Шарль Эрміт (па-француску: Charles Hermite; 24 сьнежня 1822 — 14 студзеня 1901) — францускі матэматык, які займаўся дасьледаваньнямі тэорыі лікаў, квадратовых формаў, тэорыі інварыянтаў, артаганальных паліномаў, эліптычных функцыяў і альгебры. У ягоны гонар названыя паліномы Эрміта, інтэрпаляцыя Эрміта, нармальная форма Эрміта, апэратары Эрміта і кубічныя сплайны Эрміта. Адным зь ягоных вучняў быў Анры Пуанкарэ. Ён быў першым, хто даказаў, што лік e, аснова натуральных лягарытмаў, ёсьць трансцэндэнтным лікам.
Эрміт нарадзіўся 24 сьнежня 1822 году ў грамадзе Д’ёз дэпартамэнту Мазэль[13]. Зь дзяцінства меў дэфармаваную правую нагу, што моцна паўплывала на ягоныя рухальныя здольнасьці цягам усяго жыцьця. Ён быў шостым зь сямі дзяцей Фэрдынанда Эрміта і ягонай жонкі Мадлен, у дзявоцтве Лялеман. Фэрдынанд працаваў у тэкстыльным справе сям’і Мадлен, паралельна займаючыся мастацкай дзейнасьцю. У 1828 годзе тэкстыльнае прадпрыемства пераехала ў Нансі, таму сям’я таксама зьехала ў гэты горад[14].
Эрміт атрымаў сярэднюю адукацыю ў каледжы Нансі, а затым у Парыжы ў каледжы Гэнрыха IV і ліцэі Людовіка Вялікага[13]. Там будучы матэматык прачытаў некаторыя працы Жазэфа-Люі Лягранжа ў справе разьвязаньня лікавых раўнаньняў і публікацыі Карла Фрыдрыха Гаўса па тэорыі лікаў.
Эрміт меў намер працягнуць навучаньне ў Політэхнічнай школе, вядомай сваімі дасягненьнямі ў матэматыцы, навуцы і інжынэрыі. Пад кіраўніцтвам матэматыка Эжэна Шарля Каталяна Эрміт прысьвяціў год падрыхтоўцы да складанага ўступнага іспыту[14]. У 1842 годзе ён быў залічаны ў школу[13]. Аднак праз год школа не дазволіла Эрміту працягваць навучаньне праз дэфармацыю нагі. Ён спрабаваў вярнуцца да навучаньня, але адміністрацыя ўстановы выставіла жорсткія ўмовы. Эрміт іх не прыняў і пакінуў Політэхнічную школу без дыплёма[14].
У 1842 годзе ў часопісе «Новыя аналы матэматыкі» была апублікаваная першая арыгінальная праца Эрміта ў матэматыцы, якая засяродзілася на простым доказе тэарэмы Нільса Абэля пра немажлівасьць альгебраічнага разьвязаньня раўнаньняў пятай ступені[13]. Ліставаньне з Карлам Якобі, якая пачалася ў 1843 годзе і цягнулася ўвесь наступны год, прывяла да таго, што ў поўнае выданьне працаў Якобі былі ўлучаныя два артыкулы Эрміта. Адзін зь іх тычыўся пашырэньня на абэлевыя функцыі адной з тэарэмаў Абэля пра эліптычныя функцыі, а другі — трансфармацыі эліптычных функцыяў[13]. Пасьля пяці гадоў самастойнай працы над атрыманьнем ступені, падчас якіх ён пасябраваў з выдатнымі матэматыкамі Жазэфам Бэртранам, Карлам Якобі і Жазэфам Ліўвілем, Эрміт паспяхова здаў іспыты на ступень бакаляўра, якая была прысуджаная яму ў 1847 годзе. У 1848 годзе ён ажаніўся зь сястрой Жазэфа Бэртрана, Люізай[14].
У 1848 годзе Эрміт вярнуўся ў Політэхнічную школу як рэпэтытар і экзамэнатар па прыёме ў навучальную ўстанову. У ліпені 1848 году яго абралі сябрам Францускай акадэміі навук. У 1856 годзе ён захварэў на натуральную воспу. Дзякуючы ўплыву Агюстэна-Люі Кашы і сястры, якая яго даглядала, зноў зьвярнуўся да каталіцтва. З 1862 па 1873 год навуковец працаваў лектарам у Вышэйшай нармальнай школе. У 1869 годзе ён замяніў Жана-Мары Дзюамэля на пасадзе прафэсара матэматыкі, як у Політэхнічнай школе, дзе заставаўся да 1876 году, гэтак і ў Парыскім унівэрсытэце, дзе працаваў да сваёй сьмерці. На свой 70-ы дзень нараджэньня атрымаў Ордэн Ганаровага легіёну. Сканаў у Парыжы 14 студзеня 1901 году.
Як настаўнік, які натхняе, Эрміт імкнуўся разьвіваць захапленьне простай прыгажосьцю і адхіляць занадта суворую дакладнасьць. Ягонае ліставаньне з Томасам Стыльджэсам сьведчыць пра вялікую дапамогу, якую ён чыніў тым, хто толькі пачынаў навуковую кар’еру. Ягоныя апублікаваныя курсы лекцыяў зрабілі важны ўнёсак і мелі ўплыў. Важнымі былі працы навукоўца ў фундамэнтальную матэматыку, апублікаваныя ў вядучых матэматычных часопісах сьвету. Яны галоўным чынам датычыліся абэліевых і эліптычных функцыяў, а таксама тэорыі лікаў.
У 1858 годзе Эрміт выявіў, што раўнаньні пятай ступені могуць быць разьвязаныя з дапамогай эліптычных функцыяў. У 1873 годзе ён даказаў, што лік e, аснова натуральнай сыстэмы лягарытмаў, ёсьць трансцэндэнтным лікам. Тэхнікі, падобныя да тых, якія выкарыстоўваў Эрміт дзеля даказу трансцэндэнтнасьці e, былі выкарыстаны Фэрдынандым фон Ліндэманам у 1882 годзе, каб паказаць, што π таксама ёсьць трансцэндэнтным лікам.