Цехацінэк | |||
| |||
Краіна: | Польшча | ||
Плошча: |
| ||
Вышыня: | 40 м н. у. м. | ||
Насельніцтва: |
| ||
Часавы пас: | UTC+1 | ||
летні час: | UTC+2 | ||
Тэлефонны код: | 54 | ||
Паштовы індэкс: | 87-720 | ||
Нумарны знак: | CAL | ||
Геаграфічныя каардынаты: | 52°53′0″ пн. ш. 18°47′0″ у. д. / 52.88333° пн. ш. 18.78333° у. д.Каардынаты: 52°53′0″ пн. ш. 18°47′0″ у. д. / 52.88333° пн. ш. 18.78333° у. д. | ||
Цехацінэк | |||
Галерэя здымкаў у Вікісховішчы | |||
http://www.ciechocinek.pl |
Цехацінак (па-польску: Ciechocinek) — курортнае мястэчка ў Аляксандраўскім павеце Куяўска-Паморскага ваяводзтва Польшчы, у Куяўскім рэгіёне. Плошча — 15,26 км² (2009), насельніцтва — 10 266 чалавек (2022).
Цехацінак знаходзіцца ў Торуньскай катлавіне, на левым беразе ракі Віслы.
У 1975—1998 роках места ўваходзіла ў склад Улацлаўскага ваяводзтва.
Упершыню пра паселішча Слонск (польск. Słońsk) на тэрыторыі сучаснага Цехацінку згадвае Магільненскі фальсыфікат. Праславянскае паселішча магло тут існаваць ужо ў VIII—IX стагодзьдзях. Князь Конрад I Мазавецкі меў у Слонску саляварню, што ўпершыню згадана ў 1235 року. Імаверна, Слонск быў зьнішчаны ў паводках XIII стагодзьдзя разам зь ніжэйшымі раёнамі Плоцка і Торуня.
У 1379 року ў пісьмовых крыніцах упершыню згаданая вёска Цехаціна (польск. Ciechocino). Назва Цехацінак упершыню зьявілася ў 1520 року. Валодалі ёй розныя шляхецкія роды. У 1670 у вёсцы зьявіўся фальварак. На пераломе XVI і XVII стагодзьдзяў сюды прыбылі галяндзкія асаднікі, што спрыяла разьвіцьцю Цехацінку і ваколіцаў: асушаюцца балоты, выкарчоўваюцца лясы, засяляюцца пустэчы.
У I падзеле Рэчы Паспалітай саляныя капальні ў Вялічцы і Бохні адышлі да Аўстрыі, і ўлады сталі шукаць іншыя крыніцы расолаў(d), найбуйнейшую зь якіх адкрылі ў Цехацінку. У 1791 року была прынятая ўстава што да пабудовы саляварні, аднак у 1793 року гэтая тэрыторыя трапіла пад прускую ўладу, а па стварэньні Царства Польскага — пад расейскую.
У 1820-х роках вёска пераходзіць у дзяржаўнае ўладаньне, і тут пачынаецца будаўніцтва градырняў, саляварні і плянтацыі хмызу. Новыя інвэстыцыі паспрыялі і росту жыхароў. Аднак адкрыцьцю саляварні пашкодзіў пачатак паўстаньня 1830 року. Прамысловец, які займаўся будаўніцтвам, па здушэньні паўстаньня быў вымушаны эміграваць у Францыю. Адкрыцьцё ўстановы адбылося ўрэшце ў 1832 року, а з 1836 саляварня стала прымяняцца і ў лекавых мэтах.
У 1867 року да Цехацінку збудаваная чыгунка, у 1869 адкрыты першы вакзал. У канцы XIX стагодзьдзя мястэчка стала найбольшым курортам Царства Польскага.
У верасьні 1915 року Цехацінак акупавалі аўстрыйскія і нямецкія войскі. 23 сакавіка 1916 ён уключаны ва Ўлацлаўскую акругу Варшаўскага генэрал-губэрнатарства, 11 лістапада атрымаў статус места. Ён стаў вайсковым курортам і палявым шпіталём для немцаў.
4 лютага 1919 року польскі ўрад пацьвердзіў мескія правы Цехацінка. У міжваенны пэрыяд курорт працягваў разьвівацца, адкрылася першая геатэрмальная крыніца. У 1924 у склад места ўключаная вёска Аляксандраўка і часткі вёсак Воля-Рацёнжак, Слонск, Валушэва, Новы Цехацінак. У 1939 року ў месьце налічвалася 5200 жыхароў.
У першы дзень нацысцкага нападу ў Цехацінку арганізаваны вайковы шпіталь, які дзейнічаў да эвакуацыі 8-9 верасьня. 12 верасьня места занялі войскі Вэрмахту і айнзацгрупы. У той жа дзень немцы расстралялі 20 раненых жаўнераў, мэдсёстраў і трох выпадкова выбраных жыхароў.
26 кастрычніка Цехацінак уключаны ў Вартэлянд, 22 сьнежня перайменаваны на Германсбад. Права карыстацца санаторыем мелі толькі немцы. Каля 700 жыдоў Цехацінку закрылі ў геце, адкуль частку ў 1940 року перасялілі ў Генэрал-губэрнатарства, а рэшту зьнішчылі ў лягеры сьмерці Кульмгоф. Замест выселеных жыдоў і палякаў сюды прыехалі каля 1000 немцаў. У студзені 1945 року немцы пакінулі места, падпаліўшы харчовыя склады і частку санаторыю. 23 студзеня Цехацінак занялі войскі 125-га корпусу 47-й арміі I Беларускага фронту.
Савецкія ўлады стварылі тут зборны пункт для вяртаньня ваеннапалонных і савецкіх грамадзяняў з прымусовых працаў. Немцаў, якія ня здолелі ўцячы, зьмясьцілі ў лягер, адкуль частку адправілі на прымусовыя працы, а іншых перавезьлі ў перасяленчы лягер у Патуліцах.
У ПНР Цехацінак увайшоў у склад Няшаўскага павету Паморскага ваяводзтва, з 1948 перайменаванага ў Аляксандраўскі. У 1950—1975 роках — у складзе Быдгаскага ваяводзтва. У 1975—1998 роках — у складзе Ўлацлаўскага ваяводзтва.
З 1955 пачынаецца бум санаторнага будаўніцтва: да 1989 паўсталі 5 аздараўленчых шпіталёў, 21 санаторый, 1 прафілякторый, 1 дом лекавага адпачынку.
У 1963—1970 роках збудаваная Ўлацлавацкая гідраэлектрастанцыя, што дапамагло абараніць і Цехацінак ад сталых паводак.
У 1974 зьдзейсьненая газыфікацыя. З 1975 року дзейнічае Музэй курорту.
Цехацінак — чыста курортнае мястэчка, якое практычна ня мае іншай прамысловасьці. Тут дзейнічаюць установы санаторна-курортнаега лячэньня, санаторыі, прафілякторый, базы адпачынку, бювэт, гатэлі, рэстарацыі, саляварня. На тэрыторыі курорту багата паркаў, сквэраў, кветнікаў.
Цехацінскія градырні XIX стагодзьдзя прызнаныя помнікам тэхнічнай думкі.