Шурпаты вяз | |
Шурпаты вяз | |
Клясыфікацыя | |
---|---|
Надцарства | Эўкарыёты |
Царства | Расьліны |
Група | Судзінкавыя расьліны |
Аддзел | Насенныя расьліны |
Пададдзел | Кветкавыя расьліны |
Кляса | Двухдольныя |
Надатрад | Разіды |
Атрад | Ружакветныя |
Сямейства | Вязовыя |
Род | Вяз |
Бінамінальная намэнклятура | |
Ulmus glabra Hudus. | |
Шурпаты вяз (горны вяз) — гэта від лістападных дрэваў з роду вязаў сямейства вязовых[1].
Дрэва да 30—40 м вышыні, са ствалом да 2 м у дыямэтры; карона са шматлікімі коса ўгару скіраванымі асноўнымі галінамі і пэрыфэрыйнымі, якія нікнуць маладымі галінкамі, густая шырока цыліндрычная, наверсе закругленая. Маладыя галінкі таўставатыя, густа рудаваты валасістыя, зь цёмна бурай карой. Кара на сталых галінах шэрая ці жоўта-бурая й на ствалах бурая з глыбокімі расколінамі. Кольца драўніны судзінкавыя зь ядром. Абалона жаўтлявага колеру. Ядро — бурага колеру, гадавыя пласты добра бачны. Парасткі тоўстыя, цёмна-бурыя, шурпатыя, цьвёрда валасістыя. Пупышкі шырока канічныя тупыя, густа апушаныя, 6—9 мм даўжынёй. Хвосьцік тоўсты, вельмі кароткі, 1—4 мм даўжынёй, цёмна-карычневы, апушаны. Лісьце эліптычнае ці яйцападобнае, у аснове не раўнабокія скругленыя ці клінаватыя, на верхавіне больш-менш завостраныя й часам на моцных парастках, часам 3-лопасьцевыя, па краі зубцы буйныя, двойчы зубчастыя, зьверху цёмна-зялёныя, шурпатыя, зьнізу больш бледныя, па жылках апушаныя часам амаль голыя, да 18—20 см даўжынёй і 10—12 см шырынёй; бакавых жылак з кожнага боку 14—19. Кветкі ў густых пучках, кветаножкі карацей за крылаткі. Калякветнік 5—6-лопасьцевай. Квітнее ў красавіку. Крылаткі яйцападобныя, да 3 см даўжынёй і 2 см шырынёй, голыя. Плод — арэшак у цэнтры крылаткі.
Цьвіце ў красавіку, плоданосіць у канцы траўня — пачатку чэрвеня. Размнажаецца насеньнем, парасткамі, каранёвымі атожылкамі. 1000 штук насеньня важаць 14 г; у 1 кг 73—83 тысячаў штук насеньня. Норма высеву 8 г на 1 м грады; выйсьце сеянцаў у сярэднім 50 штук. Сеянцы над семядолямі маюць 1–4 пары супрацьлеглага лісьця. Жыве да 300 гадоў.[2]
Агульнае пашырэньне: Эўропа, на Атлянтычным узьбярэжжы Скандынаўскай паўвыспы да 66° пн. ш.; на поўдні ў горах падымаецца да 1500 м. Распаўсюджваньне ў Беларусі: ува ўсіх абласьцях краіны часта, асабліва ў паўднёвай часткі. Расьце ў абалонных шыракалістых і зьмяшаных лясах, па берагах рэк і азёраў, часта ў другім ярусе дубовых, яловых і букавых лясоў. Да глебы даволі патрабавальны. Засаленьня й сухасьці амаль не выносіць. Дасягае буйных памераў, утвараючы ў гушчарах даволі стройны ствол. Расьце хутка ў вышыню толькі да 40—60 гадоў. У лесе дае багатае насеннае аднаўленьне й пры моцным зацяненьні нярэдка кусьціцца.
Пры поўным асьвятленьні растуць даволі добра й утвараюць магутную крону. Сьвятлалюбная, у маладосьці даволі ценявыносьлівыя, засухаўстойлівая расьліна, але пашкоджваецца моцным марозам і схільная к грыбковым хваробам. Часам назіраецца масавая згуба, якая выклікаецца грыбком Графій ільмавы (лац. Graphium ulmi Schw); пераносчыкам яго зьяўляецца жучок (лац. Geolytus scolytus).
Шырока й даўно ўжываецца як асноўнае паркавае дрэва па ўсяму арэалу. Вырошчваецца як дэкаратыўнае дрэва ў вулічных насаджэньнях, садах і парках. Меданосная расьліна.
Кара багатая дубільнымі й фарбавальнымі рэчывамі. 3 кары вырабляюць жоўтую фарбу і дубільнікі.
Насеньне багатае на алей, лісьце мае вітамін С.
Мае моцную, трывалую, мулкую й пруткую драўніну, якая скарыстоўваецца для рознага роду вырабаў. Ужываецца ў бондарстве, дзе збольшага замяняе дуб, а таксама ў сталярнай вытворчасьці, карабельніцтве і інш.