Цыпрыян Базылік | |
польск. Cyprian Bazylik, Cyprian z Sieradza | |
Дата нараджэньня | каля 1535 |
---|---|
Месца нараджэньня | Серадз |
Дата сьмерці | пасьля 1600 |
Месца вучобы | |
Прафэсія | кампазытар, паэт, перакладчык, выдавец |
Жанры | Адраджэньне |
Псэўданімы | Ciprianus Siradiensis, Cyprian z Sieradza |
Цыпрыя́н Базылі́к (па-польску: Cyprian Bazylik, Cyprian z Sieradza, па-лацінску: Ciprianus Siradiensis; каля 1535, Серадз — пасьля 1600) — выдавец, перакладчык, кампазытар, паэт.
Паходзіў зь мяшчанскай сям’і. У 1550—1551 гадах паступіў у Кракаўскі ўнівэрсытэт, дзе быў запісаны як «Cyprianus Mathiae Syradiensis». У сярэдзіне 1550-х прыняў кальвінізм. Потым працаваў у канцылярыі Жыгімонта Аўгуста ў Вільні. У 1557 годзе ўладальнік грэцкіх астравоў Парас і Самас Якаб Базылік Гераклідас, уражаны здольнасьцямі «…Кіпрыяна зь Серадзея, юнака, надзеленага высокімі годнасьцямі, выдатна адукаванага ў свабодных навуках, а асабліва ў паэзіі і музыцы…», правам, дадзеным яму імпэратарам Карлам V, дараваў яму тытул «poeta laureatus» і шляхецкае званьне. Ад Гераклідаса Цыпрыян пераняў герб і другое імя — Базылік. У 1558—1567 гадах прыдворны музыкант, адзін з кіраўнікоў капэлы канцлера вялікага літоўскага М. Р. «Чорнага». У 1569 годзе быў сакратаром ваяводы Серадза Ольбрахта Ласкага. Неўзабаве ажаніўся з Агнешкай Лерн, дачкой кракаўскага месьціча Станіслава.
У 1560—1570 гадах уладальнік і кіраўнік Берасьцейскай друкарні, дзе выдаваліся рэлігійныя і сьвецкія кнігі. У 1570—1580 гадах займаў пасаду войта ў Мельніку на Падляшшы, куды перасяліўся разам зь сям’ёй.
5 лістапада 1576 году ад Стэфана Баторыя атрымаў у карыстаньне сем ланаў (каля 115 га) у каралеўскай вёсцы Машчона і пажыцьцёвае войтаўства. Зь невядомых прычын адмовіўся ад свайго права на гэтую маёмасьць на карысьць Станіслава Кучкоўскага.
Некаторыя свае творы Ц. Базылік пазначаў крыптанімам C. S. (Ciprianus Siradiensis). а пасьля 1557 году — крыптанімам C. B. (Cyprian Bazylik).
Паэтычная спадчына Ц. Базыліка выглядае дастаткова вялікай для XVI ст.
Некаторыя дасьледнікі (А. Брукнер, С. Кот) прыпісваюць Ц. Базыліку аўтарства антыкаталіцкай сатыры «Пратэй, або Пярэварацень» (Proteus abo Odmieniec, выйшла ананімна) і паэмы «Пра зацнасьць герба Варня і пра вялікую адвагу рыцараў з дому паноў Цнаінскіх» (O zacności herbu Warnia, 1600, не захавалася)[1]. Ю. Лабынцаў прыпісвае паэту таксама аўтарства эпіграмы на герб М. Р. «Чорнага» ў Берасьцейскай Бібліі 1563 году[2].
Ц. Базылік зьяўляецца аўтарам 4-галосых пратэстанцкіх песень, выдадзеных у 1556 і 1558 гадах у Кракаве. Захавалася больш за дзясятак польскіх песень і псальмаў для хору і капэлы. Калі не пазначана іншага, усе песьні — чатырохгалосныя. Песьні:
Разам з Вацлавам з Шамотул напісаў музыку да першага друкаванага кальвінісцкага нотна-літургічнага зборніка ў Вялікім Княстве Літоўскім «Песьні хвал боскіх» Яна Зарэмбы (Берасьцейскі канцыянал, 1558). У некаторыя песьні ўвёў складаны кантрапункт. Стварыў 12 чатырохгалосых і адну трохгалосую песьню, 3 манодыі з рэлігійнымі тэкстамі для рэфармацкай царквы. Пасьля 1560 сьляды кампазытарскай дзейнасьці ў творчасьці Ц. Базыліка не сустракаюцца.
Ц. Базылік выступіў як выдатны перакладчык з лацінскай на польскую мову. Польскі дасьледнік С. Кот называе Ц. Базыліка найлепшым перакладчыкам 16 стагодзьдзя[1]. Перакладныя творы аўтара карысталіся вялікай папулярнасьцю ў Вялікім Княстве Літоўскім. Некаторыя зь іх былі ў сваю чаргу перакладзены пазьней на старабеларускую мову («Аповесьць пра Скандэрбэга», «Гісторыя пра Атылу»).
Пераклады:
Некаторыя пераклады зьяўляліся творчымі перапрацоўкамі, свабоднымі кампіляцыямі, як, напрыклад, драматызаваны трактат «Postępek prawa czartowskiego przeciw narodowi ludzkiemu» (Берасьце, 1570) на падставе рэлігійных сярэднявечных «Processus Sathani».