Фэдэрыка Мунцэнь-і-Манэ (па-каталянску: Federica Montseny i Mañé; 12 лютага 1905, Мадрыд, Гішпанія — 14 студзеня 1994, Тулюза, Францыя) — гішпанская анархістка[1] (прасоўвала ідэі анарха-фэмінізму і анарха-натурызму) і пісьменьніца (пісала вершы, прозу, эсэ і дзіцячыя творы). У 1936-1937, падчас грамадзянскае вайны ў Гішпаніі, займала пасаду міністаркі аховы здароўя, тым самым адзначылася як першая жанчына-міністар у Гішпаніі[2] і адна з першых у Заходняй Эўропе агулам.
Вывучала філязофію ўва Ўнівэрсытэце Барсэлёны. У 1930 годзе пачала стасавацца з анархістам Хэрміналем Эсглеасам Хаўмэ. У пары было трое дзяцей.
Мунцэнь удастоеная месца ў кампазыцыі «Паверх спадчыны».
Мунцэнь нарадзілася ў Мадрыдзе 12 лютага 1905. Яе бацькі былі сурэдактарамі часопісу анархістаў «La Revista Blanca» (1898-1905). Фэдэрыка была, па яе ўласных словах, дачкой сямейства старых анархістаў; яе бацька, Жуан Мунцэнь, быў антыаўтарытарным пісьменьнікам і прапагандыстам, а маці, Тэрэза Манье-і-Міравэт, была анархісцкай актывісткай. У 1912 годзе яе сям’я вярнулася ў Каталёнію, дзе пазьней яны заснавалі выдавецтва. У тым жа годзе Фэдэрыка далучылася да анархісцкага прафсаюзу Confederación Nacional del Trabajo (CNT) і пісала артыкулы для анархісцкіх часопісаў, такіх як «Solidaridad Obrera», «Tierra y Libertad» і «Nueva Senda». У 1927 годзе яна далучылася да Фэдэрацыі анархістаў Ібэрыі.
Падчас грамадзянскае вайны ў Гішпаніі Фэдэрыка падтрымала рэспубліканскі ўрад. Яна выступала супраць гвалту на рэспубліканскай тэрыторыі, і ў лістападзе 1936 года Францыска Ларга Кабальера (на той момант старшыня ўрада) прызначыў яе на пасаду міністаркі аховы здароўя. Так яна стала першай жанчынай у кабінэце міністраў у гісторыі Гішпаніі[3] і адной зь першых у Заходняй Эўропе. Яе галоўнай мэтай была трансфармацыя сістэмы грамадзкага здароўя для задавальненьня патрэбаў беднага насельніцтва і працоўнай клясы. Таму яна падтрымлівала хуткія прафіляктычныя праграмы ў галіне аховы здароўя.
Улічваючы лібэртарыянскія традыцыі сям’і Фэдэрыкі, рашэньне ўвайсьці ўва ўрад Народнага фронту далося ёй асабліва цяжка. Зь іншага боку, далучэньне да ўрада заахвочвалася яе прафсаюзам як магчымасьць для аб'яднаньня з уладамі супраць фашысцкай пагрозы, якая зыходзіла ад паўстанчых войскаў Франсіска Франка.
Фэдэрыка пераехала ў Францыю ў 1939 годзе, дзе напісала шмат кніг, якія па большай частцы ня тычыліся палітыкі. Памерла 14 лютага 1994 ў Тулюзе і пахаваная на мясцовых могілках Cementiri de Rapas.