Энцы́кліка (па-лацінску: encyclica ад encyclicus — кругавы, цыркулярны; па-грэцку: ενκυκλιος ад κύκλος — круг, кола) — асноўны папскі ці патрыярхаў цыркулярны дакумэнт, адрасаваны біскупам, сьвятарам і вернікам па ўсім сьвеце.
Напісаньне энцыклікаў практыкуецца ў каталіцтве з часоў пантыфікату Бэнэдыкта XIV, які ў 1740 року склаў ліст пад назваю Ubi primum.
Энцыкліка — другі паводле важнасьці дакумэнт пасьля Апостальскай канстытуцыі. Папа рымскі зьвяртаецца з энцыклікай да ўсяе Царквы. Звычайна тэкст складаецца па-лацінску і сьцісла, у адрозьненьне ад булы. Назва энцыклікі паходзіць ад першых словаў тэксту.
З энцыклікамі ў праваслаўі зьвярталіся япіскапы Александрыі, Антыёхіі і Канстантынопалю, а пазьней патрыярхі. Яны адрасуюцца як усёй Царкве, так і мясцовым япіскапам.
У Расейскай праваслаўнай царкве энцыклікі называюцца акружнымі пасланьнямі.
Сярод англіканаў тэрмін «энцыкліка» адрадзіўся ў канцы XIX стагодзьдзя. Ім называюць цыркуляры, напісаныя ангельскімі прымасамі.