Эстэр, Эсьфір, Эсфэр — асоба біблейскае гісторыі, якая, паводле Бібліі, была дачкой Амінавада і паходзіла зь Вэніямінава пакаленьня.
Першапачаткова яна мела жыдоўскае імя Гадасы, была сваячкай і выхаванкай набожнага юдэя Мардахея, які жыў у Сузах і аднойчы выратаваў жыцьцё пэрсыдзкаму цару. Калі цар выбіраў сабе новую жонку, яго выбар паў на Гадасу, якая атрымала новае імя — Эстэр, што ў перакладзе з пэрсыдзкай мовы азначае Зорка. Узвышэньне пры двары юдэйкі выклікала зайздрасьць і злосьць у некаторых прыдворных цара, асабліва ў Амана, уладалюбівага, гордага й дэспатычнага царскага любімца. Раззлаваны тым, што Мардахей адносіўся да яго без рабалепства, Аман вырашыў зьнішчыць ня толькі Мардахея, але і ўсіх юдэяў у Пэрсыдзкім царстве, і дабіваўся ад цара згоды на выданьне такога карнага ўказа. Калі пра гэта даведаўся Мардахей, ён патрабаваў ад Эстэр, каб яна заступілася перад царом за свой народ. Мужная Эстэр пад страхам згубіць ня толькі сваё становішча, але й уласнае жыцьцё, насуперак строгаму прыдворнаму этыкету зьявілася без запрашэньня да цара й пераканала яго наведаць падрыхтаваны ёю пір, падчас якога зьвярнулася да цара з просьбай аб абароне. Калі цар даведаўся пра сутнасьць просьбы Эстэр, ён загадаў павесіць свайго любімца Амана на той шыбеніцы, якая была падрыхтаваная для Мардахея, і выдаў новы загад аб праве юдэяў на самаабарону. Некаторыя дасьледчыкі Бібліі бачылі ў гэтай кнізе адлюстраваньне не сапраўднай гісторыі, а свайго роду прытчу або гістарычную аповесьць і сьцьвярджалі, што яна сваім зьместам, падрабязным апісаньнем быту й абставінаў, некаторых гістарычных рэаліяў адносіцца да часоў панаваньня Ксэркса й што сапраўднае імя гэтага цара Агасвэр.[1]
Скарына Ф. Творы: Прадмовы, сказанні, пасляслоўі, акафісты, пасхалія / Уступ. арт., падрыхт. тэкстаў, камент., слоўнік А. Ф. Коршунава, паказальнікі А. Ф. Коршунава, В. А. Чамярыцкага. — Мн.: Навука і тэхніка, 1990. — 207 с. — 4250 ас. — ISBN 5-343-00151-3