«Хро́нікі На́рніі» (па-ангельску: The Chronicles of Narnia) — нізка зь сямі дзіцячых фэнтэзійных кніг, напісаных Клайвам Стэйплзам Льюісам. Яны распавядаюць пра прыгоды дзяцей у чароўнай краіне пад назвай Нарнія, дзе жывёлы могуць размаўляць, магія нікога не зьдзіўляе, а дабро змагаецца са злом. «Хронікі Нарніі» ўтрымліваюць шмат алюзіяў на хрысьціянскія ідэі ў даступным для юных чытачоў выглядзе. У дадатак да хрысьціянскіх тэмаў Льюіс апісвае пэрсанажаў, якія маюць правобразы ў грэцкай і рымскай міталёгіі і ў традыцыйных брытанскіх і ірляндзкіх казках, у тым ліку існуюць відавочныя матывы, блізкія да апошніх.
Сэрыя карыстаецца вялікай папулярнасьцю. Да 2006 року было прададзена больш за 100 мільёнаў копіяў на 41 мове (Kelly 2006, Guthmann 2005), існуюць тэле- і кінаэкранізацыі, радыёпастаноўкі, тэатральныя пастаноўкі, кампутарныя гульні.
Ілюстрацыяй арыгінальнае нізкі кніг займалася Паўліна Бэйнз.
Кніга «Леў, Вядзьмарка і Адзежная шафа» была скончаная ў 1949 року і апублікаваная ў 1950. Яна распавядае гісторыю пра чатырох звычайных дзяцей (Пітэра, Сьюзэн, Эдмунда і Люсі). У доме прафэсара Керка яны знаходзяць адзежную шафу, якая мае выйсьце ў чароўную краіну Нарнію. Чацьвёра дзяцей з дапамогай льва Аслана і добрых насельнікаў Нарніі выконваюць старажытнае прароцтва і вызваляюць Нарнію ад заклёну Белай Вядзьмаркі. Разам са зьвяржэньнем Вядзьмаркі ў Нарніі сканчаецца Доўгая Зіма, якая доўжылася 100 рокаў.
Скончаная ўвосень 1949 і апублікаваная ў 1951 року, кніга «Прынц Касьпіян» распавядае гісторыю пра другое падарожжа дзяцей Пэвэнсі ў Нарнію. У гэты час каралеўскі сталец узурпаваў дзядзька спадчыннага прынца Касьпіяна, лорд-рэгент Нарніі Міраз. Прынц Касьпіян вымушаны ўцякаць у лес, каб ня быць забітым у барацьбе за каралеўства. Чацьвёрка дзяцей зноў мусіць выратаваць Нарнію, адваяваўшы для законнага пераемніка сталец.
«Заваёўнік зары, або Плаваньне на край сусьвету» быў скончаны ў 1950 року і выдадзены ў 1952. Эдмунд і Люсі Пэвэнсі разам з кузэнам Юстасам Шкодам далучаюцца да плаваньня караля Касьпіяна, які зьбіраецца адшукаць семярых лордаў, высланых з Нарніі за часам валадараньня свайго дзядзькі Міраза. На сваім шляху вандроўнікі сутыкаюцца твар да твару зь дзівосамі і небясьпекамі вялікага Ўсходняга мора.
«Срэбраны фатэль» быў скончаны ў 1951 і апублікаваны ў 1953 року. У кнізе Юстас і ягоная аднаклясьніца Джыл Поўл, уцякаючы ад шкаляроў-бэйбусаў, трапляюць у Нарнію. Аслан даручае дзецям знайсьці Касьпіянавага сына — прынца Рыліяна, выкрадзенага 10 гадоў таму. Юстас і Джыл разам з кваклем Хмурам выпраўляюцца на пошукі ў паўночныя землі, населеныя волатамі.
Скончаная ўвесну 1950 і апублікаваная ў 1954 року, кніга «Конь і ягоны хлопчык» — першая, што не зьяўляецца наўпроставым працягам папярэдняе. Час дзеяньня раману — пэрыяд кіраваньня ў Нарніі Пэвэнсі, які пачынаецца і сканчаецца ў кнізе «Леў, Вядзьмарка і Адзежная шафа». Гісторыя распавядае пра гаворачага каня Ігого і маленькага хлопчыка па імі Шаста. Абодва асноўныя пэрсанажы трапілі ў рабства ў Тархістане, краіне на поўдзень ад Нарніі. Выпадкова яны сустракаюцца і вырашаюць вярнуцца ў Нарнію. Падчас падарожжа выяўляецца, што тархістанцы зьбіраюцца ўварвацца ў Арляндыю. Шаста й Ігого мусяць пасьпець туды першымі, каб папярэдзіць караля Лума…
Скончаная ўзімку 1954 року і выдадзеная ў 1955, кніга «Пляменьнік чарадзея» зьяўляецца перадгісторыяй сэрыі: яна вяртае чытача да моманту стварэньня Нарніі Асланам і расповеду пра тое, як сюды ўпершыню патрапіла зло. Дыгары Керк зь сяброўкай Польлі Пламэр трапляюць у іншыя сьветы ў выніку экспэрымэнту Дыгарывага дзядзькі. Кніга дае адказы на шматлікія пытаньні, якія маглі паўстаць у чытача падчас прачытаньня папярэдніх кніг.
Скончаная ўвесну 1953 і апублікаваная ў 1956 року, «Апошняя бітва» апісвае канец сьвету Нарніі. Джыл і Юстас вяртаюцца па клічы апошняга караля Нарніі, Тырыяна, каб выратаваць Нарнію ад малпы Хітра, які падманам падпарадкоўвае сабе жывёльны сьвет, выдаючы за Аслана гаворачага асла Лапуха, апранутага ў ільвіную шкуру. Ад імя Аслана малпа заключае дамову з тархістанцамі, адвечнымі ворагамі Нарніі. Сытуацыя выліваецца ў апошнюю бітву паміж тымі, хто верыць у Аслана, і тымі, хто ўзяў бок самазванца.
Першы амэрыканскі выдавец, Макмілан і Ко, апублікаваў кнігі ў парадку іх стварэньня. Але калі нізка была перавыдадзеная выдавецтвам Гарпэр Колінз, кнігі былі апублікаваныя ў адпаведнасьці з унутраным храналягічным парадкам, прапанаваным пасынкам Клайва Льюіса, Дугласам Грэшамам.
Парадак публікацыі | Храналягічны парадак |
---|---|
1. Леў, Вядзьмарка і Адзежная шафа (1950) | 1. Пляменьнік чарадзея (1955) |
2. Прынц Касьпіян (1951) | 2. Леў, Вядзьмарка і Адзежная шафа (1950) |
3. Заваёўнік зары, або Плаваньне на край сусьвету (1952) | 3. Конь і ягоны хлопчык (1954) |
4. Срэбраны фатэль (1953) | 4. Прынц Касьпіян (1951) |
5. Конь і ягоны хлопчык (1954) | 5. Заваёўнік зары, або Плаваньне на край сусьвету (1952) |
6. Пляменьнік чарадзея (1955) | 6. Срэбраны фатэль (1953) |
7. Апошняя бітва (1956) | 7. Апошняя бітва (1956) |
Паводле некаторых зьвестак, Льюіс засноўваў сваё апісаньне сьвету «Нарніі» на базе пэйзажаў гор Манэ графства Даўн, разьмешчанага ў яго роднай Паўночнай Ірляндыі.
Паводле іншых зьвестак гэта раён у Італіі.
Хоць Люьіс і не зьбіраўся рабіць гэтага наўмысна, у працэсе напісаньня сваіх фэнтэзійных твораў уключыў у гісторыі хрысьціянскую тэалёгію. Як ён пісаў у «Іншых сьветах»:
Некаторыя людзі, здаецца, думаюць, што я пачаў з таго, што спытаў сябе, як бы распавесьці дзецям пра хрысьціянства; затым выкарыстаў казку як інструмэнт; затым, абапіраючыся на інфармацыю пра дзіцячую псыхалёгію, вырашыў, для якой узроставае групы буду пісаць; затым склаў сьпіс асноўных хрысьціянскіх ісьцін і выпрацаваў «алегорыі» для іхняга ўвасабленьня. Усё гэта — чыстая фантазія. Я ня здолеў бы так пісаць. Усё пачыналася з выяваў: фаўн, які нясе парасон; каралева ў санях; велічны леў. Першапачаткова не плянавалася нічога, зьвязанага з хрысьціянствам, гэты элемэнт выявіўся нібы сам сабою.
Арыгінальны тэкст (анг.)Some people seem to think that I began by asking myself how I could say something about Christianity to children; then fixed on the fairy tale as an instrument, then collected information about child psychology and decided what age group I'd write for; then drew up a list of basic Christian truths and hammered out 'allegories' to embody them. This is all pure moonshine. I couldn't write in that way. It all began with images; a faun carrying an umbrella, a queen on a sledge, a magnificent lion. At first there wasn't anything Christian about them; that element pushed itself in of its own accord.
Клайв Льюіс, як экспэрт у галіне алегорыяў, сьцьвярджаў, што кнігі не былі алегорыямі, і аддаваў перавагу характарыстыцы хрысьціянскіх аспэктаў у іх як «меркаваных». Вось што ён пісаў у лісьце да спадарыні Гук у сьнежні 1958:
Калі б Аслан прадстаўляў нематэрыяльнае боства гэтаксама, як Гіганцкі Адчай [пэрсанаж у «Падарожжы пілігрыма]» прадстаўляе адчай, ён бы быў алегарычным пэрсанажам. У рэчаіснасьці ж ён — вынаходніцтва, якое нібыта дае адказ на пытаньне: «Якім бы мог быць Хрыстос, калі б існаваў сьвет накшталт Нарніі, і Ён вырашыў бы ўвасобіцца, памерці і зноў уваскрэснуць у тым сьвеце, як Ён паступіў у нашым?» Гэта зусім не алегорыя.
Арыгінальны тэкст (анг.)If Aslan represented the immaterial Deity in the same way in which Giant Despair [a character in The Pilgrim's Progress] represents despair, he would be an allegorical figure. In reality, however, he is an invention giving an imaginary answer to the question, 'What might Christ become like if there really were a world like Narnia, and He chose to be incarnate and die and rise again in that world as He actually has done in ours?' This is not allegory at all.
З выпускам фільму «Хронікі Нарніі: Леў, Вядзьмарка і Адзежная шафа» цікавасьць да хрысьціянскіх паралеляў, знойдзеных у кнігах, узнавілася. Некаторыя палічылі іх няўдалымі, адзначаючы, што іх лёгка ўпусьціць, калі вы знаёмыя з хрысьціянствам павярхоўна. Іншыя бачаць у «Хроніках Нарніі» цудоўны інструмэнт для навароту ў хрысьціянства.
Абвінавачаньні ў дыскрымінацыі жаночага полу ў кнізе «Апошняя бітва» зьвязаныя з тым, што Льюіс піша пра Сьюзэн Пэвэнсі: «Яна больш не зацікаўленая ні ў чым, акрамя памады, панчох і запрашэньняў».
Падставай для абвінавачаньняў у распальваньні расізму грунтуюцца на тым, што тархістанцы, якія зьяўляюцца ворагамі Аслана і Нарніі, апісаныя як цемнаскурыя людзі, што носяць цюрбан і завостраныя чаравікі і ўзброеныя ятаганамі.
У 2000-х пераклад першай кнігі «Пляменьнік чарадзея» на беларускую мову зрабіў Алесь Квіткевіч[1][2]. Пераклад так і ня быў апублікаваны.
17 верасьня 2016 году адбывецца прэзэнтацыя і старт продажаў кнігі «Хронікі Нарніі. Пляменнік чараўніка» ў перакладзе Надзеі Кім[3].
Хронікі Нарніі — сховішча мультымэдыйных матэрыялаў