Шака

Шака Зулу

Шака (часам Чака) «Зулу» (каля 178722 верасьня 1828) — правадыр (інкосі) племені зулусаў. Ператварыў зулусаў зь невялікага племені ў нацыю, якая запанавала на нейкі час на большай частцы Паўднёвай Афрыкі. Ён быў выбітным вайсковым стратэгам і адным з выбітных палітычных правадыроў зулусаў.

Шака нарадзіўся на тэрыторыі сучаснай паўднёвааафрыканскай правінцыі Квазулу-Натал як сын правадыра Сэнзангаконы і князёўны Нандзі, што належалі да блізкасваяцкіх кланаў, якім было забаронена ўступаць у шлюб, а таму нараджэньне Шакі стала непрыемнай падзеяй для ўсяго роду. Нандзі і яе сын цярпелі ад пастаянных кпінаў і прыніжэньняў. У шасьцігадовым веку Шака разам з маці быў выгнаны з бацькавага крааля, і яны пайшлі да сваякоў маці. У выніку голаду Шака разам з маці ізноў перасяліўся да цёткі, клан якой жыў побач з магутным племянным зьвязам мтэтва на чале з старым правадыром Джобэ. Яго насьледнікам стаў Дзінгісваё, які аказаў найвялікшы ўплыў на Шаку.

Шаку было нейдзе 23 гады, калі Дзінгісваё уключыў інтангу (векавую групу) Шакі ў полк Ізі-цьве. Шака служыў мтэтва шэсьць гадоў і вылучыўся харобрасьцю, стаўшы генэралам. Дзінгісваё высунуў новыя ідэі вайсковай арганізацыі: у першую чаргу гэта палкі (імпі) і герархічная структура войска. Створаныя такім чынам магутныя войскі сталі прычнай Мфэканэ — перасяленьня народаў паўднёвай Афрыкі — разьбітыя супольнасьці ратаваліся ўцёкамі, пераймалі новыя мэтады вядзеньня вайны і ў сваю чаргу нападалі, так пачыналіся ўсё новыя войны і мяняўся лад жыцьця. Шака пераняў і ўдасканаліў вайсковыя мэтады Дзінгісваё, і выкарыстаў іх за часы ўласнага кіраваньня.

Пасьля сьмерці Шакавага бацькі Сэнзангаконы Дзінгісваё дапамог Шаку разьбіць ягонага брата і той стаў уладаром ў 1816 годзе. Шака заснаваў сыстэму палкоў, падобную сыстэме Дзінгісваё, увёў новую зброю і шчыты, цэнтралізавана захоўваючы некаторыя яе віды ва ўласных складах. Шака таксама дысцыплінаваў войска і прывучыў яго да бліжняга змаганьня, а таксама падвысіў яго мабільнасьць.

Да Шакі большасьць баёў у гэтым рэгіёне Афрыкі былі масавымі бітвамі, калі войскі перакідваліся паляўнічымі дзідамі з адлегласьці паўсотні мэтраў, крыху манэўруючы. Шака вынайшаў зулускую тактыку бітвы, прыдумаўшы для свайго войска новае шыхтаваньне — «бычыныя рогі» — у чатыры группы. Перамагаючы навакольныя плямёны Шака прапаноўваў ім выбар — зьнішчэньне ці далучэньне да яго войскаў. Далучаныя пакідалі свае плямёны і станавіліся зулусамі. Новыя ваяры навучалі зулускаму майстэрству вайны і фармаваліся ў палкі. Шака зьмяніў характар вайны і ўкараніў такі яе мэтад, як поўнае фізычнае зьнішчэньне ворага. Тактыка Шакі выкарыстоўвалася зулусамі і пасьля ягонае сьмерці, яна аказалася дзейснай нават супраць узброеных стрэльбамі ангельцаў.

У апошнія гады яго жыцьця, на землях зулусаў зьявіліся ангельцы і Шака лічыў сваёй галоўнай задачай авалодаць ведамі белага чалавека, але канкрэтных крокаў зрабіць не пасьпеў. Шака дазволіў эўрапейскім пасяленцам прыйсьці і дзейнічаць у сваім каралеўстве, чым адчыніў шлях да далейшага брытанскага ўмяшаньня.

У выніку кіпучае дзейнасьці Шакі зулускія ўладаньні пастаянна пашыраліся і ўлада Шакі ўмацоўвалася. Аднак, пасьля сьмерці маткі ў 1827 годзе, Шака зьехаў з глузду. Ён быў пэўны, што матка памёрла ад порчы і зьвярнуўся да шаманаў. Налета ён забіў каля 7000 сваіх супляменьнікаў, ніякіх пасяўных работ не рабілася і не было ўраджая, былі забітыя тысячы кароваў, а таму прыйшоў голад. У дадатак да таго ўсе цяжарныя жанчыны былі забітыя разам з мужамі і немаўлятамі на загад Шакі. Гэта спрычыніла закалот і ў 1828 годзе Шака быў забіты зводным братам Дзінгаанам, які і стаў наступным уладаром зулусаў.

На момант сваёй сьмерці Шака ўладарыў над прыкладна 250 000 чалавек, а яго войска магло дасягаць 50 000 ваяроў. Яго 10-гадовае праўленьне спрычынілася да сьмерці больш чым 2 млн чалавек толькі ў выніку саміх войнаў, ня лічачы ахвяраў масавых племянных міграцыяў, калі людзі ўцякалі ад яго войскаў.

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Шакасховішча мультымэдыйных матэрыялаў