Цыкорыя

Цыкорыя
Клясыфікацыя
ЦарстваРасьліны
АддзелКветкавыя расьліны
КлясаДвудольныя
АтрадАстракветныя
СямействаАстравыя
ПадсямействаCichorioideae
РодЦыкорыя
Від
Бінамінальная намэнклятура
Cichorium L., 1753
ITIS 36762 ·

Цыко́рыя (па-лацінску: Cichorium), цыкорня — род расьлінаў сямейства Астравых[3][2]. Уключае два культурныя віды і некалькі дзікіх[4].

Цыкорыя — хмызьняковая шматгадовая даволі высокая трава, па пояс чалавека, а то й вышэй. Мясісты корань даволі глыбока пранікае ў грунт.

Сьцябло — разгаліністае, голае, шорсткае. Жорсткае вэртыкальнае сьцябло зьяўляецца на другое лета.

У першы год пры корані зьяўляецца акружак яркіх падоўжаных лістоў зь ярка выказанай галоўнай жылкай. Сьцёблавыя лісткі — сядзячыя, лянцэтныя, на канцы могуць быць закругленыя ці звужаныя.

Кветкі цыкорыі

Суквецьце — раскрытыя кошыкі, сярэдняе велічыні, адзінкавыя, разьмешчаныя на канцах галінак і по 2—3 у пазухах лістоў. Усе кветкі ў кошыках языковыя з блакітнымі ці лявандавымі, радзей белымі ці ружаватымі пялёсткамі.

Плод — невыразны пяціграньнік і мае чубок з кароткіх лусак.

Радзімай цыкорыі звычайна лічаць Міжземнамор’е. Расьце ў зоне умеранага клімату і ў тропіках. Сустракаецца ў Эўразіі, Паўночнай Афрыцы, Паўднёвай і Паўночнай Амэрыцы, Аўстраліі і Новай Зэляндыі.

У дзікім выглядзе цыкорыя расьце на ўзьлесках, паплавох, пустках, па межах палёў і пры дарогах, каля населеных пунктаў.

Вырошчваюць цыкорыю дзеля лісьця, якое выкарыстоўваецца ў салатах, і карэньняў, зь якіх вырабляюць так званую цыкорную каву(en).

Нарыхтоўваюць корань увосені, пасьля дажджоў, калі грунт разьмяклы. Калі корань абкапаць і пацягнуць за вярхушку, ён лёгка выцягваецца цэлы і непашкоджаны. У сухія дні зь зямлі вырываецца толькі самы верх кораню.

У народнай мэдыцыне цыкорыя выкарыстоўваецца для паляпшэньня функцыянальнай дзейнасьці страўніка і дзеля падвышэньня апэтыту. Маладое лісьце цыкорыю ядомае, зьмяшчае вітамін C, каратын; салаты зь іх карысныя для хворых на дыябэт (расьліна зьмяшчае інулін).

  1. ^ lectotype designated by Green, Prop. Brit. Bot.: pg 178. 1929
  2. ^ а б Tropicos, Cichorium L.
  3. ^ Linnaeus, Carl von. 1753. Species Plantarum 2: 813
  4. ^ Altervista Flora Italiana, genere Cichorium includes photos and distribution maps for 4 species
  5. ^ Flann, C (ed) 2009+ Global Compositae Checklist
  6. ^ Kyffhäuser flora