Энтані Дэвіс

Энтані Дэвіс
па-ангельску: Anthony Marshon Davis
Пазыцыя: цяжкі форвард, цэнтравы
Рост: 211 см
Вага: 115 кг
Грамадзянства:
Нарадзіўся: 11 сакавіка 1993(1993-03-11) (31 год)
Альма-матэр:
Драфт

1, драфт НБА 2012 году
Нью-Арлеан Пэліканз

Клюбная інфармацыя
Клюб Далас Мавэрыкс
Клюбы
Гады Клюб
2011—2012 Кентукі Ўайлдкэтс[d]
2012—2019 Нью-Арлеан Пэліканз
2019—2025 Лос-Анджэлес Лэйкерз
2025—4 Далас Мавэрыкс
Асабістыя ўзнагароды і дасягненьні
Статыстыка на NBA.com

Энтані Мэршан Дэвіс-малодшы (па-ангельску: Anthony Marshon Davis Jr.; 11 сакавіка 2993 году) — амэрыканскі прафэсійны баскетбаліст, які выступае за «Далас Мавэрыкс» у Нацыянальнай баскетбольнай асацыяцыі. Гуляе на пазыцыях цэнтральнага і цяжкога форварда. Дэвіс ёсьць дзесяціразовым удзельнікам Матчу ўсіх зорак НБА і ўваходзіў у чатыры першыя каманды НБА і пяць камандаў усіх абаронцаў НБА. У сваім першым сэзоне з «Лэйкерз» здабыў тытул пераможцы НБА 2020 году. У 2021 годзе быў улучаны ў зборную НБА да 75-годзьдзя[2]. Дэвіс зважаецца адным з найвялікшых форвардаў усіх часоў[3][4][5][6].

Пачаў займацца баскетболам у камандзе Чартэрнай школы Пэрспэктывы ў Чыкага. Школа спаборнічала ў слабай лізе, таму спачатку аніхто з скаўтаў не зьвяртаў увагі на Дэвіса. Аднак пазьней яго пачалі лічыць адным з самых таленавітых баскетбалістаў свайго веку, і практычна ўсе самыя папулярныя скаўцкія рэсурсы ўлучылі яго першыя месцы ў свае сьпісы самых пэрспэктыўных гульцоў ЗША. Гулец у 2011—2012 гадах правёў сэзон у студэнцкай лізе, абараняючы колеры Кентукійскага каледжу.

У 2012 годзе ён быў абраны ў першым раўндзе драфту НБА пад першым нумарам клюбам «Нью-Арлеан Горнэтс»[7]. 1 лістапада ён запачаткаваў выступы ў НБА ў матчы супраць «Сан-Антоніё Спэрз», у якім набраў 21 пункт. У сваёй другой гульні 9 лістапада аформіў свой першы дабл-дабл з 23 пунктамі і 11 падборамі супраць «Шарлот Бобкэтс». Узімку 2013 году ўзяў удзел у матчы пачаткоўцаў на Ўік-эндзе ўсіх зорак[8]. 9 сакавіка ў гульні супраць «Мэмфіс Грызьліз» зрабіў 18 падбораў, што стала ягоным рэкордам на той момант. 10 красавіка баскетбаліст атрымаў траўму ў выніку сутыкненьня з Маркусам Торнтанам з «Сакрамэнта Кінгс» і выбыў да сканчэньня сэзону[9].

У складзе «Нью-Арлеан Пэліканз» у 2017 годзе.

У наступным сэзоне ягоная каманда зьмяніла назву на «Нью-Арлеан Пэліканз», а гулец 8 лістапада 2013 году ў гульні супраць «Лос-Анджэлес Лэйкерз» зарабіў рэкордныя 32 пункты і зрабіў 12 падбораў і 6 блёк-шотаў. У лютым Дэвіс браў удзел у Матчы ўсіх зорак НБА[10], а 14 сакавіка ў сустрэчы з «Портлэнд Трэйл Блэйзэрз» ён пераўзвысіў свой папярэдні рэкорд, назьбіраўшы за матч 36 пунктаў. 16 сакавіка, у наступнай гульні сэзону, зарабіў 40 пунктаў і зрабіў 21 падбораў у пераможным матчы над «Бостан Сэлтыкс». Але зноў як і ў папярэдні раз праз пашкоджаньні датэрмінова скончыў сэзон. У новым сэзоне 22 лістапада ў матчы супраць «Юты Джаз» бакетбаліст зарабіў 43 пункты, што на той момант сталася ягоным максымумам у кар’еры. У тым жа сэзоне Дэвіс стаў гульцом з найбольшай колькасьцю блёк-шотаў у гісторыі франшызы, давёўшы іхны лік да 437. 21 лютага 2016 году ўсталяваў рэкорд франшызы, назьбіраўшы 59 пунктаў і зрабіўшы 20 падбораў у пераможным матчы супраць «Дэтройт Пістанз». У сакавіку атрымаў траўму і прапусьціў рэшту сэзону[11]. 22 сьнежня 2017 году зарабіў свой 7938-ы пункт ў кар’еры ў матчы супраць «Сан-Антоніё Спэрз», абышоўшы Крыса Пола ў сьпісе бамбардзіраў франшызы за ўвесь час. 28 студзеня 2018 году спартовец зрабіў свой 3853-і падбор, абышоўшы паводле гэтага паказьніку ў гісторыі франшызы Дэйвіда Ўэста. 28 студзеня 2019 году кіраўніцтва клюбу паведаміла, што ён ня будзе складаць новую працоўную дамову і патрабуе абмену.

6 ліпеня 2019 году быў абменены ў «Лос-Анджэлес Лэйкерз» на Лонза Бола, Брэндана Інгрэма, Джоша Гарта і некалькі выбараў першага раўнду на драфтах[12]. За новую каманду дэбютаваў 22 кастрычніка ў матчы супраць «Лос-Анджэлес Кліпэрз», дзе назьбіраў 25 пунктаў, зрабіў 10 падбораў і 5 перадачаў. Узімку ўзяў удзел у Матчы ўсіх зорак НБА. У сэзоне 2020—2021 гадоў прапусьціў 30 матчаў праз траўмы. У наступным годзе праблемы з траўмамі ўсьцяж трывалі, у выніку чаго гулец упершыню з 2013 году ня быў запрошаны дзеля ўдзелу ў Матчы ўсіх зорак НБА.

Падчас плэй-оф 2023 году Дэвіс стаў трэцім гульцом «Лэйкерз» з 50 блёк-шотамі за адзін плэй-оф, саступіўшы толькі Шакілу О’Нілу і Карыму Абдул-Джабару[13]. 4 жніўня 2023 году Дэвіс падпісаў новы трохгадовы кантракт з «Лос-Анджэлес Лэйкерз»[14]. 5 лютага Дэвіс аформіў свой трэці трыпл-дабл у кар’еры, зарабіўшы 26 пунктаў, 15 падбораў і 11 перадачаў у пераможным матчы над «Шарлот Горнэтс». Ён таксама стаў першым гульцом у гісторыі «Лэйкерз», які назьбіраў ня менш за 25 пунктаў з эфэктыўнасьцю кідкоў у 75%, а таксама зарабіўшы 15 падбораў і 10 перадачаў за гульню[15].

1 лютага Дэвіс быў прызначаны запасным на Матч усіх зорак НБА 2024 году[16] . 5 лютага Дэвіс аформіў свой трэці трыпл-дабл у кар’еры з 26 пунктамі, 15 падборамі і 11 перадачамі ў пераможным матчы над «Шарлот Горнэтс», які скончыўся зь лікам 124:118. Ён таксама стаў першым гульцом у гісторыі франшызы «Лэйкерс», які назьбіраў ня менш за 25 пунктаў пры вынікокасьці кідкоў роўнай 75%, а таксама рабіў 15 падбораў і 10 перадачаў за гульню[17]. 29 лютага Дэвіс паклаў на свой рахунак 40 пунктаў, зрабіў 15 падбораў і чатыры перадачы, а таксама адзначыўся трыма блёк-шотамі. Дзякуючы такому выступу ягоная каманда здабыла перамогу ў матчы супраць «Вашынгтон Ўізардс» зь лікам 134:131 у авертайме[18].

На адкрыцьці сэзону 2024—2025 гадоў 22 кастрычніка Дэвіс набраў 36 пунктаў, 16 падбораў, чатыры перадачы і тры блёк-шоты ў перамодным матчы над «Мінэсотай Тымбэрўулвз», які скончыўся зь лікам 110:103. Гулец паказаў файную гульню ў апошняй чвэрці, у якой ён назьбіраў 11 пунктаў, аніводнага разу ня даўшы пудла з гульні. Дэвіс згуляў сваю 15-ю гульню за «Лэйкерз» з набранымі пунктамі большымі за 35. У той сустрэчы ён зрабіў больш за 15 падбораў, што ўраўняла яго з Ўілтам Чэмбэрленам.

2 лютага 2025 году Дэвіс быў абменены ў «Далас Мавэрыкс» разам з Максам Крысьці і выбар драфту 2029 году ў першым раўндзе. У адваротным кірунку рушылі Лука Дончыч, Максі Клебэр і Маркіф Морыс. «Маверыкс» дадаткова абмянялі выбар у другім раўндзе драфту 2025 году ў «Юту Джаз», якая таксама набыла Джалена Гуда-Шыфіна і выбар драфту 2025 году ў другім раўндзе ў «Лэйкерз»[19]. Абмен быў расцэнены як адзін з самых значных і нечаканых у гісторыі НБА, бо ўпершыню два выбітных гульца НБА былі абмененыя ў сярэдзіне сэзону[20][21][22]. 8 лютага Дэвіс дэбютаваў у складзе «Мавэрыкс», набраўшы 26 пунктаў і зрабіўшы 16 падбораў, сем перадачаў і тры блёк-шоты ў пераможным матчы супраць «Г’юстан Рокітс».

  1. ^ а б College Basketball at Sports-Reference.com
  2. ^ «NBA 75th Anniversary Team announced». NBA.
  3. ^ «20 greatest power forwards ever: The HoopsHype list». HoopsHype.
  4. ^ Pavlakos, Louis (01.01.2024). «Ranking the best power forwards in NBA history». GiveMeSport.
  5. ^ Fujita, Scott (10.11.2022). «The Best Power Forwards In NBA History: All-Time Rankings». ScottFujita.
  6. ^ Bailey, Andy (18.06.2024). «Ranking the Top 50 NBA Playoff Performers of All Time». Bleacher Report.
  7. ^ «Kentucky’s starting five declares for NBA draft». ESPN.
  8. ^ «Faried grabs MVP as Team Chuck wins BBVA Rising Stars». NBA.
  9. ^ «New Orleans Hornets point guard Greivis Vasquez will join Anthony Davis on the injured list Friday night against Clippers». NOLA.
  10. ^ «Pelicans’ Anthony Davis to replace Lakers' Kobe Bryant in 2014 NBA All-Star Game». NBA.
  11. ^ «Anthony Davis Injury Update». NBA.
  12. ^ Wells, Adam (2019). Lakers News: Anthony Davis Trade Officially Completed, Joins LeBron James in LA». Bleacher Report.
  13. ^ «Lakers, Anthony Davis agree to NBA’s richest annual extension». ABC News.
  14. ^ «Lakers, Anthony Davis agree to NBA's richest annual extension». ESPN.
  15. ^ Pagaduan, Jedd (5.02.2024). «Lakers’ Anthony Davis secures triple-double feat not even LeBron James, Magic Johnson achieved». ClutchPoints.
  16. ^ «2024 NBA All-Star reserves announced». NBA.
  17. ^ Pagaduan, Jedd (5.02.2024). «Lakers’ Anthony Davis secures triple-double feat not even LeBron James, Magic Johnson achieved». ClutchPoints.
  18. ^ «Lakers send the Wizards to their 13th straight loss with a 134-131 overtime victory». ESPN.
  19. ^ Sefko, Eddie (2.02.2025). «Mavericks acquire Anthony Davis for Luka Dončić». Mavs.
  20. ^ Baer, Jack (2.02.2025). «Lakers trade Anthony Davis for Luka Dončić in one of the most shocking deals in NBA history». Yahoo Sports.
  21. ^ Maloney, Jack (2.02.2025). «Lakers trade Anthony Davis for Luka Doncic in shocking NBA blockbuster with Mavericks and Jazz». CBS Sports.
  22. ^ Abbruzzese, Jason (2.02.2025). «'Crazy': NBA stars and pundits shocked by Luka Doncic trade». NBC News.