Для шавэрмы выбіраецца мяса: бараніна, індычына, ялавічына, кураціна. Мяса падсмажваюць паводле спэцыяльнай тэхналёгіі ў прызначаных для гэтага вэртыкальных грылях. Выразка нанізваецца на вэртыкальна разьмешчаны ражон, які круціцца вакол сваёй восі і награвальных элемэнтаў, якія знаходзяцца ўздоўж ражна. У меру падсмажваньня мяса яго зразаюць з дапамогаю доўгага нажа тонкімі шматочкамі.
Разам зь мясам у начыньне лавашу або піты дадаюць соўс ды гародніну (таматы, капусту й агуркі).
У Азэрбайджане шавэрмаю называюць страву зь белым кісла-салодкім соўсам і ў лавашы, у той час як традыцыйная шавэрма называецца «дзёнэр-кябаб» або просто «дзёнэр» (азэрб. dönər).
У Армэніі гэтая страва называецца карсы-харавац (шашлык па-карску). Шашлык па-карску ўяўляе зь сябе вялікі шматок мяса на ражне, зь якога па меры прыгатаваньня зразаюць шматочкі і загортваюць іх у псацах (тонкі прэсны ліставы «лаваш»).
У Бэльгіі выкарыстоўваецца назва піта-дзюрум (франц. pita durum) або проста durum (ад турэцкага dürüm — загорнуты), калі начыньне загорнутае ў тонкі лаваш, або проста піта (франц. pita), калі начыньне кладзецца ў палову піты.
У Вялікай Брытаніі называюць скарочана «кебаб» ад турэцкага döner kebab.
У Грэцыі ды на Крыце мяса, прыгатаванае на вэртыкальным ражне, называецца гірас, а начыненая гэтым мясам піта — гірас піта.
У Ізраілі для гэтай жа стравы выкарыстоўваецца назва шава́рма[3], але ў звычайным напісаньні іўрытам (іўр. שווארמה) шырока пашыранае прачытаньне «шва́рма»; ізраільскія арабы вымаўляюць яго як шуа́рма. Падаецца ў піце або ў тонкім лавашы — лафэ. Карэнныя ерусалімцы называюць лафу «аштану́р».
У Іране страву называюць «турэцкім кябабам» (пэрс. کباب ترکی kabāb-e torki).
У Казахстане прадаецца і шавэрма, і розныя данэры (данэр-кябаб, данэр-дурум).
У Нямеччыне выкарыстоўваецца назва «дзёнэр-кябаб» (ням. dönerkebab) або просто дзёнэр. Таксама ёсьць адмена дзюрум (ад турэцкага dürüm — загорнуты), калі начыньне загорнутае ў тонкі лаваш.
У Польшчы выкарыстоўваецца назва кэ́баб (ад ням. Dönerkebab) з папраўкаю на польскі націск.
Ва Ўзбэкістане ўжываецца назва турк-кабоб або донар, рэдка шаурма. Аднак загорнутая ў лаваш страва называецца часта проста «лаваш», а «турк-кабоб» азначае прыгатаваная ў тонкім хлябцы, як піта. «Донар» падаецца як асобная другая страва з гарнірам.
У Францыі гэтую страву называюць кябаб (франц. le kebab) або шаварма (франц. chawarma).
У Чэхіі для гэтай стравы выкарыстоўваецца назва гірас, якая мае грэцкае паходжаньне
На 2019 год у сталіцы Беларусі налічвалася прынамсі 66 страўняў, дзе падавалі шавэрму, у тым ліку беларускамоўная «Кропка» ў Пермашайскім раёне па вуліцы Талбухіна, д. 6[4] (каля станцыі мэтро Парк Чалюскінцаў). У 5 абласных цэнтрах працавала прынамсі 50 адпаведных страўняў: 10 у Берасьці[5], 15 у Віцебску[6], 5 у Горадні[7], 12 у Гомелі[8] і 8 у Магілёве[9].