Чакуто (па-японску: 直刀 чакуто: , «прамы меч») — агульная назва старажытнага тыпу мячэй, якія зьявіліся ў японскіх ваяроў прыкладна ў III—IV стагодзьдзі нашае эры. Дакладна невядома, ці зьявіўся чакуто ў Японіі або быў вывезены з Кітаю; лічыцца, што ў Японіі клінкі капіяваліся з замежных узораў. Спачатку мячы адліваліся з бронзы, пасьля іх пачалі каваць з адзінага кавалка нізкаякаснае (іншае тады не было) сталі з дапамогаю даволі прымітыўнае тэхналёґіі. Як і заходнія аналёґіі, чакуто быў прызначаны ў першую чаргу для колючых удараў. Большая частка чакуто мела адносна вузкі клінок зь невялікаю ўнутранаю крывізною, што рабіла іх збольшага падобнымі на старажытнагрэцкі копіс.
Характэрнымі рысамі чакуто было прамое лязо і аднабаковае завострываньне. Найбольш распаўсюджанымі былі два віды чакуто: кадзуці-но-цуруґі (меч з малотавіднаю галоўкаю) меў эфэс з авальнай ґардаю, што канчаўся сьпіжаваю галоўкаю ў форме цыбуліны, а кома-но-цуруґі («карэйскі меч») меў эфэс з галоўкаю ў форме пярсьцёнка. Даўжыня мячоў складала 0,6—1,2 м, але часьцей за ўсё была 0,9 м. Меч насілі ў похвах, пакрытых ліставым сьпіжам і ўпрыгожаных пэрфараванымі ўзорамі.
Найстаражытнейшы зь вядомых чакуто — меч тыпу суканто-но-тачы.