Ху́ткія ша́хматы (альбо хуткія шахі) — адмена шахматаў, дзе кожны з бакоў атрымлівае на ход менш часу, чым у звычайных шахматах. Гэта азначае, што ў распараджэньні кожнага з гульцоў меней за 60 хвілінаў на 60-хадовую партыю, а часам і таго меней. Паводле кантролю часу хуткія шахматы дзеляцца дадаткова на непасрэдна хуткія, бліц ды імгненныя; у пэўных сытуацыях выкарыстоўваецца так званы «армагедон», дзе гульцы розных колераў маюць розны запас часу.
Па хуткіх шахматах і бліцы ладзяцца асобныя чэмпіянаты сьвету, хоць і менш прэстыжныя за чэмпіянат сьвету па клясычных шахматах. Тытулам чэмпіёна ў хуткіх шахах валодае ўкраінец Васіль Іванчук, у бліцы — расеец Сяргей Каракін; абодвума жаночымі тытуламі валодае ўкраінка Ганна Музычук.
Паводле кантролю часу гульня ў шахматы меней чым па 60 хвілінаў на 60 хадоў падзяляецца на чатыры катэгорыі. Таксама пасьля кожнага ходу можа дадавацца дадатковы час.
Кожны гулец у хуткіх шахах атрымлівае час ад 10 да 60 хвілінаў[1]. Пасьля кожнага ходу можа дадавацца дадатковы час: напрыклад, 10 сэкундаў за ход. У гэтым выпадку запас часу для кожнага гульца з улікам дададзенага часу павінен быць ад 10 да 60 хвілінаў[1].
На чэмпіянаце сьвету па хуткіх шахматах гульцы маюць па 15 хвілінаў і па 10 сэкундаў за кожны ход, пачынаючы зь першага[2].
Кожны гулец у бліцы мае да 10 хвілінаў на партыю[1], таксама без альбо з дадаваньнем часу пасьля кожнага ходу. У апошнім выпадку найчасьцей абіраецца варыянт па тры хвіліны на партыю з двухсэкундным павелічэньнем. Агульны час гульца ў партыі з 60 хадоў у такім разе ня мусіць перавышаць 10 хвілінаў[1].
На чэмпіянаце сьвету па бліцы гульцы маюць па 3 хвіліны і па 2 сэкунды за кожны ход, пачынаючы зь першага[2].
Кожны гулец у імгненных шахматах мае да 3 хвілінаў па партыю з 40 хадоў[3][4]. Найбольш распаўсюджаны варыянт — 2 хвіліны з даданьнем аднае сэкунды або 1 хвіліна з даданьнем дзьвюх сэкундаў.
З розных прычынаў імгненныя шахматы асабліва папулярныя ў он-лайне. Па-першае, недахоп часу не дазваляе апанэнту карыстацца кампутарнымі праграмамі аналізу. Да таго ж он-лайн-гульня пазбаўленая такіх праблемаў гульні на сапраўднай дошцы, як выпадковае крананьне і раскіданьне фігураў пры хуткіх рухах.
Гэты варыянт гульні абавязкова сканчаецца перамогай аднаго з бакоў, бо чорным у выпадку нічыёй залічваецца перамога. У якасьці кампэнсацыі ж белыя маюць болей часу на партыю. Распаўсюджанымі варыяцыямі ёсьць шэсьць хвілінаў для белых і пяць для чорных альбо пяць і чатыры адпаведна. Пасьля кожнага ходу можа дадавацца дадатковы час[5]. Шахматны «армагедон» звычайна ўжываецца на спаборніцтвах, дзе пераможца ня быў выяўлены.
Да зьяўленьня лічбавых гадзіньнікаў стандартам для хуткіх шахаў ці бліцу быў кантроль па пяць хвілінаў на партыю. А да зьяўленьня шахматных гадзіньнікаў увогуле час кантраляваўся судзьдзём, які агучваў яго кожныя 10 сэкундаў.
У 1988 року амэрыканскі гросмайстар Ўолтэр Браўн заснаваў Сусьветную асацыяцыю бліц-шахматаў.
У гульнях з абмежаваным кантролем часу ягонае сканчэньне для аднаго з гульцоў азначае паразу, акрамя тых выпадкаў, калі супернік ня мае дастаткова матэрыялу, каб паставіць мат (у такім разе партыя сканчаецца ўнічыю). «Параза па часе» распаўсюджваецца і на клясычныя шахі, аднак там здараецца нашмат радзей.
Агульнапрынятым на спаборніцтвах па хуткіх шахматах лічыцца правіла «недазволенага ходу»: калі гулец робіць ход немагчымы ход (напрыклад, ход іншай фігурай у той час, як ягоны кароль знаходзіцца пад шахам), ягоны супернік можа паведаміць пра гэта і запатрабаваць прысуджэньня яму перамогі.
У турнірах, дзе патрэбна вызначыць канчатковае становішча ўдзельнікаў, можа выкарыстоўвацца сэрыя з партыяў са скарочаным кантролем часу, звычайна дзьве партыі — па адной кожным колерам. У шахбоксе таксама выкарыстоўваецца варыянт гульні ў хуткія шахі.
Неафіцыйныя сусьветныя спаборніцтвы па хуткіх шахматах ладзяцца з 1970 року; чэмпіянаты сьвету пад эгідай ФІДЭ існуюць з канца 1980-х.
Першым чэмпіёнам сьвету па «актыўных шахматах» у 1988 року стаў Анатоль Карпаў, неўзабаве турнір стаў звацца чэмпіянатам па хуткіх шахматах[6]. У гэтым жа годзе першым чэмпіёнам сьвету па бліцы стаў Міхаіл Таль[7].
У 1992 року адбыліся першыя жаночыя чэмпіянаты ФІДЭ па хуткіх шахматах і бліцы. Абодва тытулы заваявала вугорская гросмайстарка Жужа Полгар[8].
З 2012 року ФІДЭ ладзіць чэмпіянаты па хуткіх шахах і бліцы ў адзін пэрыяд.
|
|
|
|