Фэеноорд | |
Поўная назва | Feyenoord Rotterdam |
---|---|
Заснаваны | 19 ліпеня 1908 |
Горад | Ратэрдам, Нідэрлянды |
Стадыён |
Дэ Кёйп Умяшчальнасьць: 51 177 |
Галоўны трэнэр | |
Чэмпіянат | Эрэдывізія |
· 2023—2024 | 2 месца |
Галерэя здымкаў у Вікісховішчы feyenoord.com (нід.) (анг.) |
«Фэеноорд» (па-нідэрляндзку: Feyenoord) — нідэрляндзкі футбольны клюб з гораду Ратэрдаму. Быў заснаваны пад назвай «Вільгельміна» ў 1908 годзе, але ў 1912 годзе клюб зьмяніў сваю назву на сучасную й пераехаў на стадыён «Дэ Кёйп» у 1937 годзе. 16-разовы чэмпіён Нідэрляндаў і 14-разовы ўладальнік Кубка Нідэрляндаў, 4-разовы ўладальнік Супэркубка Нідэрляндаў.
«Фэеноорд» зьяўляецца адным з самых пасьпяховых клюбаў у Нідэрляндах. Клюб таксама зьяўляецца ўладальнікам Кубку эўрапейскіх чэмпіёнаў (1970), двух Кубкаў УЭФА (1974, 2002) й аднага Міжкантынэнтальнага кубку (1970). «Фэеноорд» гістарычна зьяўляецца адным з трох дамінуючых клюбаў краіны, у адным шэрагу з «Аяксам» і ПСВ. Гэтыя тры клюбы зьяўляюцца адзінымі клюбамі, якія правялі ўсе сэзоны Эрэдывізіі з моманту ейнага стварэньня ў 1952 годзе.
Клюб вядомы сваёй велізарнай нацыянальнай падтрымай. Найбольш пасьпяховы пэрыяд клюбу ў гісторыі быў у 1960-я і 1970-я гады, калі Кун Мулейн і Увэ Кіндваль прывялі клюб да шасьці чэмпіёнскіх тытулаў, двух эўрапейскіх трафэяў, Міжкантынэнтальнага кубку і, тым самым стаўшы першым нідэрляндзкім клюбам, які атрымаў перамогу ў Кубку эўрапейскіх чэмпіёнаў і Міжкантынэнтальным кубку. «Фэеноорд» мае даўняе супрацьстаяньне з «Аяксам», як сутыкненьне паміж двума найбуйнейшымі гарадамі ў Нідэрляндах. Іхнае дэрбі мае назоў Дэ Клясыкер (па-нідэрляндзку: De Klassieker).
Футбольны клюб «Вільгэльміна» быў заснаваны ў пабе «Дэ Вэрээнігінг» 19 ліпеня 1908 году[2]. Клюб пачаў гуляць у чырвоных кашулях зь сінімі рукавамі й белых майтках[2]. Між 1908, 1910, 1911 і 1912 гадамі, у клюбе прайшоў шэраг зьмяненьняў у назове каманды й колерах, гэтак у 1909 годзе клюб стаў называцца «Гілесьлёйзэ»[3], а потым зьмяніў назоў на РВВ «Цэлерытас». Атрымаўшы права выступаў пад эгідай Нацыянальнай футбольнай асацыяцыі ў 1912 годзе, клюб быў перайменаваны ў «Фэеноорд», у гонар раёну гораду, у якім была заснавана каманда[4]. Адразу з назовам былі зьменены й колеры клюбу, то бок каманда пачала гуляць у чырвона-белыя кашулях, чорных шортах і чорных шкарпэтках. Гэтыя колеры захаваліся ў клюбе й на сёньня. У 1917 годзе «Фэеноорд» выйшаў у нідэрляндзкую найвышэйшую лігу й пераехаў на новы стадыён «Кромэ Зандвэг»[4].
Пасьля шаснаццаці гадоў пасьля стварэньня клюбу й усяго толькі праз тры гады пасьля пачатку выступаў ў найвышэйшым дывізіёне «Фэеноорд» дамогся першага свайго тытулу, атрымаўшы перамогу ў розыгрышу чэмпіянату Нацыянальнай лігі ў 1924 годзе[4]. Наступным посьпехам клюбу сталася другая перамога ў 1928 годзе. «Фэеноорд» атрымаў свой першы Кубак Нідэрляндаў у 1930 годзе, забіўшы адзіны гол у фінальным дэрбі супраць клюбу «Эксэльсіёр»[5]. Клюб працягнуў дамінаваць у айчынным чэмпіянаце атрымаўшы перамогу ў кубку ў 1935 годзе й у 1936 годзе ў чэмпіянаце.
Дзякуючы выдатным выступам клюбу гульні з удзелам клюбу пачалі прыцягваць большую колькасьць заўзятараў на сваім стадыёне «Кромэ Зандвэг», таму ў 1933 годзе кіраўніцтва клюбу вырашыла пабудаваць новую футбольную пляцоўку. У 1937 годзе клюб пераехаў на новы стадыён, які атрымаў мянушку «Дэ Кёйп», што перакладаецца як «ванна». Да пачатку Другой сусьветнай вайны клюб тройчы запар займае першае месца ў рэгулярным сэзоне, пры гэтым двойчы становячыся чэмпіёнам у 1936 і 1938 гадох[6].
Падчас Другой сусьветнай вайны «Фэеноорд» свае матчы праводзіў на стадыёне ратэрдамскай «Спарты», бо нацысты занялі «Дэ Кёйп»[6].
Амстэрдамскі «Аякс» зьяўляецца галоўным сапернікам «Фэеноорду»[7]. Два клюбы маюць даўнюю гісторыю супрацьстаяньня, а матчы паміж двума клюбамі называюць Дэ Клясыкер (па-нідэрляндзку: De Klassieker). Саперніцтва спалучае ў сябе ня толькі супрацьстаяньне двух камандаў, але й канфрантацыю паміж двума найбуйнейшымі гарадамі краіны, Амстэрдамам і Ратэрдамам, два месты, якія маюць свае культурныя традыцыі[8]. Сустрэча паміж гэтымі дзьвюмя камандамі па-ранейшаму лічыцца найбуйнейшым дэрбі краіны ў сэзоне[8].
|
|