Расы Міжзем’я |
---|
Айнур |
Іншыя |
Хо́біты (па-ангельску: Hobbits) — чалавекападобная раса ў легендарыюме Толкіна, якая насяляе землі Міжзем’я. Упершыню зьяўляюцца ў рамане «Хобіт», дзе галоўным героем стаў Більба Бэгінс. Ва «Ўладары Пярсьцёнкаў» хобіты адыгрываюць яшчэ больш значную ролю, а ў «Сыльмарыльёне» і «Няскончаных казаньнях» згадваюцца эпізадычна.
Паводле самога аўтара, хобіты — «сваякі» людзей Міжзем’я: «Ясна, што хобіты хоць і падаюцца цяпер людзям чужынцамі, яны — блізкая іх радзіна, значна бліжэйшая за эльфаў і нават за гномаў»[1].
Хобіты — маленькія істоты, вышынёй у палову чалавечага росту, з-за чаго іх таксама называюць «паўросьлікамі». У адрозьненьне ад гномаў, большасьць хобітаў ня маюць бародаў. Хобіты схільныя да паўнаты; апранаюцца ў зыркае, часьцей за ўсё зялёнае і жоўтае, абутку ня носяць, бо маюць ад прыроды тоўстую скуру на падэшвах і густую кучаравую поўсьць.
У пралёгу да кнігі Дж. Р. Р. Толкіна «Ўладар пярсьцёнкаў» распаведзеная поўная гісторыя асваеньня імі Заходніх земляў Міжзем’я. У пэрыяд падзеяў, апісаных ва «Ўладары пярсьцёнкаў», хобіты насялялі Шыр і Прыгор’е на паўночным захадзе Міжзем’я. Толкін апісвае тры старажытныя племені хобітаў, якія пасьля зьмяшаліся ў адзіную народнасьць:
У дадатку да «Ўладара Пярсьцёнкаў» Толкін патлумачыў, што слова «хобіт» паходзіць ад гіпатэтычнага рэканструяванага стараангельскага слова holbytla (мн. holbytlan), што азначае «будаўнік нораў». У кнігах пра Міжзем’е стараангельская мова выкарыстоўваецца ў якасьці мовы людзей Рохану[2].