Эрзянская мова | |
Эрзянь кель | |
![]() | |
Ужываецца ў | Расеі |
---|---|
Рэгіён | Мардовія |
Колькасьць карыстальнікаў | прыкладыя адзнакі ў межах 400-500 тыс. чал. |
Клясыфікацыя | Уральская сям'я |
Афіцыйны статус | |
Афіцыйная мова ў | Рэспубліцы Мардовія (Расея)[1] |
Дапаможная мова ў | — |
Рэгулюецца | — |
Статус: | 5 Разьвіваецца[d][2] |
Пісьмо | кірыліца |
Коды мовы | |
ISO 639-1 | — |
ISO 639-2(Б) | myv |
ISO 639-2(Т) | myv |
ISO 639-3 | myv |
Эрзя́нская мова — фіна-вугорская мова мардоўскае падґрупы фіна-валжанскае ґрупы фіна-вугорскіх моваў, на якой размаўляе фіна-вугорскі народ эрзя.
Распаўсюджаная на ўсходзе Рэспублікі Мардовія, а таксама ў іншых памежных рэґіёнах Расеі (Пензенскай вобласьці, Арэнбурскай вобласьці, Самарскай вобласьці, Ульянаўскай вобласьці ды Саратаўскай вобласьці[3]).
Колькасьць носьбітаў макшанскае і эрзянскае мовы вылічыць і ўстанавіць дакладна вельмі цяжка з нагоды вузка распаўсюджанай этнічнае самасьвядомасьці сярод макшанаў і эрзянаў і традыцыйнасьці ўжываньня ў стаўленьні адначасова да двух народаў разам этноніму «мардва». Часта макшане й эрзяне ўказваюць сваю нацыянальнасьць як мардва, а сваю размоўную мову як мардоўскую (перапісы насельніцтва Расеі 2002 і 2010 гадоў).
У 2002 годзе пры перапісе насельніцтва Расеі прыкладна 610 000 чалавек[4] указалі сваё валоданьне мардоўскай, макша-мардоўскай і эрзя-мардоўскай мовамі. Эрзянамі назвалі сябе прыкладна 84 000 чалавек.
Мова ўлучана ў Атляс зьнікаючых моваў паводле вэрсіі ЮНЭСКО[5].
Першыя запісы на мардоўскіх мовах адносяцца да канцу 17 ст., яны былі выкананы нідэрляндзкім вандроўнікам Нікаляасам Вітсэнам. У сярэдзіне 19 ст. у выдадзеных макшанскіх і эрзянскай ґраматыках ужываўся лацінскі альфабэт, які засноўваўся на фанэтычным прынцыпе.
У 18 ст. эрзянская мова пачынае запісвацца расейскім альфабэтам, у гэтыя часы фіксуюцца рэліґійныя тэксты і слоўнікі. Першыя друкаваныя тэксты па-эрзянску датуюцца пачаткам 19 ст., у 1884 выйшаў першы эрзянскі лемантар.
У 1930 гадох на хвалі ўсесавецкае лацінізацыі быў уведзены агульны лацінскі альфабэт для макшанскае й эрзянскае моваў, які пазьней быў заменены на кірылічны.
Сучасны эрзянскі альфабэт зацьверджаны ў 1927 годзе, ён поўнасьцю аналяґічны макшанскаму. Раней у часы Расейскае імпэрыі, а таксама пры рэформах ґрафікі пры СССР у альфабэт дадаваліся дадатковыя літары, якія пазьней былі скасаваны.
У 2020 годзе была распрацаваная лацінская графіка эрзянскае мовы. Эрзянскую лацінку сёньня выкарыстоўваюць нацыянальныя актывісты, а таксама нацыянальны прадставнічы ворґан «Атянь Эзем» (з эрз. — «Рада старэйшын») паводле ўказу інязора Сырэся Баляеня. Журнал «Ěrzäń val» («Эрзянскае слова») быў выданы лацінкаю. Ранейшыя спробы ўвесьці лацінку былі яшчэ зь 2000-х гадоў, напрыклад, у дзіцячай літаратуры.
А а | Б б | В в | Г г | Д д | Е е | Ё ё | Ж ж |
З з | И и | Й й | К к | Л л | М м | Н н | О о |
П п | Р р | С с | Т т | У у | Ф ф | Х х | Ц ц |
Ч ч | Ш ш | Щ щ | Ъ ъ | Ы ы | Ь ь | Э э | Ю ю |
Я я |
Эрзянская мова падзяляецца на 5 дыялектаў: заходні, паўднёва-ўсходні, паўночна-заходні, цэнтральны і шокшынскі.
Эрзянская мова зьяўляецца дзяржаўнай мовай рэспублікі Мардовія нароўні з макшанскай і расейскай мовамі. На мясцовым радыё Вайгель і тэлевізіі існуе вызначаная доля вяшчаньня па-эрзянску й макшанску.
Па-эрзянску выдаюцца ґазэты «Эрзянь правда», «Эрзянь Мастор», а таксама часопіс «Сятко».
![]() |
Вікіпэдыя мае вэрсію эрзянскай мовай |