Шэйх Мансур Ушурма | |
чэрвень 1762 — 13 красавіка 1794 (31 год) | |
Месца нараджэньня | Алды, Чачэнія |
---|---|
Месца сьмерці | Шлісэльбурская крэпасьць (паводле іншых зьвестак — Салавецкі манастыр) |
Званьне | шэйх |
Бітвы/войны | Каўкаская вайна (1787—1791) |
Шэйх Мансу́р (сапраўднае імя — Ушурма; 1765, паводле іншых зьвестак 1760, Алды, Чачэнія — 13 красавіка 1794) — вайсковы, рэлігійны й палітычны лідэр каўкаскіх горцаў у канцы XVIII стагодзьдзя. Удзельнік Каўкаскае вайны 1785—1791 гадоў. Нацыянальны герой чачэнскага народу.
Належыў да тэйпу Элістанжхой. Бацька Шаабаз быў родам зь сяла Элістанжы. Некаторы час сям’я жыла ў сяле Хатуні, затым — у сяле Алды. У дзяцінстве вывучаў Кур'ан у дагестанскага мулы.
У канцы XVIII стагодзьдзя пачаў прапаведаваць сваё рэлігійнае вучэньне сярод чачэнцаў і падбухторыў іх супраць Расеі. Аддзел колькасьцю ў 2000 чалавек з 2 гарматамі на чале з палкоўнікам Дэ П’еры, пасланы для захопу Мансура й яго аднадумцаў, быў разьбіты 6 ліпеня 1785 году ля паселішча Алды. Сам П’еры загінуў. У ліку палонных апынуўся ад’ютант Пётр Багратыён.
Посьпех у гэтай бітве заахвоціў Мансура распачаць шэраг наступальных дзеяньняў супраць расейскіх умацаваньняў і станіцаў Каўкаскае лініі. Гарнізоны, што займалі ўмацаваньні ад Маздоку да Ўладзікаўказу, не былі ў стане засьцерагчы дарогу ў Грузію ад нападаў з боку чачэнцаў. З прычыны гэтага ў 1786 годзе толькі што збудаваныя ўмацаваньні (Пацёмкіна, Грыгарыпаль, Уладзікаўказ) былі пакінутыя й гарнізоны выведзеныя на лінію.
Асноўнымі сваімі мэтамі Мансур ставіў змаганьне з рабствам, фэўдаламі, кроўнай помстай, і ў цэлым, замену горскіх адатаў на мусульманскія законы шарыяту.
Рух Мансура, які распаўсюдзіўся сярод кабардынцаў і закубанцаў, хутка ахапіў увесь Паўночны Каўказ. Змаганьне з Мансурам і туркамі, якія зьявіліся да яго на дапамогу, падчас вайны 1787—1791 гадоў запатрабавала вялікіх высілкаў і каштавала Расеі шматлікіх ахвяраў.
Пасьля некалькіх удалых паходаў, а галоўнае — пасьля перамогі 30 верасьня 1790 году генэрала Германа над турэцка-горскім аддзелам турэцкага ары Батал-бэя на беразе Кубані, сілы Мансура былі зьнясіленыя й ён з апошнімі аддзеламі адышоў у занятую туркамі Анапу. 22 чэрвеня 1791 году, падчас штурму й узяцьця расейскімі войскамі Анапы, Мансур быў паранены й трапіў у палон.
Памёр у ссылцы ў Шлісэльбурскай крэпасьці (паводле іншых зьвестак — у Салавецкім манастыры[1]).
Шэйх Мансур — сховішча мультымэдыйных матэрыялаў