ЦСКА | |||||
Поўная назва | па-беларуску: ЦСКА (Масква) | ||||
---|---|---|---|---|---|
Заснаваны | 1911 | ||||
Горад | Масква, Расея | ||||
Стадыён |
ВЭБ Арэна Умяшчальнасьць: 30 000 | ||||
Кіраўнік | Яўген Гінер[d] | ||||
Галоўны трэнэр | |||||
Чэмпіянат | Прэм’ер-ліга | ||||
· 2023—2024 | 6 месца | ||||
| |||||
Галерэя здымкаў у Вікісховішчы Афіцыйны сайт |
ЦСКА (па-расейску: Центральный спортивный клуб армии) — расейскі футбольны клюб з гораду Масквы. Шасьціразовы чэмпіён Расеі, васьміразовы ўладальнік Кубка Расеі. Сяміразовы чэмпіён СССР, пяціразовы ўладальнік Кубка СССР. Уладальнік Кубка УЭФА (2005). ЦСКА зьяўляецца адным з найстарэйшых і самых тытулаваных расейскіх клюбаў у постсавецкай гісторыі[2], які вядзе сваю гісторыю ад каманды ТАЛС (таварыства аматараў лыжнага спорту), заснаванага ў 1911 годзе.
У сэзоне 2009—2010 гадоў ЦСКА выйшаў у першы раз у сваёй гісторыі ў 1/8 фіналу Лігі чэмпіёнаў. Тады расейская каманда сустракалася з гішпанскай «Сэвільляй» і паводле вынікаў сустрэч ЦСКА перайшлі ў наступны раўнд, дзе з аднолькавым лікам 0:1 саступілі італьянскаму «Інтэру».
ЦСКА зьяўляецца трэцім самым папулярным клюбам у Расеі пасьля «Спартаку» й «Зэніту»[3].
Гісторыя футбольнага клюбу ЦСКА пачалася ў 1911 годзе, калі ў Таварыстве аматараў лыжнага спорту (ТАЛС) была арганізавана футбольная сэкцыя[4]. На базе гэтай футбольнай сэкцыі было сфарміравана тры каманды, якія ў тым жа годзе ўпершыню прынялі ўдзел у чэмпіянаце Масквы ў клясе «Б». 14 (27) жніўня 1911 году быў згуляны першы афіцыйны матч каманды ТАЛС з клюбам «Вэга». Матч скончыўся перамогай футбалістаў ТАЛС зь лікам 6:2. У 1917 годзе каманда заваявала першае месца ў Казанскай лізе (першынстве камандаў, якія разьмяшчаліся ў дачных мясцовасьцях уздоўж Казанскай чыгункі) і выйшла ў «А» чэмпіянату Масквы, дзе выступала да 1922 году.
Пасьля сэзону 1917 году частка другой каманды ТАЛС перайшла ў першую. У 1921 годзе ў восеньскім першынстве Масквы (Кубку Фульда) чэмпіён вызначаўся ў «залатым матчы», у якім прымалі ўдзел каманды ТАЛС і КФС. Каманда КФС перамагла зь лікам 6:0. У сэзоне 1922 году футбалісты ТАЛС перамаглі ў вясновым чэмпіянаце Масквы й занялі другое месца ў восеньскім[5]. У тым жа годзе ТАЛС перамагла ў розыгрышу «Кубку КФС — Каламягі», у фінале якога па рэглямэнце сустракаліся пераможцы першай і другой ліг маскоўскага чэмпіянату, і «Кубак Сталіца» у якім сустракаліся чэмпіёны Масквы й Петраграда. Сэзон 1922 году быў апошнім, у якім каманда выступала пад назвай ТАЛС.
У сэзоне 1923 году ў савецкім спорце наступілі перамены. «Буржуазны» спорт вырашылі паставіць на сацыялістычныя рэйкі. Усе старыя спартовыя таварыствы былі зачыненыя альбо расфармаваныя, а на іхняй аснове былі ўтвораны ведамасныя каманды. Усе чальцы «старых» камандаў залічваліся ў адпаведныя ведамствы, а маёмасьць (у тым ліку стадыёны й спортпляцоўкі) перадаваліся новым камандам[6]. Спартоўцы ТАЛС ўліліся ў наваствораную супольнасьць Досьледна-паказальнай пляцоўцы Ўсевобуча (ДППУ), створаная пад крылом Чырвонай арміі. Сярод асноўных мэтаў ДППУ значыліся праца па агульнай і ваеннай падрыхтоўцы дапрызыўнікоў і фізычнае аздараўленьне дапрызыўнікоў і байцоў Чырвонай арміі[7].
|
|