Царква Сьвятога Міхала Арханёла (Сынковічы)

Помнік абарончай і сакральнай архітэктуры
Царква Сьвятога Міхала Арханёла
Царква Сьвятога Міхала
Царква Сьвятога Міхала
Краіна Беларусь
Вёска Сынковічы
Каардынаты 53°7′23″ пн. ш. 25°9′25″ у. д. / 53.12306° пн. ш. 25.15694° у. д. / 53.12306; 25.15694Каардынаты: 53°7′23″ пн. ш. 25°9′25″ у. д. / 53.12306° пн. ш. 25.15694° у. д. / 53.12306; 25.15694
Канфэсія праваслаўе і Беларускі экзархат
Эпархія Гарадзенская і Ваўкавыская япархія[d] 
Архітэктурны стыль Готыка
Статус Ахоўная зонва
Царква Сьвятога Міхала Арханёла на мапе Беларусі
Царква Сьвятога Міхала Арханёла
Царква Сьвятога Міхала Арханёла
Царква Сьвятога Міхала Арханёла
Царква Сьвятога Міхала Арханёла на Вікісховішчы

Царква́ Сьвято́га Міха́ла Арханё́ла[a] — помнік архітэктуры першай паловы XVI стагодзьдзя ў Сынковічах. Знаходзіцца на паўночнай ускраіне вёскі. Пры пабудове была ў юрысдыкцыі Канстантынопальскага патрыярхату, цяпер — у валоданьні Маскоўскага патрыярхату. Твор архітэктуры позьняй готыкі. Аб’ект Дзяржаўнага сьпісу гістарычна-культурных каштоўнасьцяў Беларусі.

Сынковіцкая царква — адзін зь першых абарончых храмаў у Вялікім Княстве Літоўскім, адна з найбольш раньніх гатычных праваслаўных цэркваў Беларусі. Утварае адзіны ансамбль з званіцай, мастацкае аблічча якой пацярпела ад надбудовы купала-цыбуліны.

Вялікае Княства Літоўскае

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У выніку рэстаўрацыйных працаў на фасадзе царквы выявілі літары, выкладзеныя паленай цэглай, якой славяне раней пазначалі лічбы. Гэтыя надпісы некаторыя тлумачыць як 320, што дае ім нагоду гаварыць пра 1320 год[1].

Існуе таксама легенда, што царкву заснаваў Вітаўт Вялікі як удзячнасьць за тое, што ў мясцовых пушчах ён уратаваўся ад пагоні Ягайлы. Аднак на думку гісторыкаў архітэктуры і мастацтвазнаўцаў, будаўніцтва гэтага позьнегатычнага храму, як і цэлага шэрагу падобных, вялося ў першай палове XVI ст. Магчыма, гэта было зроблена на грошы слыннага гетмана Канстантына Астроскага, фундатара Траецкай і Прачысьценскай цэркваў у Вільні, якія таксама маюць абарончыя рысы.

У дакумэнце 1760 году паведамлялася, што царкву заклалі ў пэрыяд кіраваньня каралевы Боны, паміж 1518 і 1556 гадамі. У «Акце візытацыі сынковіцкай царквы за 1760 год» адзначаецца, што пасярэдзіне даху царквы знаходзіўся вежападобны купал з жалезным крыжам. Купал існаваў да канца XVIII ст. і зьнік, відаць, у час аднаго з рамонтаў. Існуюць зьвесткі пра тое, што ў кожнай кутняй вежы была крыпта. У 1760 годзе ўжо існаваў мураваны бабінец.

Пад уладай Расейскай імпэрыі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Па трэцім падзеле Рэчы Паспалітай (1795 год), калі Сынковічы апынуліся ў складзе Расейскай імпэрыі, царква працягвала дзеяць як уніяцкая. Аднак па гвалтоўнай ліквідацыі Грэцка-Каталіцкай (Уніяцкай) царквы ў 1839 годзе расейскія ўлады адабралі будынак царквы ў Сьвятога Пасаду і перадалі ў валоданьне Ўрадавага сыноду Расейскай імпэрыі (Маскоўскай царквы). У 1841 годзе праводзіўся рамонт царквы[2].

У 1880—1881 гадох на царкве замянілі дах, прыбудавалі прытвор і купал над апсыдай, разабралі купал над цэнтральнай часткай[3][b]. У 1891 годзе перад царквой збудавалі бутава-цагляную 2-ярусную 4-гранную званіцу.

У 1926 годзе ўлады міжваеннай Польскай Рэспублікі перадалі царкву ўніятам. Яна стала цэнтрам грэцка-каталіцкай парафіі, якой пэўны час апекаваліся сьвятары з Усходняй місіі езуітаў у Альбэртыне (Слонім). Сярод душпастыраў уніяцкай парафіі ў Сынковічах быў а. Антон Неманцэвіч, SJ, які пазьней стаў экзархам Грэка-каталіцкай Царквы ў Беларусі. Яго намаганьнямі быў зроблены рамонт заняпалай пасьля Першай сусьветнай вайны сьвятыні.

У 1945 годзе савецкія ўлады зачынілі царкву, а яе будынак адабралі пад гаспадарчыя патрэбы. У 1988—1990 гадох царкву перадалі Беларускаму экзархату Маскоўскага патрыярхату.

У 2000 годзе храм-помнік абарончай архітэктуры зьмясьцілі на памятнай манэце, адбітай Нацыянальным банкам Беларусі. У 2007 годзе ў выніку рэканструкцыі царкоўнай званіцы над ёй за грошы расейскага спонсара паставілі вялізны пазалочаны купал-цыбуліну, які псуе мастацкае аблічча гэтага помніка архітэктуры.

Памятная манэта НББ

У архітэктуры выяўляюцца рысы раманскага і гатычнага стыляў. Гэта крыху перакошаны чатырохкутны ў пляне аб'ём памерам 17,5×13 м з 3-нэфавым падзелам. Усе нэфы маюць амаль аднолькавую шырыню — 4 м. Таўшчыня муроў дасягае 1,5 м[4]. Чатыры абарончыя вежы, разьмешчаныя з кутоў, адрозьніваюцца памерамі і архітэктурнымі формамі. Дзьве заходнія вежы стаяць на квадратных падмурках, з трох бакоў іх падтрымліваюць контрафорсы. Верхняя частка вежаў — васьміграньнік з трыма ярусамі байніцаў. Дзьве ўсходнія вежы маюць цыліндрычную форму, тут таксама ёсьць байніцы. У вежах знаходзяцца вітыя ўсходы, якія некалі вялі да байніцаў, разьмешчаных у франтоне.

Верхняя частка сьценаў, апроч усходняй, ахопліваецца магутнай аркатурай, якая трымаецца на ступеньчатых убудаваных кранштэйнах. У прамежках паміж аркамі знаходзяцца акруглыя байніцы, над імі зроблены назіральныя адтуліны. Гэта дазваляла абаронцам царквы сачыць за дзеяньнямі супраціўніка і весьці агонь на большыя адлегласьці. Байніцы былі зроблены ў першую чаргу дзеля абароны. Апроч таго, яны зьяўляюцца важным элемэнтам і сродкам упрыгожваньня царквы. Асабліва ўмацоўваецца заходняя сьцяна царквы. У шчыце франтону зроблены байніцы. У верхняй частцы выкарыстоўваецца «ліхтарык» — своеасаблівы і рэдкі архітэктурны элемэнт, які выконваў ролю назіральнага пункту.

Паштовая марка Беларусі

У шчыце франтону неглыбокія, розныя па форме і памерах атынкаваныя і пабеленыя нішы. Яны здымаюць уражаньне цяжкаватасьці і масіўнасьці, надаюць будынку яркасьць і лёгкасьць. На ўсходніх вежах і алтарных апсыдах прыблізна на вышыні 3 м знаходзіцца дэкаратыўны паясок у выглядзе роўнай рэльефнай аркатуры з паўцыркульных арак раманскага тыпу, якія абапіраюцца на маленькія кранштэйны. Гэтае ўпрыгажэньне арганічна спалучаецца з арачным поясам байніц. Высокі конусападобны дах над алтарнымі апсыдамі адпавядае форме ўсходняга франтону. Выразнымі элемэнтамі готыкі зьяўляюцца стральчатыя аркі аконных праёмаў з жалезнай агароджай, зорчатыя скляпеньні правай апсыды храма і высокі двухсхільны дах.

Невялікая перакошанасьць пляну будынка, некаторая скрыўленасьць восі апсыдаў у адносінах да нэфаў даюць падставы меркаваць, што царкву ўзводзілі мясцовыя майстры, якія выкарыстоўвалі для разьбіўкі пляну простыя, ня вельмі дакладныя вымяральныя інструмэнты.

У інтэр’еры чатыры васьмігранныя слупы падзяляюць унутраную прастору на нэфы, перакрытыя крыжовымі скляпеньнямі з нэрвюрамі. Цэнтральная і паўночная апсыды перакрываюцца крыжовымі, паўднёвая — зорчатымі скляпеньнямі. Атынкаваныя сьцены падзяляюцца прастакутнымі лапаткамі, аб’яднанымі з слупамі падпружнымі аркамі.

Перад царквой стаіць бутава-цагляная 2-ярусная 4-гранная званіца, завершаная шатровым дахам.

Гістарычная графіка

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]


Гістарычныя здымкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
  1. ^ Іншыя формы назвы царквы — Сьвятога Міхаіла Архангела, Сьвятаміхальская, Міхайлаўская
  2. ^ Гэтыя зьвесткі, аднак, супярачаць малюнку В. Гразнова 1867 году, на якім ужо ёсьць прытвор
  1. ^ Прымак І., Чарнуха А. Як рэстаўрацыя «састарыла» царкву // Народная газета. — 19 сакавіка 2011.
  2. ^ Кушнярэвіч А. Сынковіцкая Міхайлаўская царква // ВКЛ. Энцыкл. — Мн.: 2005 Т. 2. С. 648.
  3. ^ Багласаў С. Сынковіцкая царква-крэпасць // Архітэктура Беларусі. Энцыкл. — Менск, 1993. С. 465.
  4. ^ Ткачоў М. Замкі Беларусі. — Менск: «Полымя», 1977. С. 67.

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
Аб’ект Дзяржаўнага сьпісу гісторыка-культурных каштоўнасьцяў Рэспублікі Беларусь, шыфр  410Г000282