Хачкар

Хачкар «Сьвяты Збаўца» ў Агпаце (1273)

Хачка́р (па-армянску: խաչքար, даслоўна «крыж-камень») — адмена помнікаў армянскай архітэктуры, якія ўяўляюць сабой каменную стэлу з разьбянай выявай крыжа. На тэрыторыі Армэніі налічваюць больш за 50 000 хачкараў, кожны зь якіх мае свой непаўторны кшталт, хоць усе ўзоры падпарадкаваныя адзінаму стылю. Традыцыйнае майстэрства выразаньня гэтых камянёў перадаецца з пакаленьня ў пакаленьне і захавалася ў Армэніі і армянскай дыяспары да нашых дзён.

У лістападзе 2010 року майстэрства стварэньня хачкараў было ўнесенае ў рэпрэзэнтацыйны сьпіс нематэрыяльнай спадчыны ЮНЭСКО з фармулёўкай «Сымболіка і майстэрства хачкараў, армянскія каменныя крыжы»[1].

Хачкар у Гашаванку (1291)

У дагістарычны пэрыяд у гарах, ля вытокаў рэк, ля межаў паселішчаў, ля дарог узводзіліся каменныя стэлы — «вішапы» — якіх пакрывалі разьбой з выявамі птушак, скур і галоваў баранаў, клінапісамі. Гэтыя стэлы сталі папярэднікамі хачкараў.

У эпоху Ўрарту цары ўсталёўвалі вэртыкальныя каменныя пліты, якія паведамлялі сьвету пра іхнія заваёвы й законы[2]. Падобныя стэлы ставіліся таксама ў эліністычны пэрыяд першай дынастыі армянскіх цароў Арташасыдаў. У той час ужо існавала тэхналёгія будаўніцтва хачкараў: на пастамэнце — масіўным каменным блёку — выдзёўбвалі адтуліну, куды вэртыкальна ўстаўлялі камень з ужо нанесенымі на яго надпісамі і ўзорамі.

Урартыйскія і эліністычныя помнікі сталі азнакай першых хрысьціянскіх хачкараў, якія зьявіліся ў раньнім Сярэднявеччы, адразу па прыняцьці хрысьціянства. Гэта былі круглыя або васьмісьценныя калёны ды квадратныя ў сячэньні слупы, у якіх былі ўрэзаныя крыжы, а зьверху таксама ўвенчаныя аб’ёмнымі крыжамі. Найстаражытнейшы хачкар на тэрыторыі Армэніі, які захаваўся да нашага часу, датаваны 879 рокам[3] і прысьвечаны царыцы Катранідзе, жонцы караля Ашота I.

Найбольшага росквіту майстэрства выразаньня хачкараў дасягнула ў XII—XIV стагодзьдзях. З мангольскім уварваньнем мастацтва заняпала, аднак ізноў адрадзілася ў XVI—XVII стагодзьдзях, хоць ужо і не дасягнула былога ўзроўню.

Сучасная майстэрня ў Ерэване

Найлепшымі прыкладамі мастацтва лічацца наступныя тры творы:

  • хачкар у Гегардзе, выразаны ў 1213. Аўтарамі, магчыма, зьяўляюцца майстры Тымат і Мкітар
  • хачкар Сьвятога збавеньня ў Агпаце, выразаны ў 1273 майстрам Ваграмам
  • хачкар у Гашаванку, выразаны ў 1291 майстрам Пагосам

Па Другой сусьветнай вайне майстэрства стварэньня хачкараў дзякуючы армянскай дыяспары распаўсюдзілася па сьвеце. Напрыклад, армянская супольнасьць у Польшчы ўсталявала хачкары ва Ўроцлаве, Кракаве і Эльблёнгу ў памяць пра ахвяраў армянскага генацыду.

Нарадускія могілкі — найвялікшае ў сьвеце месцазнаходжаньне хачкараў

Асобныя экзэмпляры хачкараў дэманструюцца ў Гістарычным музэі Ерэвану і ля сабору ў Эчміядзіне. Найбольшая калекцыя захаваных асобнікаў хачкараў у Армэніі знаходзіцца на заходнім узьбярэжжы возера Сэван, на Нарадускіх могілках, дзе можна ўбачыць каля 900 надмагільных камянёў розных эпохаў і стыляў. Тым ня меней, найбольшае сабраньне хачкараў да нядаўнае пары існавала па-за межамі Армэніі, у Нахічэванскай аўтаномнай рэспубліцы Азэрбайджану. На пераломе XX—XXI стагодзьдзяў могілкі(hy) былі зьнішчаныя азэрбайджанскімі ўладамі.

Хачкары вырабляюць з базальту, які скрайне мала падлягае разбурэньню. Часта сустракаюцца і хачкары з туфу, паколькі ён легкі для апрацоўкі. У рабоце з камянём майстры ўжываюць разцы, зубілы, завостраныя пёры і малаткі.

Вышыня помнікаў дасягае 1,5 мэтру. У іх цэнтры выразаецца ўзорысты крыж на фоне сонца або кола вечнасьці. На астатняй паверхні камяню выразаюць іншыя расьлінна-геамэтрычныя фігуры, выявы сьвятых і жывёлаў.

Гатовыя камяні ўсталёўваюцца на прызначаныя ім месцы падчас невялікай рэлігійнай цырымоніі.

Крыніцы і заўвагі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
  1. ^ Armenian cross-stones art. Symbolism and craftsmanship of Khachkars (анг.). UNESCO. Праверана 14 верасьня 2012 г.
  2. ^ Скульптура — искусство средневековой Армении (рас.) flutEric.info Праверана 14 верасьня 2012 г.
  3. ^ Мемориальные памятники средневековой Армении Хачкары IX—XIII веков / Академия наук Армянской ССР, Институт археологии и этнографии. — Ер.: Изд. АН Арм. ССР, 1984. — С. 13.
  • Токарский Н.М. Архитектура Армении IV—XIV вв.. — Ереван: 1961.
  • Шагинян А.Н. Армянские хачкары (крестные камни) и их надписи (IX—XIII вв.). Автореф. канд. дис.. — Ереван: 1970.

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]