Хрысьцíна Пізáнская (па-італійску: Cristina da Pizzano, па-француску:Christine de Pizan; 1364, Вэнэцыя ― 1430, кляштар Пуасі, цяпер дэпартамэнт Івэлін, Іль-дэ-Франс, Францыя) ― француская пісьменьніца, філёзафка, паэтка, рытарыца італійскага (вэнэцыянскага) паходжаньня. За сваю 30-гадовую кар'еру (1399-1429) яна напісала 41 твор, прызнаная першай прафэсійнай пісьменьніцай сярод жанчынаў у Эўропе[1].
Хрысьціна Пізанская | |
італ. Cristina da Pizzano, франц. Christine de Pizan | |
Асабістыя зьвесткі | |
---|---|
Імя пры нараджэньні | Cristina da Pizzano |
Нарадзілася | 1364 Вэнэцыя |
Памерла | 1430 Пуасі, Францускае каралеўства |
Пахаваная | Кляштар Пуасі, Францускае каралеўства |
Бацькі | Thomas de Pisan[d] |
Сужэнец | Étienne du Castel[d][2] |
Дзеці | Jean Castel[d] і магчыма Mattheus de Pisano[d][3] |
Літаратурная дзейнасьць | |
Род дзейнасьці | Паэтка, пісьменьніца, філёзафка, рытарыца, перакладніца |
Гады творчасьці | 1399-1429 |
Мова | Француская |
Дэбют | 1399 |
Значныя творы | La Cité des dames, 1404-1405, Le Ditié de Jehanne d'Arc, 1429 |
Подпіс | |
Хрысьціна Пізанская нарадзілася ў Вэнэцыі ў 1364 годзе. У той час ейны бацька, Тамаза дзі Бэнвэнута дэ Пізана (будучае прыдворнае імя - Тамас дэ Пізан; прозьвішча паходзіць ад назвы места Пізана каля Балёньні), быў лекарам, астролягам і радцам Вэнэцыянскай рэспублікі. Неўзабаве пасьля нараджэньня дачкі бацька прыняў запрашэньне караля Францыі Карла V, які прапанаваў яму пасаду каралеўскага астроляга, альхіміка і лекара. Прыдворная атмасфэра найбольш спрыяла інтэлектуальным запытам Хрысьціны. Яна пасьпяхова займалася самаадукацыяй, паглыбляючыся ў вывучэньне моваў, адкрываючы для сябе клясыкаў і гуманістаў Раньняга Адраджэньня, у раскошным каралеўскім архіве Карла V, які зьмяшчаў велізарную колькасьць рукапісаў[4].
Ва ўзросьце пятнаццаці гадоў Хрысьціна выйшла замуж за дваццаціпяцігадовага Эт'ена Кастэля, судзьдзю каралеўскага суду. Наступнае дзесяцігодзьдзе становіцца для яе трагічным: памірае кароль Карл V і даходы сям'і значна памяншаюцца. Памірае бацька Хрысьціны (1387 г.), а затым, у ад'ездзе, памірае ад эпідэміі ейны муж (восень 1390 г.). Удава засталася з трыма дзецьмі, абцяжараная даўгамі мужа, і гэта вымушае яе пачаць працаваць. Інтэлектуальныя здольнасьці і аўтарытэт адкрываюць ёй шлях да творчасьці. Сьвядомае дзяцінства і жыцьцё пісьменьніцы прайшло ў Парыжы і абацтве Пуасі, таму мовай яе твораў стала сярэднефранцуская[5].
У 1397 годзе дачка Мары, атрымаўшы ад караля пасаг, пакінула Хрысьціну - пайшла ў абацтва і прыняла пострыг. Сын Хрысьціны паступіў на службу да знатнага ангельскага лорда. Сама Хрысьціна атрымала запрашэньне пажыць у Ангельшчыне, пры двары, але адхіліла яго і праз некаторы час пакінула Парыж і правяла 11 гадоў у кляштары, маючы больш часу на літаратурную працу і вывучэньне гісторыі, філязофіі, міталёгіі і твораў айцоў царквы. Яна лічыла сябе шчасьлівіцай, бо бог даў ёй дар «любові да навукі».
Дакладная дата сьмерці Хрысьціны Пізанскай невядомая. Прынята лічыць, што яна памерла ў Пуасі ў 1430 годзе[6].
Першапачаткова Хрысьціна Пізанская - паэтка[7].
Раньнія куртуазныя творы Хрысьціны Пізанскай сьведчаць аб высокай дасьведчанасьці і веданьні ёю звычаяў і моды тагачаснага арыстакратычнага грамадзтва, у прыватнасьці формы каханьня паміж жанчынай і ейным рыцарам, якая атрымала назву «галянтнага каханьня»[8].
Ейныя алегарычныя і павучальныя трактаты ўтрымліваюць біяграфічныя зьвесткі пра жыцьцё і думкі, інтымныя і фэмінісцкія разважаньні набліжаюцца да традыцыяў вучоных схалястаў, міталёгію, легенды і гісторыю якіх яна ўспадкавала ад сьвятароў, а ў жанрах вытанчаных або схалястычных узьнімаюцца да майстэрства францускіх і італьянскіх паэтаў таго часу, якімі яна захаплялася[9].
На пачатку творчага шляху Хрысьціна зьвяртаецца да жанру любоўнай баляды, што прыцягвае ўвагу заможных мэцэнатаў: мужчынаў інтрыгуе фэномэн жанчыны-пісьменьніцы і яны зьвяртаюцца да яе з просьбамі-замовамі аб паэтычным апісаньні іх рамантычных прыгодаў. Плённым быў пэрыяд прыдворнай творчасьці: у пэрыяд з 1393 па 1412 г. Хрысьціна напісала больш за трыста балядаў і мноства невялікіх паэтычных твораў розных формаў: ронда, вірэле і інш[10].
Ейны ўдзел у літаратурнай палеміцы 1401-1402 гадоў дазволіў Хрысьціне выйсьці па-за межы статусу прыдворнай пісьменьніцы ў статус пісьменьніцы, якая займаецца пытаньнямі становішча жанчыны і арганізацыі грамадзтва: Хрысьціна разьвязвае вострую грамадзкую дыскусію на літаратурнай асновай вакол тагачаснага высокамастацкага твора «Раман пра Ружу», пачаўшы дыскусію аб літаратурнай вартасьці ўкладу аднаго з аўтараў — Жана дэ Мёна. Напісаны ў XIII стагодзьдзі, раман у частцы, даданай дэ Мёнам, высьмейваў традыцыі куртуазнага каханьня, паказваў жанчынаў як спакусьніцаў, утрымліваў мноства непрыстойных выказваньняў, накіраваных супраць жаноцкасьці, зьяўляючыся маніфэстам жанчынаненавісьніцтва. Хрысьціна асабліва падкрэсьліла недапушчальнасьць выкарыстаньня вульгарных алегорыяў, якія ўнёс у паэму дэ Мён, сьцьвярджаючы, што такія атаясамленьні зьяўляюцца абразай прыроднай сутнасьці сэксуальнасьці, што такая мова недапушчальная для апісаньня герояк. Хрысьціна сьцьвярджала, што шляхетныя дамы такой мовай не карыстаюцца[11].
Творы Хрысьціны ўражваюць сваёй колькасьцю і жанравай разнастайнасьцю: лірыка, парафразы лацінскіх аўтараў (Сэнэка, Плютарх, Валер Максімус), дыдактыка, літаратурная крытыка, хатнія рэкамэндацыі для рыцараў і дамаў, міратворчыя звароты да ўладных і каранаваных асобаў, парады, трактаты аб кіраваньні грамадзтвам і па іншых важных сацыяльных праблемах: аб рэфармаваньні войска, аб шкодзе царкоўнага расколу, міжусобіцаў, грамадзянскай вайны і інш[12]. Ейныя эрудыцыя, глыбокія веды і дзелавая працавітасьць яскрава праяўляюцца ў тэкстах: напрыклад, у творы «Кніга баявых і рыцарскіх дзеяньняў» рэкамэндацыі па вядзеньні баявых дзеянняў дэталізаваныя аж да колькасьці неабходных гарматаў і вагі снарадаў[13].
Аднак цэнтральным творам пісьменьніцы зьяўляецца трактат «Кніга пра Град Кабечы»[14]. Твор лічыцца прадвесьнікам сучаснага фэмінізму, напісаны першай аўтарытэтнай жанчынай, якая кінула выклік жанчынаненавісьніцтву, пагрозьлівым і прыніжальным клішэ пра жанчынаў, распаўсюджаным у сярэднявечнай культуры. Першы з твораў, які апісвае ўклад жанчынаў мінулых стагодзьдзяў у фармаваньне грамадзтва. У «Кнізе пра Град Кабечы» апісваецца сымбалічне места-мара, дзе жанчыны атрымаюць належную ацэнку і абарону, тут Хрысьціна выводзіць тры алегарычныя постаці: Разважлівасьці, Справядлівасьці і Прыстойнасьці. Дыялягуючы з кожнай з музаў па чарзе, аўтарка дэкляруе жаночы погляд на арганізацыю тагачаснага грамадзтва. Разам яны абмяркоўваюць пытаньні, важныя для ўсіх жанчынаў[15].
У літаратурнай творчасьці Хрысьціны Пізанскай выразна дамінавалі дзьве асноўныя тэмы: патрыятызм у адносінах да Францыі і правы жанчынаў. Прыхільніца парадку ў грамадзтве, Хрысьціна Пізанская адной з першых пераасэнсавала ўстойлівыя нэгатыўныя стэрэатыпы, якія існавалі ў культуры Сярэднявечча, бяручы свой пачатак у пэрыяд барацьбы за зацьвярджэньне царкоўнага шлюбу. Пісьменьніца крытыкуе антыфэмінісцкую па сваёй сутнасьці царкоўную ідэалёгію папярэдніх стагодзьдзяў, надаючы ўласнай пазіцыі анталягічнае гучаньне, разьвенчвае асновы мізагініі, замацаваныя, у прыватнасьці, у зводах кананічнага права[16].
Цяжка пераацаніць унёсак Хрысьціны Пізанскай у мысьленьне таго часу і важнасьць супрацьстаяньня панаваньню мужчынскага дыскурсу. Ейныя рытарычныя стратэгіі былі прадметам навуковых дасьледаваньняў на працягу стагодзьдзяў. Удасканальваючы ўласную рытарычную тэхніку, Хрысьціна заахвочвала жанчынаў вучыцца крытычнаму мысьленьню і майстэрству разважлівага дыялёгу, каб супрацьстаяць фэномэну жанчынаненавісьніцтва, які меў месца ў культуры позьняга Сярэднявечча[17].
У 1949 годзе ў эсэ «Другі пол» Сымона дэ Бавуар пісала пра творы Хрысьціны Пізанскай: «...упершыню мы бачым, як жанчына ўзьняла пяро ў абарону свайго полу»[18]. І менавіта гэта робіць Хрысьціну Пізанскую першай фэміністкай Захаду[19].
• Poésies diverses: Cent ballades, Virelays, Balades d'estrange façon, Ballades de divers propos, Les complaintes amoureuses, Lays, Rondeaux, Jeux à vendre, composées entre 1399 et 1402
• Epistre au Dieu d'amours, 1399
• Le Débat de deux amans, c. 1400
• Le Livre des trois jugemens, c. 1400
• Le Livre du dit de Poissy, 1400
• Epistre Othea, 1401
• Epistres du Débat sur le Roman de la Rose, 1401
• Le Dit de la rose, 1402
• Oraison Nostre Dame, 1402-1403
• Oraison de Nostre Seigneur, 1402-1403
• Cent Ballades d'amant et de dame, 1402-1410
• Les Complaintes amoureuses, 1402-1410
• Le Chemin de longue estude, 1403
• Le Dit de la pastoure, 1403
• Le Livre de la Mutation de fortune, 1403
• Le Livre des Fais et bonnes meurs du sage roy Charles V, 1404
• Epistre à Eustache Morel, 1404
• Le Livre du Duc des vrais amants, 1404-1405
• La Cité des dames, 1404-1405
• Le Livre des trois vertus à l'enseignement des dames, 1405
• Epistre à Isabelle de Bavière, 1405
• L'Advision Christine, 1404
• Le Livre de la Prod'homie de l'homme ou Le Livre de Prudence, 1405-1406
• Le Livre du Corps de Policie, 1406-1407
• Les Sept Psaumes allégorisés, 1409
• Les Lamentations sur les maux de la France, 1410
• Le Livre des Faits d'armes et de chevalerie, 1410
• Le Livre de la Paix, 1412-1413
• Epistre de la Prison de Vie Humaine, 1416-1418, dédié à Marie de Berry, duchesse de Bourbon, à la suite de la bataille d'Azincourt
• Les Heures de la contemplation de la Passion, 1420
• Le Ditié de Jehanne d'Arc, 1429.
• Chantilly, bibliothèque du musée Condé, ms. 494, Livre de la mutacion de Fortune, 1404-1405
• Paris, bibliothèque Sainte-Geneviève, ms. 2879 / 5 (fol. 44), Cent proverbes moraux.