Францішак Багушэвіч лац. Francišak Bahuševič | |
Франці́шак Бэнэды́кт Багушэ́віч | |
Францішак Багушэвіч, 1880-я гг. | |
Асабістыя зьвесткі | |
---|---|
Псэўданімы | Мацей Бурачок, Сымон Рэўка з-пад Барысава |
Нарадзіўся | 9 (21) сакавіка 1840 |
Памёр | 15 (28) красавіка 1900 (60 гадоў) |
Пахаваны | |
Род | Багушэвічы |
Бацькі | Казімер с. Юзафа Багушэвіч Канстанцыя Галаўня |
Жонка | Габрыеля Міхайлаўна Шклёнік |
Дзеці | Тамаш, Канстанцыя |
Літаратурная дзейнасьць | |
Род дзейнасьці | клясык беларускай літаратуры, паэт, адвакат |
Мова | беларуская мова і польская мова |
Узнагароды | |
Творы на сайце Kamunikat.org | |
Франці́шак Бэнэды́кт Багушэ́віч (псэўданімы: Мацей Бурачок, Сымон Рэўка з-пад Барысава; 21 сакавіка [ст. ст. 9 сакавіка] 1840 — 28 красавіка [ст. ст. 15 красавіка] 1900) — беларускі паэт, адзін з удзельнікаў нацыянальна-вызвольнага паўстаньня 1863—1864 гадоў[1][2]. Прадстаўнік грамадзкае думкі Беларусі, адзін з пачынальнікаў новай беларускай літаратуры, ейны клясык[3].
Літаратурная творчасьць і грамадзкая дзейнасьць Францішка Багушэвіча абуджалі нацыянальную самасьвядомасьць беларусаў. Ягоная ідэйная спадчына стала фундамэнтам ідэалёгіі беларускага нацыянальна-вызваленчага руху пачатку XX стагодзьдзя.
Францішак Багушэвіч нарадзіўся ў фальварку Сьвіранах, каля Вільні (сучасная Летува) у сям’і выхадцаў з дробнай шляхты Казімера і Канстанцыі (у дзявоцтве — Галаўня) Багушэвічаў. Доўгі час лічылася, што двор гэты арандаваўся бацькам паэта. Але Сьвіраны належалі Галаўням, з роду якіх паходзіла маці, Канстанцыя. Яна і паехала да сваіх бацькоў-дзядоў нараджаць ім чарговага ўнука (першым быў сын Уладзіслаў-Антон, старэйшы за Францішка на чатыры гады)[4].
У пэрыяд паміж 1841 і 1846 гадамі сям’я перабралася ў спадчынны маёнтак Кушляны Ашмянскага павету, які належаў Багушэвічам зь сярэдзіны XVIII ст. Паводле купчай, запісанай у актавыя гродзкія кнігі Ашмянаў 13 сакавіка 1749 году, продак паэта Антон Багушэвіч за 450 польскіх злотых «набыў маёнтак Кушляны або Мігуцяны» зь сялянамі ад Кунцэвічаў.
Перш чым прапісацца на Ашмяншчыне, род Багушэвічаў на пачатку XVIII ст. абжываўся ў Полацкім ваяводзтве. Паводле архіўных матэрыялаў, 7 чэрвеня 1729 году Міхал Савіцкі падпісаў дарчую, згодна зь якой маёнтак Шкірлава або Бароўшчына зь вёскамі Хвашчаны і Мышкавічы (разам зь сялянамі) у Полацкім ваяводзтве падараваў швагру свайму Юрыю Аўгусьцінаву Багушэвічу і яго сыну Казімеру, а іншых яго сыноў Антона і Францішка Багушэвіча «грашыма адарыў».
Продкі Францішка Багушэвіча перабіваліся ня толькі зь зямельнага арандатарства, але служылі і ў войску (прадзед Казімер у 1783 году атрымаў годнасьць ротмістра Ашмянскага павету, Аляксандар стаў ротмістрам Літоўскай кавалерыі). Бацька ж паэта жыў выключна зь зямлі і паводле «ўводнага акта» ад 1 ліпеня 1837 году стаў валодаць маёнткам Кушляны з 34 сялянскімі душамі.
Родзічы паэта яшчэ ў канцы XVIII ст. (паводле рэвізіі 1795 году) былі запісаныя шляхтай Віленскай губэрні, а ў 1830 і 1845 іх шляхецкія прывілеі пацьвердзіў сэнат геральдыі. Уладзіслаў Антон (1835 году нараджэньня), Францішак Бэнэдыкт (1840 году нараджэньня), Валяр’ян Язэп (1841 году нараджэньня) і Апалінар (1846 году нараджэньня), сыны Казімера і Канстанцыі Багушэвічаў былі запісаныя ў першую кнігу мясцовай геральдыі[5]. Першым вядомым продкам быў Яраслаў Багушэвіч (у 7-м калене), які ў 1570-я гады валодаў трыма маёнткамі ў Ашмянскім павеце — Караваеўшчына, Камароўшчына і Гладаўшчына[6].
Дзіцячыя гады пісьменьніка прайшлі ў асяродзьдзі блізкім да сялянскага.
Пачатковую адукацыю Ф. Багушэвіч атрымаў у Віленскай гімназіі[7], якую скончыў 26 ліпеня 1861 году. Пасябраваўся з Тытусам Далеўскім, Юльянам Чарноўскім, зь якімі навучаўся ў адной клясе, таксама зь Вінцэнтам Віткоўскім, Канстантынам Далеўскім, Зыгмунтам Мінейкам, якія сталі пазней актыўнымі ўдзельнікамі паўстаньня 1863—1864 гадоў і аказалі ўплыў на станаўленне светапогляду Багушэвіча. Падчас навучаньня асаблівую цікавасьць выказваў да славянскіх моваў, матэматыкі і заканадаўства. Яшчэ гімназістам Ф. Багушэвіч не застаўся абыякавым да гісторыі і культуры краю, усталяваў сувязі з музэем старажытнасьцяў у Вільні, перадаўшы туды ў 1865 годзе некалькі прадметаў краязнаўча-археалягічнага характару[a][8].
У тым жа годзе паступіў у Пецярбурскі ўнівэрсытэт на фізыка-матэматычны факультэт[7], аднак праз 2 месяцы быў выключаны за ўдзел у студэнцкіх хваляваньнях[7][b].
Вярнуўся на радзіму, працаваў настаўнікам у в. Доцішкі[7] Лідзкага павету (цяпер — Вярэнаўскі раён) у школцы, адкрытай уладальнікам маёнтка Аляксандрам Зьвяровічам. Быў сябрам асьветніцкай арганізацыі «Пянтковічы». Супольна з Яўстахам Чарноўскім і іншымі сябрамі гуртку Пянтковічы ў Ашмянах арганізаваў «Бібліятэку ашмянскай моладзі», напісаў статут Бібліятэкі ашмянскай моладзі[9].
Актыўны ўдзельнік паўстаньня 1863—1864 гадоў, быў паранены ў баі ў Аўгустоўскіх лясах[7]. Яго бацька, сястра і брат Апалінар дапамагалі рэвалюцыянэрам.
Ратуючыся ад рэпрэсіяў, вымушаны быў хавацца, а потым пераехаў ва Ўкраіну. 7 траўня 1865 году ён падаў заяву з просьбай аб навучаньні ў Нежынскім юрыдычным ліцэі[7]. Яго прашэньне аб вызваленьні ад аплаты за навучаньне не было задаволенае «з прычыны браку вакансіяў». Нежын быў абраны Багушэвічам невыпадкова: падчас яго вучобы тут працаваў старшым лектарам родзіч па маці Аляксандар Галаўня. Новасьпечаны ліцэіст імкнуўся зарабляць на жыцьцё рэпэтытарствам.
Вучоба скончылася 26 ліпеня 1868 г. 17 жніўня, калі Багушэвічу выпісвалі атэстат, ён ужо знаходзіўся на службе ў Чарнігаве, адкуль у 1869 г. перавёўся ў Кралявецкі павет (цяпер Сумская вобласьць) судовым сьледчым. Праз два гады (за гэты час ён папрацаваў у Старадубскім павеце) зноў быў у Чарнігаве[7], але не затрымаўся надоўга, яшчэ раз зьмяніўшы месца працы: 21 ліпеня 1871 г. загадам Міністэрства юстыцыі ён быў прызначаны судовым сьледчым у Гразявецкі павет Валагодзкай губэрні. Праз год ён вяртаецца ва Ўкраіну, каб сем месяцаў папрацаваць старшым сьледчым Барзьнянскага павету і перайсьці на службу ў Канатоп[7].
У 1883 годзе каранацыя новага імпэратара Аляксандра III суправаджалася шырокай амністыяй: тысячы паўстанцаў, у тым ліку Багушэвіч, вярнуліся на радзіму. 2 лютага 1884 годзе ён падаў прашэньне ў Нежынскі акруговы суд з просьбай звольніць з службы — фактычна, пайсьці ў адстаўку. Кавалер ордэна Сьв. Станіслава 3-й ступені, калескі саветнік, падарваў да гэтага часу здароўе, не нажыў капіталу і пад старасьць спрабаваў зарабляць прыватнай адвакацкай практыкай. 25 сакавіка Ф. Багушэвіч вяртаецца ў горад сваёй маладосьці — Вільню[7]. Цяпер ужо не адзін, а з жонкай Габрыеляй з дому Шклёнікаў, мянчанкай, зь якой узяў шлюб у 1874 г., меў дачку Канстанцыю (Туньку) і сына Тамаша Вільгельма[10].
У Вільне жыў у доме Казлоўскага пры вуліцы Конскай (па-летувіску: Arklių gatvė), 18[11]. Працаваў у судовай палаце. Асноўнымі кліентамі яго былі сяляне і гарадзкая бедната. У Вільні актыўна браў удзел у грамадзкім і культурым жыцьці[12]. Менавіта ў віленскі пэрыяд разгарнулася яго літаратурная і публіцыстычная дзейнасьць. У 1885-1891 гадах Францішак Багушэвіч пісаў артыкулы ў часопіс «Kraj» («Край») па-польску пад псэўданімамі B. Huszicz, Demon, Ten, A.D., дасылаў у часопіс этнаграфічныя матэрыялы[13]. Публікаваўся таксама ў варшаўскім часопісе «Wisła» («Вісла»), з рэдактарам якога Янам Карловічам быў знаёмы з часоў паўстаньня[14].
Дарункам лёсу была для Францішка Багушэвіча спадчына, атрыманая ім пасьля сьмерці варшаўскага сваяка Тадэвуша ў 1896. Паэт здолеў разьлічыцца з пазыкамі, адбудаваць нанова занядбаную бацькоўскую сядзібу ў Кушлянах[15]. У 1897 годзе стаў сябрам юбілейнага камітэту па ўшаваньні памяці Адама Міцкевіча, творчасьць якога шанаваў і лічыў песьняром зямлі беларускай, ў Вільні[16]. 20 траўня 1898 Ф. Багушэвіч напісаў заяву на фактычнае вызваленьне ад абавязкаў прысяжнага паверанага пры Віленскім акруговым судзе. Ён кінуў службу ў царскім судзе, дзе насьпеў востры канфлікт зь некаторымі калегамі і начальствам, каб аддацца творчай працы[17].
Пасьля звальненьня жыў у в. Кушляны (цяпер Смаргонскі раён), дзе і памёр. Пахаваны ў вёсцы Жупраны Ашмянскага раёну.
Вытокі творчасьці Ф. Багушэвіча ў грамадзкім жыцьці Беларусі, цесна зьвязаныя з фальклёрам, а таксама з найлепшымі эстэтычнымі традыцыямі славянскай паэзіі.[18]
Першымі вядомымі паэтычнымі спробамі Францішка Багушэвіча лічаць знойдзеныя ў Львове вершы на польскай мове: «Новы 1886 год», «Прывід надзеі», «Хто гэта?» («Nowy rok 1886», «Widmo nadziei», «Kto to?»), напісаныя ў 1885—1886 гадох. Верш «Nowy rok 1886» — узор альбомнай лірыкі сярэдняга гатунку; верш «Kto to?» уяўляе сабой палітычную сатыру на аднаго з тагачасных дзяржаўных мужоў — магчыма Бісмарка. І толькі «Widmo nadziei» вылучаецца сваім настроем і ўзьлётам духу, як філязофская спроба асэнсаваць высокія паняцьці чалавечага быцьця. У архіве Я. Карловіча захаваўся аўтограф байкі Ф. Багушэвіча на беларускай мове «Воўк, ягня, авечка» (па зьместу, 1886). Відаць, польскамоўныя спробы паэта не на шмат апярэджвалі беларускамоўныя.[19]
Першае вядомае публічнае выступленьне Багушэвіча-літаратара адбылося 4 красавіка 1885 на старонках польскага часопісу «Край» («Kraj»), што выдаваўся ў Пецярбурзе. Віленскі карэспандэнт пісаў пра эканамічны крызыс, гаспадарчае жыцьцё і судовую практыку ў Паўночна-Заходніх губэрнях. За сем гадоў (1885—1891) «Край» зьмясьціў больш за паўсотні артыкулаў і нататак, якія дасылаў Францішак Багушэвіч, падпісваючы іх рознымі псэўданімамі: Huszicz (утворана ад скарачэньня прозьвішча), Ten, Tamten, Demos і інш. Яго віленскія допісы саркастычныя і балюча-праўдзівыя, статыстычна-інфармацыйныя і ярка публіцыстычныя. Празь іх выкоўвалася, сталела, удасканальвалася майстэрства Багушэвіча-публіцыста. Выступленьні Ф. Багушэвіча на старонках «Краю» ў канцы 1880-х спыніліся і амаль канчаткова перарваліся. Разрыў супрацоўніцтва трэба разумець як нежаданьне пісьменьніка падтрымліваць згодніцкую палітыку, да якой схіляліся польскія лібэральныя дзеячы.[20]
Увосень 1891 году ў Кракаве выходзіць першы зборнік паэта «Дудка беларуская» пад псэўданімам Мацей Бурачок. Пры жыцьці паэта пад псэўданімамі былі надрукаваныя вершаваны зборнік «Смык беларускі» (Познань, 1894) і апавяданьне «Тралялёначка» (Кракаў, 1892).
Лёс іншых твораў Багушэвіча — зборнікаў «Скрыпачка беларуская» і «Беларускія апавяданьні Бурачка» дагэтуль нявысьветленыя. У некаторых нэкралёгах па аўтару згадвалася, што кніжка пасьпела выйсьці ў сьвет і нават з партрэтам аўтара, але ніводнага асобніка выданьня дагэтуль ня выяўлена. Польскі літаратар Люцыян Узембла ў адным з сваіх артыкулаў напісаў нават пра зьмест «Скрыпачкі»: «Складаюць яе выдатныя творы, напісаныя таленавіта: маналёгі байка, сялянская элегія, зьедлівая аповесьць»[21].
У 1906 годзе выдавецтва «Загляне сонца і ў наша ваконца» паведамляла на старонках «Нашай Нівы», што ў хуткім часе зьбіраецца выдаць «Скрыпачку», але ўрэшце, гэта так і не было зроблена. Пра тое, што рукапіс «Скрыпачкі» меў прафэсар Браніслаў Эпімах-Шыпіла, захавалася нямала сьведчаньняў, найбольш аўтарытэтнае сярод якіх — сьведчаньне яго асабістага знаёмага прафэсара Міхаіла Піятуховіча. Пасьля высылкі Эпімах-Шыпілы ў пачатку 1930-х гадоў. зь Менску ў Ленінград, лёс рукапісу невядомы. Ва ўсялякім выпадку, у Беларускую акадэмію навук рукапіс ня быў перададзены разам зь яго бібліятэкай[c][22].
Акрамя «Скрыпачкі беларускай», не дайшоў да нас таксама і зборнік «Беларускія апавяданьні Бурачка», які за год да сьмерці паэта быў здадзены ў Віленскую губэрнскую друкарню. «Наша ніва» друкавала апавяданьні менавіта з гэтага зборніка[23].
Выступаючы ад імя ўсяго працоўнага беларускага народу, Францішак Багушэвіч быў пераважна ідэалягічным прадстаўніком сялянства. Зь сялянствам, а таксама з дэмакратычнай інтэлігенцыяй зьвязваў ён свае вызваленчыя ідэалы. Жывымі і яркімі паўсталі ў яго творах вобразы сялянаў Аліндаркі («Кепска будзе»), Петрука Пантрука («У судзе»), Ануфрыя Скірдзеля («Баляда»), Мацея («Хрэсьбіны Мацюка») і інш. Сацыяльныя пытаньні востра ставяцца ў вершах «Бог ня роўна дзеле», «Не цурайся», «Ахвяра». Цыкл «Песьні» (зборнік «Смык беларускі») — узор выкарыстаньня беларускай народнай песьні і насычэньня яе сацыяльным і філязофскім зьместам. З болем чуючы, як «зьвякаюць ланцугі на людцах», з смуткам гледзячы на «зямельку сьлязьмі залітую», паэт верыў у часіну, калі «перастанем плакаць мы над сваёй доляй».[21].
Багатая і разнастайная яго спадчына ў жанравых адносінах: паэма («Кепска будзе!»), вершаванае апавяданьне, блізкае формай да гутарак («У астрозе», «Быў у чысцы», «Свая зямля»), публіцыстычны маналёг («Мая душа», «Дурны мужык, як варона»), філязофскі роздум («Праўда», «Думка»), верш-прысьвячэньне («Яснавяльможнай пані Арэшчысе»), байка («Воўк і авечка»), сатыра («Праўдзівая гісторыя аб замучаным дукаце»), апрацоўка народнай казкі («Хцівец і скарб на сьвятога Яна») і інш. Ф. Багушэвічу належаць і першыя ў беларускай літаратуры празаічныя творы. Апавяданьні «Сьведка», «Палясоўшчык», «Дзядзіна» зьместам і формай зьвязаныя з народнай гумарэскай; «Тралялёначка» бліжэй да літаратурнай традыцыі, тут увасобленае расслаеньне беларускай вёскі, вясковыя багацеі, што прыйшлі на зьмену радавітым панам[21].
У творчасьці Ф. Багушэвіча таленавіта спалучаныя гісторыка-філязофскае і мастацкае асэнсаваньне лёсу беларускага народу, ва ўвесь голас гучаць матывы нацыянальнага адраджэньня. Палітычнае і грамадзкае крэда паэта найбольш выразна выказанае ў прадмове да зборніка «Дудка беларуская», дзе выкладзеныя погляды на беларускую мову як на мову «нам ад Бога даную», «для нас сьвятую». Ф. Багушэвіч лічыў мову «адзежай душы», асновай існаваньня нацыі, клікаў шанаваць родную мову, «каб ня ўмерлі». У прадмове акрэсьленыя вехі гісторыі краю з часу ВКЛ, у якім Беларусь была «як тое зярно ў гарэху», прыблізна вызначана яе тэрыторыя («ад Вільні да Мазыра, ад Віцебска за малым не да Чарнігава, дзе Горадня, Менск, Магілёў, Вільня і шмат іншых мястэчак і вёсак…»)[24].
Сьветапогляд і ідэйныя перакананьні адлюстроўвалі насьпелыя патрэбы нацыянальнага адраджэньня і разьвіцьця народаў, пазбаўленых сваіх сувэрэнных правоў на самастойнае грамадзкае і духоўна-культурнае існаваньне, адбудову сваёй дзяржавы. У публіцыстычных прадмовах (напрыклад, да зборніка «Дудка беларуская») і праграмных вершах Ф. Багушэвіча выказаныя асноватворныя прынцыпы ідэалёгіі нацыянальнага вызваленьня. Праблему мовы ён вылучае як асноўную праблему нацыянальнага жыцьця, лічыў нацыянальную мову найважнейшай формай выяўленьня духоўнасьці народу, найбольш устойлівай, асноўнай прыкметай нацыі.
Моцным і шматгранным было ідэйна-творчае ўзьдзеяньне Ф. Багушэвіча на пасьлядоўнікаў. Яго спадчыну насьледавалі ў сваёй творчай дзейнасьці А. Гурыновіч, Цётка, Я. Купала, Я. Колас, Я. Ціхінскі.
Багушэвіч пісаў і друкаваў свае творы лацінкай[d][25]. Цяпер яны выдаюцца кірыліцаю, таму сучасны чытач ня можа ўявіць усіх асаблівасьцяў Багушэвічавага пісьма, спосабы перадачы паэтам беларускай фанэтыкі лацінкай. Так, зваротная часьціца -цца перадаецца як -tca — zdajetca, razlijetca, śmiajetca (у рукапісах паэта часьціца гэтая пасьлядоўна пішацца -cca, але пры наборы «Дудкі беларускай» яе ня стала). Мяккае беларускае в (вясёлы, весела, вясельле) у Багушэвіча цьвёрдае — wasoły, wasoła, wasele. На радзіме Багушэвіча, у Кушлянах, прынамсі так і гавораць. Зь яго родных гаворак і форма miłości (мілосьці), radości (радосьці); дыялектныя канчаткі ў давальным і месным склонах у назоўнікаў першага скланеньня: awieczca, na dudca, pry darożce, u chatce, pa reczca. У друкаваных лацінкаю творах амаль не перадаецца падаўжэньне зычных: hranie, powitanie, zboże (выключэньне — plamienniach, zdarennie). Пад уплывам польскай мовы альбо дыялектаў Багушэвіч піша: afiara — сучаснае ахвяра, afiarujuczy (ахвяруючы), fala (хваля); часам не перадае дзеканьне: dwie, dmie («Хрэсьбіны Мацюка»), razadmie, ledwie («Сватаны»); непасьлядоўна ўжывае прыстаўное w: u wastrozie, nawuki — nauki, wajczym — ajczym («Дурны мужык, як варона»). Больш-менш пасьлядоўна перадае Багушэвіч мяккасьць зычных перад наступным зычным: aśminki (асьмінкі), imość (імасьць), gości (госьці), адмоўе не як ня: niaznaisz, niawiedaisz. Лацінская графіка дазваляла Багушэвічу перадаваць выбухное г: szmygnuŭ.
Мова пісьменьніка ўвабрала ў сябе важныя стыхіі ўсяго нацыянальнага, пачынаючы ад гукавога афармленьня лексычных адзінак і канчаючы структурай фразы. Найбольш значная рыса Багушэвіча-мастака — пранікненьне ў глыбіні слова, раскрыцьцё яго гістарычна абумоўленых сэнсавых і гістарычных адценьняў, дзякуючы якім яно становіцца першаэлемэнтам літаратуры, ёмістай характаралягічнай дэтальлю пры абмалёўцы пэўных зьяваў рэчаіснасьці, прадметаў, а таксама пры стварэньні вобразаў.
Галоўны герой у літаратурнай спадчыне пісьменьніка — селянін, таму аўтар «надзвычай сьмела і зь непараўнальнай дасканаласьцю стылізаваў мову сваіх твораў пад мову апавядальніка селяніна, дасягаючы пры гэтым глыбокага адзінства формы і зьместу» [26]. Мастак цалкам прытрымліваецца народнай эстэтыкі слова, імкнецца да максымальнай сэнсавай самастойнасьці кожнай моўнай адзінкі. Вось, напрыклад, некаторыя дзеясловы: Каб жыта ўдалося («Мая дудка»); Па судах агалеў («Як праўды шукаюць»); Унадзіўся надта ён [ураднік] лазіць па хатах («У судзе»). Трапнасьць выдзеленых словаў абумоўленая глыбокім веданьнем жыцьця, назіральнасьцю і вопытам пісьменьніка.
На народную словатворчасьць зарыентаваныя ў мове Багушэвіча афіксальныя і бязафіксныя ўтварэньні. Ён ужывае чыста фальклёрныя, народна-паэтычныя формы словаў з суфіксамі суб’ектыўнай ацэнкі: Хмаркі цёмныя, мае братанькі // Вецер гоне вас без дарожанькі, // І нідзе ж для вас няма хатанькі..// адпачнеце аж у Божанькі («Хмаркі»). Словы з суфіксамі суб’ектыўнай ацэнкі сустракаюцца і ў празаічных творах (у апавяданьні «Трылялёначка» — паненачка, сіротачка, кузынка, кузінятачка, дзіцятка, цяньклявенкая, драбнюсенькая і інш.).
Лёгка і натуральна ўпісваюцца ў агульную моўную палітру твораў Багушэвіча дзеяслоўныя ўтварэньні тыпу: закасіўся, заараўся: Да навукі ён не браўся // Закасіўся, заараўся («Дурны мужык, як варона»); Пераеўся хлеб да крышкі («Кепска будзе»). Хораша служаць майстру слова гукапераймальныя дзеясловы-выклічнікі, якія абазначаюць імгненнае аднаразовае дзеяньне: Калі дзьверы «скрыпель». а я «шусьць» празь людзей, // Ды на двор, ды ў карчму, да кабылы барзьдзей («У судзе»); Аж пан хап за рукі, трэсь мяне па твары («Скацінная апека»). Імкнучыся максымальна прыблізіць мову сваіх твораў да мовы селяніна, Багушэвіч шырока выкарыстоўвае прастамоўную лексыку з грубаватай эмацыянальнай афарбоўкай: А брахаў дык брахаў і сябе ўсё хваліў («У судзе»); Морду круце набок і за кудлы трасе («Быў у чысцы»). падобныя лексычныя адзінкі былі патрэбныя аўтару, як архітэктурная дэталь у збудаваньні, — гэта ўзоры народнай словатворчасьці, заснаваныя на канкрэтна-пачуцьцёвым, а не паняційным успрыманьні рэчаіснасьці, таму і абагульненьні ў такой мове мастацка-вобразныя, а не абстрактна-паняційныя.
Усё самае выразнае і лепшае ўвабраў пісьменьнік з народных моўных глыбіняў, з фальклёру[27]. Гэта традыцыйна-народныя эпітэты: Той куртаты зашчыт, як кадзіла, памог («У судзе»); А кума ж была праворна («Кепска будзе»); разгалінаваная сыстэма мэтафараў: Бедна ж мая хатка расьселася з краю («Мая хата»); [Гора] улезла ў хату («Гора»); каб умеў кіраваць я пяром («Не цурайся»); мэтанімія і сынэкдаха: Тут кажух. і шынель, і бурнос, лапсардак, // І сурдут, і мундзір… («У судзе»).
Ф. Багушэвіч часта карыстаўся параўнаньнем. Амаль у кожны верш ці апавяданьне ён увёў трапныя і арыгінальныя параўнаньні. Сярод іх, як і ў фальклёры, пераважаюць г. зв. лякальныя адзінкі, пабудаваныя на супастаўленьні з зьявамі і прадметамі навакольнага жыцьця: Каб скакалі горы…// Як паны на балі («Мая дудка»); Скрабуць шкуру нажом, як на боты тавар («Быў у чысцы»). Большасьцю параўнаньняў мастак падкрэсьліваў існасьць сацыяльнай вобразнай псыхалёгіі. Паэт спачувае селяніну, які маркотны, як магіла («Кепска будзе»); цянюсенькі, як той кнот («Бог ня роўна дзеле»); паважае чалавека працы, што пры спрыяльных умовах гэтак жа, як і пан, кніжку б счыркаў, як папар («не цурайся»). Гнеўную, сатырычную накіраванасьць маюць аўтарскія параўнаньні пры абмалёўцы пана, у якога рукі, як падушкі, // Як кісель дрыжыць жывот («Бог ня роўна дзеле»), кашуля…// як той сьнег, як папер («Не цурайся»). Багушэвіч выкарыстоўвае менавіта такія параўнальныя звароты, якія ў цесным узаемадзеяньні зь іншымі моўнымі сродкамі набываюць дадатковыя сэнсавыя адценьні.
Шырока прадстаўлены ў творах Ф. Багушэвіча фразэалягізмы, якія надаюць мове сакавітасьць, нацыянальную самабытнасьць. Пераважаюць агульнавядомыя ўстойлівыя словазлучэньні зь ярка выражаным прастамоўным адценьнем: У сьведкі ўлезьці, ні села — ні пала («Як праўды шукаюць»); Зборшчык, як дым той, лезе ў вочы («Баляда»). Часам у творы арганічна ўключаюцца прыказкі і прымаўкі, утвараючы адпаведны стылявы калярыт: Смачны жабе гарэх, бо зубоў Бог не даў («У судзе»). Глыбока авалодаўшы фразэалягічнымі скарбамі роднай мовы, паэт ня толькі выкарыстаў гатовае, але і сам стварыў афарыстычныя выслоўі: І авечка, хоць дурная, // А воўка ж пазнае! («Воўк і авечка»); Не надта ж свабодна ў гэтай свабодзе («Быў у чысцы»).
Багацьце мовы Багушэвіча ярка праяўляецца ў сынаніміцы. Выкарыстоўваючы цэлую сыстэму найменьняў прадметаў і зьяваў, аўтар робіць мову дынамічнай, калярытнай. Слова селянін мае эквіваленты — мужык, наш брат, гаспадар, браце мой, братцы, бядота, дзеці Зямлі-маткі. Надзвычай багатая ў пісьменьніка дзеяслоўная сынанімія. Два і больш блізкія па значэньні словы, а таксама словазлучэньні пісьменьнік часта разьмяшчае адно за адным (градацыя) ці празь некалькі лексычных адзінак, каб узмацніць сэнсавае ці эмацыянальна-экспрэсіўнае значэньне: Іх, закіпеў той князь, аж зароў, // Аж вылупіў вочы, счырванеў ён, як кроў… («Хрэсьбіны Мацюка»); Каб душа балела, гледзячы на долю, // Каб сэрца шчымела і рвалася з болю? («Праўда»).
Паўтор словаў, словазлучэньняў і сказаў — адзін з эфэктыўных сынтаксычных прыёмаў у мове мастацкіх твораў. У Багушэвіча ён сустракаецца неаднаразова: Гаварыў, гаварыў, ажно піць захацеў («У судзе»); А ўсе піша, піша, піша // І нагой усё калыша, // Пісаў, пісаў, даў другому («Кепска будзе») і інш. Пісьменьнік выкарыстоўваў традыцыйна-фальклёрныя прыёмы двух- або трохразовага паўтору для ўзмацненьня экспрэсіі выказваньня, падкрэсьліваньня лейтматыву якой-небудзь думкі ці ідэі. У некаторых вершах ён цалкам арыентаваўся на фальклёрныя ўзоры (напрыклад, «Песьні» з зборніка «Смык беларускі»). Тут спэцыфічныя для фальклёру рытарычныя фігуры, словазлучальныя структуры, вонкавыя афармленьні, жывыя размоўныя інтанацыі — найважнейшыя элемэнты эстэтыкі пісьменьніка.
Ф. Багушэвіч жыў і пісаў у той час, калі яшчэ не былі выпрацаваныя адзіныя агульнанацыянальныя моўныя нормы. У яго творах, як і ў творах іншых пісьменьнікаў 2-й паловы ХІХ ст., яскрава адлюстраваліся агульныя заканамернасьці разьвіцьця беларускай літаратурнай мовы. Побач з агульнаўжывальнай лексыкай сустракаюцца тэрытарыяльна абмежаваныя словы: наўда (карысьць), ройсты (кусты на балоце), ляк (страх), цёнгле (заўсёды), гілёс (балота) і іншыя. Сустракаюцца таксама непасьлядоўныя напісаньні, нематываваныя запазычаньні, адхіленьні ад агульнапашыраных фанэтычных і марфалягічных зьяваў.[28]. Тым ня менш, трэба прызнаць, што творчасьць Багушэвіча ў значнай ступені спрыяла працэсу разьвіцьця беларускай мовы.
Дзякуй табе, браце, Бурачок Мацею, |
Адам Гурыновіч. «Дзякуй табе, браце, Бурачок Мацею». |
Дасьледнік гісторыі беларускага нацыянальнага руху ў XIX — пачатку XX ст. Павал Церашковіч лічыць, што Багушэвіч сфармуляваў беларускую нацыянальную ідэю ці ня ў самай радыкальнай форме. Прадмову да «Дудкі» можна лічыць тыповым нацыянальным маніфэстам.[29]
На думку беларускага гісторыка Алеся Смаленчука літаратурная дзейнасьць Багушэвіча моцна паўплывала на афармленьне беларускай культурнай традыцыі. Яго з поўным правам можна назваць адным з тых «філялягічных падбухторшчыкаў», ролю якіх у нацыянальных працэсах вельмі ацэньваў Бэнэдыкт Андэрсан[30]
Вядомы беларускі дзеяч ксёндз Адам Станкевіч напісаў наступнае[31][e]:
Ф. Багушэвіч памёр, як ведаем, у 1900 г. Год гэты сапраўды сымбалічны. Год гэты — гэта рубеж, мяжа, ад якой пачынаецца новы XX век — новы ў рахунку часу і новы ў жыцці беларускага народу. Ф. Багушэвіч, адходзячы на той свет, пакінуў свайму народу тэстамант ягонага адраджэньня.
Ф. Багушэвіч падабраў жывыя расткі беларускага жыцця з XIX ст., агледзеў іх: прышчапіў на цалком новы, сведама нацыянальны і адраджэнскі грунт. Даканаў ён гэтага ў сваей несьмяротнай «Беларускай дудцы» і «Беларускім смыку». Ф. Багушэвіч, у працівенстве да сваіх многіх папярэднікаў, ужо ад народу не аддзяляецца сваей клясавасьцяй-шляхоцкасьцяй, а чуецца з народам нечым адным, цалком супольным і неразьдзельньм. Для яго мова беларуская — гэтаўжо ня мова «kmiotków» але мова беларуская такая, «як і кожная іншая», мова самастойная, а да народу ён ня кажа ўжо «вы і ваша мова», але «мы і мова наша». Словам, Ф. Багушэвіч ужо цалком зьліваецца з народам, ад імя яго гаворыць, ды больш таго — ён у творах сваіх сам народ гаварыць аб сабе змушае. У творах Багушэвіча мы ўжо спатыкаем думкі аб ідэале поўнага беларускага адраджэньня, як палітычна-грамадзкага, так і культурна-нацыянальнага. І калі аб гэтых ідэалах не напісана там выразна, дык думкі аўтара, лягічна іх развіваючы і ў іх унікаючы, на гэта паказваюць цалком ясна. У аснову гэтага беларускага адраджэнскага ідэалу Багушэвіч кладзе прадусім адраджэньне нацыянальна-культурнае «Не пакідайце мовы нашай беларускай, каб ня ўмёрлі», — кажа ён. Кліч гэты беларускага Патрыярха быў пачуты шырока. «Дудка» і «Смык», выдаваныя дзеля цэнзурных прычын ня ў краю, а за граніцай, шырока расходзіліся па шэрых беларускіх вёсках, будзячы і ўсведамляючы цёмных сыноў іх да сведама нацыянальнага жыцця. «Дудка» і «Смык» — гэта былі бадай адзіныя беларускія кніжкі, якія служылі. абуджэньню ў народзе яго нацыянальнай сведамасьці ў першьм дзясятку XX ст. Уся, бадай без выняткаў, беларуская інтэлігенцыя ў гэтым часе нацыянальна ўсведамлялася дзякуючы Багушэвічавай «Дудцы» і «Смыку». І сяньняшнія многія старыя дзеячы на ніве беларускага адраджэньня сведамасьць сваю вядуць пераважна ад тых жа Багушэвічавых кніжак. |
||
Міхал Эльвіра Андрыёлі намаляваў алейны партрэт Францішка Багушэвіча й яго жонкі.[32][33].
Знакаміты віленскі літаратурны й мастацкі крытык Напалеон Роўба пісаў, што творчасьць Францішка Багушэвіча вельмі прыгадвае лірыку Уладзіслава Сыракомлі[34].
Сябар Багушэвіча Зыгмунт Нагродзкі, які меў краму сельскагаспадарчых прыладаў у Вільні, надзяляў «Дудкай беларускай» сваіх пакупнікоў-сялянаў[21].
Будучы кіраўнік польскай дзяржавы Юзэф Пілсудзкі ў маладосьці асабіста кіраваў кантрабандай «Дудкі беларускай» з Кракава на Беларусь[35]. Антон Луцкевіч потым узгадваў:
У 1893 ці 1894 г. атрымаў Нагродзкі, які жыў тады ўжо ў Вільні, першае выданьне вершаў Багушэвіча «Дудка беларуская». Кніжачка выйшла за граніцай і прыходзіла ў Вільню кансьпірацыйнай дарогай. Дудку прынёс Нагродзкаму Язэп Пілсудзкі. Кніжка зрабіла на Н. вялікае ўражаньне. Яму ўдалося хутка пазнаёміцца і з аўтарам яе, Багушэвічам, каторы ўжо жыў тады ў Вільні і працаваў як адвакат[36]. | ||
Беларускі дзяяч Лявон Вітан-Дубейкаўскі ў часе адбудовы аднаго з касьцёлаў на Магілёўшчыне пазнаёміўся з маладым мясцовым сьвятаром, які адкрыў для яго беларускую літаратуру. Першаю беларускаю кнігаю для архітэктара стала «Дудка беларуская». Захоплены вершамі, Дубейкаўскі, разам з сваім сябрам, перапісваў іх і завучваў на памяць[37].
Цалкам напамяць ведаў «Дудку беларускую» Алесь Гарун[38].
Францішак Багушэвіч падтрымліваў сяброўскія адносіны зь пісьменьніцай Элізай Ажэшкай, якая ў сваім лісьце Яну Карловічу ад 22 лютага 1898 году пісала:
«Быў у мяне нядаўна пан Багушэвіч, і чытаў мне казку - доўгую, поўную фантазыі, цудоўную, якую напісаў па-беларуску. Гэта прыгожы талент. Польскія вершы яго слабыя, але беларускія, на мой погляд, выдатныя. Трэба было б, усімі сіламі заклікаць яго да працы ў гэтым кірунку»[39]. | ||
Зь лёгкай рукі Багушэвіча, пачынаючы з 1891 году, калі зьяўляецца першае выданьне «Дудкі беларускай», штогод зьяўляюцца кнігі на беларускай мове[40].
Багушэвіч, акрамя стварэньня літаратурных твораў, займаўся і лексыкаграфічнай працай. Па даручэньні Яна Карловіча ён ствараў картатэку беларускіх словаў[41].
Сын Францішка Багушэвіча, Тамаш, непрыхільна ставіўся да беларускай справы бацькі і адмовіўся аддаць зацікаўленым асобам архіў бацькі[42]. Сытуацыю з архівам Багушэвіча апісаў Антон Луцкевіч:
На вялікі жаль, за жыцьця Багушэвіча ніхто не парупіўся здабыць ад яго біяграфічныя даныя, а сам ён, відаць, і найбліжэйшым прыяцелям неахвотна апавядаў аб сваім жыцьці. Сям’я ж Фр. Багушэвіча, якая варожа адносілася да ўсяе беларускае і «хлопаманскае» працы паэты (— аб гэтым апавядалі акалічныя сяляне з-пад Кушлян дырэктару Беларускае вучыцельскае сэмінарыі ў Барунах Сымону Раку-Міхайлоўскаму падчас экскурсіі вучняў сэмінарыі на магілу Багушэвічаву ў 1921 годзе), глыбака хавае ягоны архіў і ня хоча нікога дапусьціць да азнаямленьня зь ім. Зробленая праз пляменьніцу Фр. Багушэвіча, Родзевічыху, мая спроба дабіцца перадачы гэтага архіву — калі ўжо не Беларускаму навуковаму таварыству, дык хоць бы адпаведнай польскай установе (Biblioteka Wrуblewskich, Т-wo Рrzyjacіуі Nauk), не дала пазытыўных вынікаў. Сын паэты, Тамаш, якога я знаў добра асабіста (памер ён у канцы дваццатых гадоў), ненавідзеў усё беларускае і аб бацьку гаварыць не хацеў; дачка, каторая памерла ўжо пасьля напісаньня гэтага артыкулу, адмаўлялася даць якія-колечы інфармацыі аб бацьку, навет — аб учасьці яго ў паўстаньні...[43] | ||
Дачка Францішка Башушэвіча Канстанцыя-Марыя (дома яе звалі Туня) таксама не выяўляла прыхільнасьці да беларушчыны[44]. У той жа час унучка Францішка, дачка Тамаша, Станіслава Тамашэўская непрыхільнасьці да беларускай справы не выяўляла. А стрыечны ўнук Францішка Багушэвіча - Зыгмунт Абрамовіч нават браў актыўны ўдзел у беларускім народным руху: друкаваўся ў Нашай Ніве, быў акторам у трупе Ігната Буйніцкага[45].
Польскі дасьледнік Рышард Радзік адзначае, што: «У кніжцы твораў Багушэвіча, якая налічвае больш за 200 старонак, польскія тэксты складаюць больш чым палову аб’ёму»[46]. Але ўсяго ў паэтычнай спадчыне Багушэвіча 48 вершаваных твораў, зь якіх толькі 14 на польскай мове[47]. Прычым пры жыцьці выдадзеныя зборнікі «Дудка беларуская» і «Смык беларускі», якія зрабілі славу Багушэвіча менавіта як беларускамоўнага паэта, склалі вершы выключна на беларускай мове. З той прычыны многія сучасьнікі (напрыклад, Максім Гарэцкі) і адзначалі, што пісаў Багушэвіч «толькі па-беларуску»[47].
У 1936 годзе польскі архэёляг і этнограф Міхал Брэнштэйн(pl) напісаў для Польскага біяграфічнага слоўніку артыкул пра Францішка Багушэвіча, якому надаў загаловак: «Францішак Бэнэдыкт Багушэвіч (1840—1900), народны беларускі пісьменьнік»[48].
Пры жыцьці творы Францішка Багушэвіча ў царскай Расеі былі пад забаронай. Яны былі выдадзеныя асобнымі кнігамі і лістоўкамі ў час рэвалюцыі 1905—1907, аднак у 1908 на іх накладзены арышт.
У Савецкай Беларусі ўпершыню выдадзеныя ў 1922 годзе («Дудка беларуская»). Аднак у канцы 1920-х — 1930-я гады ў БССР творчасьць Францішка Багушэвіча была абвешчаная буржуазна-кулацкай, нацыяналістычнай, да 1940 яго кнігі не друкаваліся. 3 чэрвеня 1937 году Галоўліт БССР выдаў загад № 33, паводле якога віленскія, ковенскія і нават БССР-аўскія выданьні твораў Ф. Багушэвіча павінныя былі спальвацца[49]
У Заходняй Беларусі імя паэта было сьцягам змаганьня за сацыяльнае і нацыянальнае вызваленьне, выходзілі яго кнігі, навуковыя працы пра творчасьць паэта. Творы Францішка Багушэвіча ў Заходняй Беларусі перавыдаваліся пяць разоў, пры гэтым «Дудка» перавыдавалася чатыры разы (1921, 1927 і два выданьні ў 1930 годзе) — большай папулярнасьцю карысталіся толькі творы Якуба Коласа[50]. «Смык» і «Дудка» былі выдадзены ў міжваеннай Летуве ў Коўне ў 1922 годзе Міністэрствам беларускіх справаў у Летуве[51][52]. У Вялікую Айчынную вайну вершы Ф. Багушэвіча друкаваліся ў газэце «Савецкая Беларусь», іх патрыятычныя радкі клікалі змагацца за волю і незалежнасьць Беларусі.[53]
Захаваўся сямейны альбом Багушэвічаў (Нацыянальны музэй Беларусі), лісты да Я. Карловіча (ЦДГА Літвы, Аддзел рукапісаў Львоўскай дзяржаўнай навуковай бібліятэкі імя В. Стафаніка), Э. Ажэшкі (Інстытут літаратурных дасьледаваньняў Польскай АН), А. Карповіча (Аддзел рукапісаў Цэнтральнай бібліятэкі АН Літвы). Гэта важныя дакумэнтальныя сьведчаньні сьветапогляду паэта, гісторыі напісаньня паасобных твораў і выданьня «Дудкі беларускай», матэрыяльных умоваў і абставінаў яго жыцьця. У архіве Яна Карловіча захаваўся аўтограф байкі 1886 году «Воўк, ягня, авечка»[54].
Аляксандар Памідораў і Лявон Вольскі запісалі песьню на словы верша Багушэвіча «Немец» для таго, каб асучасьніць паэзію клясыка[55].
На месцы пахаваньня Багушэвіча, могілках каля касьцёла ў вёсцы Жупраны сям’ёй і сябрамі паэта быў усталяваны драўляны крыж, які прастаяў да 1940 году.
На магілу паэта былі ўскладзеныя жалобныя вянкі зь вялікіх палотнішчаў з надпісамі «Мацею Бурачку ад мужычкоў-беларусаў», «Змоўклі песьні тыя, што іграў на дудцы», «Паэту і прыяцелю ад сялянаў і рамесьнікаў» (па-польску), «Цнатліваму і заслужонаму».
У 1900 годзе зь ініцыятывы мастака Станіслава Яроцкага і краязнаўцы Люцыяна Ўземблы[f] грошы зь віленскага Таварыства аматараў старажытнасьці і этнаграфіі былі зафундаваны на памятную табліцу Францішку Багушэвічу з партрэтам ў жупранскім Касьцёле[57]. У 1901 годзе ў інтэр’еры Жупранскага касьцёла ўстаноўленая белая мармуровая пліта, зробленая віленскім скульптарам Янам Арасімовічам, з надпісам «FRANCISZKOWI BOGUSZEWICZOWI 1840—1900 PRZYJACIELE» (па-беларуску: Францішку Багушэвічу 1840—1900 сябры).
Камень Багушэвіча знаходзіцца ва ўрочышчы Лысая гара, што непадалёк ад вёскі Кушляны (Смаргонскі раён). Ля валуна Багушэвіч сустракаўся зь сябрамі, хаваў пад ім рукапісы і забароненыя публікацыі. На бакавой грані каменя сябрамі клясыка беларускай літаратуры быў высечаны надпіс «PAMIECI MACIEJA BURACZKA 1900 R» (Памяці Мацея Бурачка 1900 г.).
У савецкі час імя Багушэвіча было прысвоенае калгасу, цяпер — СВК у Ашмянскім раёне (1951), Жупранскай сярэдняй школе (1962), Ашмянскаму краязнаўчаму музэю (1953).
У 1958 годзе ў Жупранах устаноўлены бюст Багушэвіча, аўтарам якога зьяўляецца скульптар Заір Азгур. 22 сакавіка 1970 году ў Жупранах адкрыўся Музэй Францішка Багушэвіча, дзе захоўваюцца каля 300 экспанатаў, якія датычацца жыцьця літаратурнага клясыка[58]. У мясцовым касьцёле сьвятых апосталаў Пятра і Паўла ў 1990 годзе адкрытая мэмарыяльная дошка памяці Ф. Багушэвіча[59].
Ягоным імем названая адна з плошчаў Менску (з 2000 г.)[60] і вуліца ў Горадні[61]. У 2020 годзе ў Менску адкрылася станцыя мэтро Плошча Францішка Багушэвіча.
16 чэрвеня 2006 году адбылося ўрачыстае адкрыцьцё новага будынку Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі. У мастацкім афармленьні ўваходнага парталу бібліятэкі на тэму разьвіцьця сусьветнага і славянскага пісьменства выкарыстаная таксама вядомая цытата Багушэвіча з прадмовы да зборніка «Дудка беларуская» — «Не пакідайце ж мовы нашай беларускай, каб не ўмерлі».
6 верасьня 2009 году ў Смаргоні быў усталяваны бронзавы помнік Францішку Багушэвічу[62].
Сяргей Адашкевіч у 1980-х гадах стварыў бюст «Францішак Багушэвіч»[63]. Яўген Ціхановіч у 1980 годзе напісаў «Партрэт Францішка Багушэвіча»[64]. Мікола Купава стварыў каляровыя лінарыты «Партрэт зачынальніка новай беларускай літаратуры Францішка Багушэвіча» (1976)[65] і «Францішак Багушэвіч 1840—1900», таксама лінарыт «Францішак Багушэвіч» (1976). Уладзімер Мелехаў для помніка «Змагарам за родную мову» адліў барэльеф «Францішак Багушэвіч» (2004)[66].
21 сакавіка 2015 году, да 175-годзьдзя зь дня нараджэньня Францішка Багушэвіча Белпошта запусьціла ў абарот спэцыяльную марку[67].
Багушэвічаўскія мясьціны ўшаноўваюцца і па-за межамі сучаснай Беларусі. Так, ва Ўкраіне, у горадзе Нежыне, на будынку дзе ён вучыўся, усталяваная мэмарыяльная дошка. Ягоным імем названыя вуліцы ў гарадох Канатопе[68] і Нежыне.
У незалежнай Летуве памятныя дошкі былі ўсталяваныя ў вёсках Сьвіраны і Савічуны Віленскага раёну, у Савічунах — на будынку разьмешчанай каля вуліцы Багушэвіча (з 2001 г.) бібліятэкі, якая таксама носіць імя Францішка Багушэвіча[69]. Імем беларускага паэта была названа адна з вуліцаў у Савічунах (1997 г.).
У верасьні 2010 году ў Вільні, на будынку па вуліцы Arklių, 18 (Конскай), які стаіць на месцы былога дома, дзе з 1884 па 1898 гады жыў Францішак Багушэвіч, адбылося адкрыцьцё яшчэ адной мэмарыяльнай дошкі. Ва ўрачыстай цырымоніі ўпершыню за многія гады ўзялі ўдзел як беларуская грамада і мэр Вільні, гэтак і прадстаўнікі афіцыйнага Менску на чале з тагачасным міністрам культуры Паўлам Латушкам[70].
Вікікрыніцы зьмяшчаюць арыгінальныя матэрыялы, датычныя тэмы артыкула: |