Фэрдынанд Фош (па-француску: Ferdinand Foch; 2 кастрычніка 1851, Тарб — 20 сакавіка 1929, Парыж) — францускі вайсковы дзяяч, маршал Францыі з 6 жніўня 1918.
Сын урадніка, праўнук жаўнера войска Напалеона. Навучаўся ў езуіцкіх вучэльнях. Пад час француска-прускай вайны ў 1870 пайшоў дабраахвотнікам. Служыў у 4 палку пяхоты, але не прымаў удзел у вайсковых дзеяньнях. Здэмабілізаваны ў сакавіку 1871. Навучаўся на палітэхніка ў Парыжы. Скочыў інжынэрную афіцэрскую школу артылерыі. У 1874 атрымаў званьне афіцэра ў 24 палку артылерыі. У 1887 скончыў Акадэмію Генэральнага штабу (АГШ). У 1887—1889 служыў у 3 аддзеле Генэральнага штабу. З 1890 выкладчык стратэгіі ў АГШ. Напісаў шэраг прац пра выкарыстаньне напалеонаўскай тактыкі ў тагачасных варунках. У 1895—1901 прафэсар АГШ. Пасьля памочнік камандуючага 20 палка артылерыі.
У 1903 атрымаў чын палкоўніка і 35 полк артылерыі. З 1905 генэрал брыгады з вызначэньнем на камэнданта АГШ. З 1911 камандуючы 14 дывізіі, з 1912 8 армейскага корпусу, з 1913 20 армейскага корпусу. На яго чале распачаў удзел у Першай Сусьветнай вайне.
З 28 жніўня 1914 камандуючы армейскай групоўкі ў складзе 9 і 11 КА, 42 дывізіі пяхоты і 2 дывізіі кавалерыі. 4 верасьня тая групоўка перайменавана ў 9 армію. Пад час Бітвы на Марне яго армія праявіла гераізм і мужнасьць. 4 кастрычніка прызначаны памочнікам галоўнакамандуючага генэрала Жофра. Каардынаваў усе арміі на Поўначы Францыі.
Пасьля Бітвы на Іпры, у студзені 1915, прызначаны камандуючым паўночнай групы арміяў, зь якой браў удзел у розных апэрацыях, у тым ліку бітве на Соме. У сьнежні 1916 звольнены з камандваньня групы арміяў і накіраваны на распрацоўкі плянаў на выпадак парушэньня нэўтралітэту Швайцарыі. У студзені 1917 прадставіў праект пляну, які быў зацьверджаны. Са студзеня да сакавіка камандаваў 7 і 8 арміямі. У красавіку 1917 быў зь місіяй у Італіі, дзе ўзгадняў варункі ўваходу ў тую краіну францускіх і ангельскіх войскаў у надзвычайным выпадку. 5 траўня 1917 прызначаны камандуючым Генэральным штабам. У студзені 1918, апрач таго, камандзір вайсковай рады саюзьнікаў. З сакавіка 1918 каардынатар войска саюзьнікаў на Заходнім фронце. У верасьні 1918 атрымаў перамогу ў бітве на Марне, якая сталася адным з галоўных чыньнікаў перамогі над немцамі.
Як камандуючы аб’яднаных войскаў Антанты на Заходнім фронце прымаў безварункавую капітуляцыю немцаў у Камп’ене. Яго ролю ў перамозе над цэнтральнымі дзяржавамі цяжка перацаніць.
З 1919 прэзыдэнт Вышэйшай Вайсковай рады. У 1918—1920 адзін з арганізатараў вайсковай інтэрвенцыі ў Савецкую Расею.
Падтрымліваў незалежнасьць Польшчы. Прымусіў немцаў спыніць ужыцьцё сілы супраць вялікапольскіх паўстанцаў. За гэта 13 красавіка 1923 году дэкрэтам прэзыдэнта РП атрымаў званьне маршалка Польшчы.
Быў адзначаны 15 красавіка 1923 Вялікім Крыжом (1 кляса) ордэна Virtuti Militari і Ордэнам Белага Арла.
Аўтар: «Пра правядзеньне вайны», «Успаміны (вайна 1914—1918)». Калі падпісваў Вэрсальскую дамову, адазваўся пра яе так: «Гэта ня мір, гэта павешаньне зброі на дваццаць год».