Хортыца | |
Месца | рака Дняпро места Запарожжа |
---|---|
Плошча | 23,59 км² |
Найвышэйшы пункт | 30 мэтар |
Краіна | Украіна |
Вобласьць | Запароская вобласьць |
Каардынаты | 47°49′00″ пн. ш. 35°05′00″ у. д. / 47.816667° пн. ш. 35.083333° у. д.Каардынаты: 47°49′00″ пн. ш. 35°05′00″ у. д. / 47.816667° пн. ш. 35.083333° у. д. |
Хортыца |
Хортыца — найвялікшы востраў на Дняпры, разьмешчаны ў раёне места Запарожжа, ніжэй за ДнепраГЭС. Унікальны прыродны ды гістарычны комплекс.
Хортыца зьяўляецца найвялікшым востравам на Дняпры. На паўночным баку востраву быў апошні дняпроўскі парог.
Хортыца выцягнутая з паўночнага-захаду на паўднёвы ўсход, мае даўжыню 12,5 км, шырыню ў сярэднім 2,5 км і плошчу блізу 3000 га.
Востраў да апошняга часу захоўваў лясы ў прыбярэжных ярах. У паўднёвай частцы захоўваецца стэп з многімі рэліктавымі відамі расьлінаў, якія захаваліся толькі на востраве, але ў старажытнасьці расьлі на ўсёй тэрыторыі поўдня Ўкраіны. На крайнім поўдні выспы існуюць плаўні.
З геалягічнага гледзішча Хортыца ўяўляе сабой частку Украінскага крышталічнага шчыта. Да будаўніцтва ДнепраГЭС рэчышча Дняпра перасякалі дзевяць парогаў. Непасрэдна каля вострава не было парогаў, але захаваліся скальныя выспы і скальныя структуры ў паўночнай частцы, што маюць характэрныя для парогаў асаблівасьці. Хортыца і прылеглыя да яе выспы абвешчаныя геалягічным заказьнікам «Дняпроўскія Парогі».
Існуе шмат вэрсій паходжаньня назвы выспы. Большасьць дасьледнікаў выводзяць назву ад цюркско-палавецкай «орт», «орта», што азначае «сярэдні» (пасярод Дняпра). Сярод шэрагу вэрсій назвы выводзяць ад «хорт» — «сабака», ад старажытнаславянскага бога Хорс.
Упершыню назва выспы сустракаецца ў працы бізантыйскага імпэратара Канстанціна Парфірароднага «Аб кіраваньні імпэрыяй». У розных сьпісах гэтай працы Хортыца носіць назву «востраў Сьвятога Рыгора» і «востраў Сьвятога Георгія». Адносна Рыгора, то лічаць, што гэта быў армянскі асьветнік Сьв. Рыгор.
У рускіх летапісах востраў называецца Хортычам, Кортыцкім, Гарадзецкім, Ортынскім, Інтрскім востравам. Упершыню назва Хортычый востраў згаданая ў сувязі з паходам князя Сьвятаслава Ізяславіча супраць полаўцаў у 1103 годзе.
У Уваскрасенскім летапісу пад 1223 годам востраў названы Вараскім востравам. Пазьней у крыніцах можна знайсьці Хортыцу і Хіртыцу.
Сёньня востраў інтэграваны ў структуру места Запарожжа. Праз востраў праходзіць чыгунка са станцыяй «Запароская Сеч» у сярэдняй частцы вострава. Тры існуючыя аўтамабільныя масты даюць магчымасьць людзям перасякаць Дняпро і карыстацца багацьцямі Хортыцы.
На востраве ёсьць заселеныя пасёлкі. На тэрыторыі выспы — вялікая колькасьць пазначаных помнікаў гісторыі і археалёгіі. Дзясяткі дамоў адпачынку, санаторыяў, турыстычных баз, пясочныя пляжы, хваёвыя і ліставыя лясы. Унікальныя плаўні на поўдні.