Шаньсі | |
кіт. 山西 | |
Агульныя зьвесткі | |
---|---|
Краіна | Кітай |
Статус | правінцыя |
Адміністрацыйны цэнтар | Таюань |
Улучае | 11 акругаў, 119 паветаў, 1388 воласьцяў |
Найбольшы горад | Таюань |
Губэрнатар | Юй Юцьзюнь |
Сакратар КПК | Чжан Баашунь |
Насельніцтва (2010) | 35 712 111 чал.[1] (18-е месца) |
Шчыльнасьць | 230 чал./км² (19-е месца) |
Нацыянальны склад | хань, хуэй |
Плошча | 156 000[2] км² (19-е месца) |
Месцазнаходжаньне правінцыі Шаньсі | |
Мэдыя-зьвесткі | |
Код ISO 3166-2 | CN-14 |
Афіцыйны сайт | |
Дадатковыя мультымэдыйныя матэрыялы |
Шаньсі́ (па-кітайску: 山西, піньінь: Shānxī) — правінцыя ў цэнтральным Кітаі. Сталіца і найбуйнейшы горад — Таюань. Мяжуе з правінцыямі Хэбэй (на ўсходзе), Шэньсі (на захадзе), Хэнань (на поўдні) і аўтаномным раёнам Унутраная Манголія (на поўначы).
Правінцыя Шаньсі ляжыць паміж Паўночнакітайскай раўнінай і сярэдняй часткай ракі Хуанхэ, якой праходзіць натуральная мяжа правінцыі на захадзе і поўдні. Уздоўж паўночнай мяжы цягнецца Вялікая Кітайская Сьцяна. На захадзе Шаньсі мяжуе з правінцыяй Шэньсі, на поўдні з правінцыяй Хэнань, на ўсходзе з правінцыяй Хэбэй і на поўначы з аўтаномным раёнам Унутраная Манголія.
Большая частка правінцыі знаходзіцца на вышыні больш за 1000 мэтраў над узроўнем мора. Горныя ляндшафты складаюць 67,5% ад плошчы правінцыі і займаюць пераважна паўночна-заходнюю частку тэрыторыі. Найбольш значнымі горнымі масівамі зьяўляюцца горы Люйлян (да 2831 м), Тайхан (да 2322 м), Вутай (да 3058 м), Хэншань (да 2017 м) і Таюэ (да 2567 м). Шаньсі ляжыць ва ўсходняй частцы лёсавага плято.
Клімат у Шаньсі халодны і сухі. Сярэднегадовая тэмпэратура на поўначы складае каля 5 °C, на поўдні каля 15 °C. На поўначы толькі на працягу чатырох календарных месяцаў на бывае маразоў, на поўдні — на працягу сямі месяцаў. Сярэднегадовы ўзровень ападкаў паніжаецца з паўночнага ўсходу на паўднёвы захад і складае ад 350 да 700 мілімэтраў. Каля 60% ападкаў прыпадае на лета.
Найбуйнейшымі рэкамі зьяўляюцца Хуанхэ, Фэнхэ, Санганхэ і Хутхохэ.
Адміністрацыйна правінцыя падзяляецца на 11 гарадзкіх акругаў: Датун, Ліньфэнь, Люйлян, Сіньджоў, Таюань, Цьзіньчжун, Цьзіньчэн, Чанчжы, Шачжоў, Юньчэн, Янцюань.
Шаньсі належыць да правінцыяў, у якіх адбывалася зараджэньне кітайскай культуры. У пэрыяд нэаліту тут між іншым утварылася раньняя дынастыя Ся. Да гэтага ядра ў першую чаргу адносяцца паўднёвыя тэрыторыі з пладароднымі лёсавымі землямі. Археалягічныя знаходкі на поўначы правінцыі сьведчаць таксама пра тое, што гэты рэгіён уваходзіў у склад зямель дынастыі Джоў (1100—771 да нашай эры).
У Эпоху ваюючых царстваў тэрыторыі правінцыі належылі царству Чхао. З 1937 па 1945 год правінцыя знаходзілася ў японскай акупацыі.
Згодна зь перапісам насельніцтва 2002 году ў правінцыі налічвалася 32 368 083 прадстаўнікі народнасьці хань, што складала 99,68% ад агульнай колькасьці яе насельніцтва. Пасьля ханьцаў найбольш значнымі этнічнымі групамі зьяўляюцца хуэй (0,19%), маньчжуры (0,04%), манголы (0,03%) і мяо (0,01%).
Да зямельных багацьцяў правінцыі ў першую чаргу адносіцца вугаль. Маюцца таксама залежы і іншай сыравіны, напрыклад баксыту, медзі, алюміну й серы. Вугальны рэўер займае 37% плошчы Шаньсі і зьмяшчае 200 мільярдаў тон вугля, што адпавядае 1/3 агульнай колькасьці залежаў вугля ў Кітаі. Шаньсійскі вугаль ідзе на экспарт, а таксама пастаўляецца ў больш за 20 іншых адміністрацыйных адзінак Кітаю.