандны залаты мэдаль.
2017 год Фабіяна Каруана пачаў на другім месцы ў сьвеце з рэйтынгам 2827, аднак сэрыя няўдачаў на турнірах адкінула яго на 4-е месца, а ў жніўні рэйтынг і ўвогуле ўпаў ніжэй за 2800-ю адзнаку ўпершыню з красавіка 2016 року. На Кубку сьвету ён дайшоў да 3-га кола. У сьнежні Каруана выйграў свой адзіны турнір у гэтым годзе, перамогшы на Лёнданскім турніры з вынікам +3-0=6.
У студзені 2018 Каруана скончыў турнір у Вэйк-ан-Зэе на 11-м месцы з вынікам 5/13[19]. У сакавіку ён перамог на турніры прэтэндэнтаў з вынікам 9/14 і атрымаў права ўдзелу ў турніры на званьне чэмпіёна сьвету супраць Магнуса Карлсэна[20]. У сакавіку-красавіку Каруана перамог на турніры «Грэнке» з вынікам 6½/9 (+4-0=5)[21], што вярнула яго на другі радок сусьветнага рэйтынгу. У красавіку ён заняў другое месца на чэмпіянаце ЗША з вынікам 8/11 (+6-1=4)[22]. У чэрвені перамог на VI Нарвэскім турніры з вынікам 5/8 (+3-1=4).
Папярэднік Мікеле Гадэна |
Чэмпіён Італіі 2007—2008 |
Наступнік Лексі Артэга |
Папярэднік Лексі Артэга |
Чэмпіён Італіі 2010—2011 |
Наступнік Альбэрта Давід |
Папярэднік Хікару Накамура |
Чэмпіён ЗША 2016 |
Наступнік Ўэсьлі Со |