Эўрамайдан | |||
Рэвалюцыя годнасьці | |||
Зьлева направа ўверсе: сьцяг Эўразьвязу, сьпявачка Руслана зачытвае рэзалюцыю, Майдан Незалежнасьці 27 лістапада. Другі шэраг: Эўрапейская плошча 1 сьнежня. Унізе: елка зь сьцягамі; абліваньне з шлянгу міліцыянэраў, якія штурмавалі Кіеўскую мэрыю; пастамэнт зьнесенага помніка Леніну. | |||
Дата | 21 лістапада 2013 — 22 лютага 2014 | ||
---|---|---|---|
Месца | Кіеў (Украіна) | ||
Прычыны | адмова падпісаць Пагадненьне аб асацыяцыі з Эўразьвязам | ||
Мэты | падпісаньне Пагадненьня аб асацыяцыі з Эўразьвязам | ||
Спосабы | пікет, стачка, шэсьце | ||
Вынік | падпісаньне Пагадненьня аб асацыяцыі 27 чэрвеня 2014 году | ||
Удзельнікі канфлікту | |||
Ключавыя асобы | |||
Сілы бакоў | |||
| |||
Страты | |||
|
Эўрамайда́н (укр. Євромайдан — Эўраплошча) — масавыя пратэсты ва Ўкраіне, якія распачаліся 21 лістапада 2013 году як рэакцыя на пастанову Кабінэту міністраў Украіны пра прыпыненьне працэсу падрыхтоўкі да падпісаньня Пагадненьня аб асацыяцыі паміж Украінай і Эўразьвязам.
3 сакавіка 2014 году новы ўрад Яцанюка скасаваў гэтую пастанову[1].
артыкул з сэрыі |
Дзяржаўны лад Украіны |
---|
Герб Украіны |
Заканадаўчая ўлада
|
Судовая ўлада
|
Мясцовае кіраваньне
|
21 лістапада 2013 году, за некалькі дзён да саміту ў Вільні, Кабінэт міністраў Украіны вырашыў прыпыніць працэс падрыхтоўкі да заключэньня Пагадненьня аб асацыяцыі паміж Украінай і Эўрапейскім Зьвязам. Распараджэньне пра гэта было афіцыйна апублікаванае прэм’ер-міністрам Украіны Мікалаем Азаравым.[2][3]
У адказ на гандлёвую экспартную блякаду Ўкраіны Расеяй Кабінэт Міністраў таксама даручыў міністэрствам і ведамствам «прыняць меры… накіраваныя на разьвіцьцё гандлю, вытворчай каапэрацыі й абмен тэхналёгіямі зь дзяржавамі — чальцамі СНД». Паводле словаў Мікалая Азарава, гэтае рашэньне абумоўленае немагчымасьцю правядзеньня мадэрнізацыі эканомікі ў сьціснутыя тэрміны для падтрыманьня канкурэнцыі з эўрапейскімі вытворцамі, якая паўстане ў выпадку падпісаньня Пагадненьня, павелічэньнем замежных даўгоў Украіны, у прыватнасьці перад МВФ і неўрэгуляванымі гандлёвымі дачыненьнямі з Расейскай Фэдэрацыяй.[4][5][6][7]
Акрамя таго, Вярхоўная Рада Ўкраіны своечасова не прыняла эўраінтэграцыйныя законы (аб пракуратуры, зьмены ў выбарчае заканадаўства й лячэньне зьняволеных за мяжой), якія былі ўмовай падпісаньня Пагадненьня аб асацыяцыі Ўкраіны з ЭЗ.[7]
24 лістапада 2013 году адбыўся найбуйнейшы мітынг апазыцыі за пэрыяд прэзыдэнцкага кіраваньня Віктара Януковіча. Калёны мітынгоўцаў расьцягнуліся на ўвесь Хрэшчацік ад бульвару Шаўчэнкі да Эўрапейскай плошчы. Паводле ацэнак апазыцыйнага аб’яднаньня «Бацькаўшчына», мітынг сабраў 150 тысячаў чалавек, паводле ацэнак міліцыі — 50 тысячаў чалавек. Гэты мітынг аднагалосна ўхваліў «патрабаваньні Эўрамайдану»:
На 16:00 24 лістапада 2013 году больш за 20 000 львавянаў паставілі свае подпісы пад зваротам, у якім яны падтрымліваюць эўраінтэграцыйны курс Украіны, адстаўку прэзыдэнта Віктара Януковіча й прэм’ер-міністра Мікалая Азарава, старшыні Львоўскай абласной дзяржаўнай адміністрацыі, генэрала міліцыі Алега Сала (прызначаны паводле загаду № 600/2013 ад 31 кастрычніка 2013[10]).[11]
Грамады Роўна й Луцку запатрабавалі правесьці пазачарговую сэсію Вярхоўнай Рады, на якой яны патрабавалі выказаць недавер ураду Мікалая Азарава й сфармаваць новы ўрад эўрапейскай інтэграцыі[12].
25 лістапада студэнты на Эўрамайдане ў Івана-Франкоўску абвясьцілі шэраг патрабаваньняў. Акрамя падпісаньня Пагадненьня аб асацыяцыі з ЭЗ, студэнты таксама запатрабавалі адстаўкі міністра адукацыі й навукі Дзьмітрыя Табачніка, скасаваць усе платныя паслугі ў вышэйшых навучальных установах, рэальна выконваць палажэньні аб кругласутачным доступе студэнтаў у інтэрнаты[13][14].
Рост пратэставых настрояў у грамадзтве адзначаўся многімі сацыёлягамі. Як адзначалі спэцыялісты: «У параўнаньне з кастрычнікам 2012 году, колькасьць людзей, якія гатовыя выходзіць на вуліцы, вырасла на 5% і значна зьменшылася колькасьць тых, хто дакладна не зьбіраецца пратэставаць, — з 51 да 36%»[15].
Так званы «Чорны чацьвер», калі ўрад Украіны пастанавіў прыпыніць працэс падрыхтоўкі да заключэньня Пагадненьня аб асацыяцыі паміж Украінай і ЭЗ, толькі падштурхнуў людзей да актыўных дзеяньняў. Пратэстоўцы хутка адгукнуліся на заклікі да арганізацыі Эўрамайдану[16][17]. Хваля пратэстаў пракацілася па Ўкраіне й сьвеце. Адначасова з 21 да 23 лістапада акцыі прайшлі без выкарыстаньня палітычнай сымболікі[18].
Паводле ацэнкі ўкраінскай службы Deutsche Welle, па стане на 28 лістапада на ўсеўкраінскі страйк выйшлі дзясяткі тысячаў украінскіх студэнтаў[19].
Паводле сьцьвярджэньняў BBC, упершыню слова «Євромайдан» выкарыстоўвалі 21 лістапада ў сацыяльных сетках. Адразу хэштэг #Євромайдан трапіў у трэнды Тўітэру. Да 22 лістапада яго выкарыстоўвалі больш за 21 000 разоў, калі акцыі ўжо праводзіліся ў Данецку, Івана-Франкаўску, Луцку, Ужгарадзе й Львове.[20]
Падчас Аранжавай рэвалюцыі важную ролю ў каардынацыі й арганізацыі пратэстоўцаў сыгралі мабільныя тэлефоны. Ва ўмовах кантролю інфармацыйнай прасторы з боку ўлады, з дапамогай sms-паведамленьняў атрымалася сабраць вялікую колькасьць людзей. Падняць людзей на пратэставыя акцыі 2013 дапамаглі сацыяльныя сеткі[20].
Паводле паведамленьняў некаторых СМІ, людзі адгукнуліся на заклік журналіста Мустафы Наема ў сацыяльнай сетцы Facebook выходзіць на Майдан Незалежнасьці[21]. Зварот быў апублікаваны на пэрсанальнай старонцы Наема 21 лістапада ў 19:55[22].
Наступнай акцыяй, пра якую ўдзельнікі Эўрамайдану паведамілі ў сацсетках, стала распаўсюджваньне інфармацыі пра збор подпісаў пад пэтыцыяй да прэзыдэнта ЗША Барака Абамы з патрабаваньнем увесьці санкцыі супраць Януковіча й чальцоў украінскага ўраду[23]. З 26 па 30 лістапада пад гэтай пэтыцыяй было сабрана 100 тысячаў подпісаў. 29 лістапада на сайце Белага дому зьявіўся тэкст яшчэ адной пэтыцыі, у якой урад ЗША заклікаюць дапамагчы ўкраінцам ў мірным зьвяржэньні дзеючага ўраду. За суткі падпісаліся больш за 30 000 чалавек.[24].
27 лістапада ў сацыяльных сетках быў апублікаваны плян дзеяньняў Эўрамайдану, прапанаваны Аляксандрам Салантаем і Ігарам Луцэнкам, на выпадак непадпісаньня Пагадненьня аб асацыяцыі, які прадугледжвае 5 канкрэтных крокаў да зьвяржэньня існуючага рэжыму:[25]
Першы Эўрамайдан пачаўся ў сталіцы Ўкраіны — Кіеве.
23 лістапада ў інтэрнэце стала зьяўляцца інфармацыя пра тое, што Партыя рэгіёнаў і Ўкраінскі выбар зьбіраюць людзей для ўдзелу ў мітынгах і для ажыцьцяўленьня правакацыяў за грошы[31][32][33]. У прыватнасьці, паводле інфармацыі СМІ, Партыя рэгіёнаў пачала пошук маладых хлопцаў спартовага целаскладу ў Палтаве й Луганску для паездкі ў Кіеў за 200 грыўняў, каб арганізоўваць правакацыі супраць людзей на Эўрамайдане[34]. З Макееўкі ў Кіеў арганізавана адправіліся аўтобусы з студэнтамі, якіх сабралі, паабяцаўшы па 200 грыўняў кожнаму, для ўдзелу ў масавых палітычных мерапрыемствах, заплянаваных на 24 лістапада ў падтрымку Віктара Януковіча[35]. Зьяўляюцца паведамленьні аб адпраўцы аўтобусаў з праплочанымі людзьмі й зь іншых гарадоў[36].
Партыя рэгіёнаў і Ўкраінскі выбар зьвезьлі людзей на свой анты-эўрамайдан ў Кіеве. Спачатку Ўкраінскі выбар арганізаваў мітынг на Эўрапейскай плошчы, людзі махалі шарыкамі з надпісам «Эўра=гома»[41]. Пазьней яны зьмянілі тактыку й разьмясьцілі людзей у выглядзе жывога шчыта перад радамі «Бэркуту» каля Кабінэту міністраў Украіны на вуліцы Міхайлы Грушэўскага й каля Адміністрацыі прэзыдэнта на вуліцы Банкавая, каб утрымаць межы міліцыі выстаўленыя супраць эўрадэманстрантаў[42]. Паводле сьведчаньняў відавочцаў, нанятых людзей арганізоўваюць у шэрагі й загадваюць бегчы на калёны эўраінтэгратараў, каб пасеяць паніку[41]. Паводле сьведчаньняў відавочцаў, людзі, якіх Партыя рэгіёнаў і Ўкраінскі выбар нанялі для праплочаных мітынгаў на 3:00, адстаялі гэты час, потым у большай сваёй масе разышліся.
Каля 15:00 на вуліцы Грушэўскага пад домам ураду адбыліся сутыкненьні міліцыі зь мітынгоўцамі. Міліцыянты ўжылі гумовыя дубінкі, сьлезацечны газ і сьветлашумавые гранаты для разгону натоўпу[43].
Нягледзячы на рашэньне Кіеўскага акруговага адмінсуда аб забароне ўстаноўкі намётаў у цэнтры Кіева да 7 студзеня 2014 году, прадстаўнікі аб’яднанай апазыцыі ўстанавілі 15 вайсковых брызэнтавых намётаў і 20 тэнтаў «штабу Эўрапейскай плошчы» на Эўрапейскай плошчы ў Кіеве. Камэндантам намётавага мястэчка абраны Андрэй Парубій. Інфармацыйна-прапагандысцкую працу ўзначаліў Вячаслаў Кірыленка[44].
Каля 23:20 спэцпадразьдзяленьні «Бэркуту» ў колькасьці больш за 1000 байцоў пачалі штурм Эўрамайдану на Эўрапейскай плошчы з ужываньнем сьлезацечнага газу. Адбыліся жорсткія сутычкі зь міліцыяй, дзясяткі людзей былі арыштаваныя[45]. Зь лідэраў апазыцыі сярод мітынгоўцаў знаходзіўся толькі Юры Луцэнка[46]. Падчас нападу «Бэркуту» на Эўрапейскую плошчу на Хрэшчаціку зьнікла асьвятленьне. Нягледзячы на гэта, прыхільнікі эўраінтэграцыі Ўкраіны адбілі два напады сілавікоў і адціснулі іх у бок гатэлю «Дняпро»[45].
У гэты ж дзень, паводле рашэньня лідэраў аб’яднанай апазыцыі, у Кіеве адбылося аб’яднаньне дзьвюх плошчаў у адну. Намёты й сцэну на Эўрапейскай плошчы дэмантавалі і часткова перанесьлі на Майдан Незалежнасьці, куды таксама групамі пераходзяць мітынгоўцы. Да 23:00 аб’яднаньне двух эўрамайданаў было завершанае[50][51].
Паводле ўказаньня кіраўніка гарадзкой адміністрацыі Аляксандра Папова, байцы МНС устанавілі на Майдане Незалежнасьці вялікі вайсковы намёт для абагрэву мітынгоўцаў. Начаваць у ім не дазвалялася, можна было толькі сагрэцца ля буржуйкі й пакаштаваць гарачай ежы. Было заяўлена, што працаваць гэты пункт абаграваньня будзе кругласутачна. Побач дзяжурыла карэта хуткай дапамогі[56].
Каля 15 000 студэнтаў з 12 унівэрсытэтаў адправіліся з Майдану Незалежнасьці да Адміністрацыі Прэзыдэнта, каб уручыць зварот з патрабаваньнем падпісаць Пагадненьне аб асацыяцыі з ЭЗ. Пасьля гэтага калёна пайшла назад да Эўрамайдану[57][58].
22 лістапада на пазачарговай сэсіі Львоўскай гарадзкой рады быў прыняты зварот да Віктара Януковіча, з патрабаваньнем звольніць прэм’ер-міністра Міколу Азарава й падпісаць Пагадненьне аб асацыяцыі з ЭЗ[61]. Акцыя пад Львоўскай аблдзяржадміністрацыяй перарасла ў некалькітысячную калёну студэнтаў, якая рушыла па вуліцах да цэнтру гораду. Увечары сабралася каля 10 тысячаў чалавек, пераважна моладзь і студэнты. На мітынгу іх падтрымалі гарадзкі галава Андрэй Садовы, і былы рэктар Львоўскага нацыянальнага ўнівэрсытэту імя Івана Франко Іван Вакарчук, іншыя грамадзкія й палітычныя дзеячы Львову[62].
Акцыі пратэсту адбыліся ў Адэсе, Данецку, Івана-Франкоўску, Крывым Рогу, Луганске, Мікалаеве, Харкаве, Чаркасах, Чарнігаве.
30 лістапада а 4 гадзіне ночы спэцпадразьдзяленьне «Бэркут» сілавым мэтадам разагнала мітынг прыхільнікаў эўраінтэграцыі з Майдану ў Кіеве, большасьць зь якіх былі моладзьдзю — студэнтамі ВНУ[63][64]. Некалькі дзясяткаў людзей атрымалі цялесныя пашкоджаньні[65]. Зь іх, паводле афіцыйных зьвестак, 21 чалавек быў дастаўлены ў бальніцу, 7 шпіталізаваныя[66]. «Бэркут» перасьледаваў людзей па Хрэшчаціку й прылеглых вуліцах аж да Міхайлаўскага сабору, манахі якога адчынілі браму й атулілі актывістаў. Некалькі дзясяткаў чалавек былі затрыманыя[67]. Паводле апазыцыянэраў, на момант разгону мітынгу а 4 раніцы на пляцы было каля 1000 чалавек[68]. Пацярпелыя й параненыя пасьля штурму актывісты атуліліся ў Міхайлаўскім саборы.[69].
Абураныя ўжываньнем сілы, украінцы раніцай 30 лістапада выйшлі на мітынг на Міхайлаўскую плошчу, на якую прыйшлі, паводле розных зьвестак, ад 10 да 15 тысячаў чалавек[70]. У Львове Віталь Клічко заклікаў да «народнага веча», пазьней адтуль у Кіеў на аўтобусах адправіліся каля 10 тысячаў чалавек[71].
1 сьнежня мітынгоўцы зь Міхайлаўскай плошчы перамясьціліся на Майдан. Паводле зьвестак МУС Украіны, на цэнтральны пляц Кіева выйшлі 40 тысячаў чалавек, паводле зьвестак СМІ — 200 тысячаў. Падтрымаць мітангоўцах прыехала дэлегацыя з Польшчы на чале зь Яраславам Качынскім і Ежы Бузэкам[72].
Група з 200 актывістаў паспрабавала ўзяць штурмам Адміністрацыю прэзыдэнта на Банкавай вуліцы[73]. Міліцэйскія загароды тараніліся бульдозэрам. Апазыцыя пазьней назвала гэтых нападнікаў правакатарамі[74]. Перад гэтым завязалася бойка паміж прыхільнікамі й супраціўнікамі ўжываньня бульдозэра[75]. Бэркут ужыў сьлезацечны газ і сьветлашумавыя гранаты[76]. Былі захоплены мэрыя Кіева й Дом прафсаюзаў, дзе разьмясьцілі «Штаб нацыянальнага супраціву»[77]. Ініцыятарам разьмяшчэньня штабу быў Алег Цягнібок. У канцы дня міліцыя ўсклала адказнасьць на арганізацыі Свабода і Братэрства (Дзьмітро Карчынскі).
Зь Львова ў Кіеў арганізавана прыехалі каля 10 тысячаў жыхароў[78][79]. Калёна з аўтамабіляў спрабавала праехаць у прэзыдэнцкую рэзыдэнцыю Межыгор’е, але была спыненая міліцыяй[80]. А 21-й гадзіне актывісты зьдзейсьнілі спробу зьнесьці помнік Леніну, аднак іх спроба была перарваная сіламі спэцслужбаў.
1 сьнежня 2013 году старшыня ўраду Мікола Азараў і прэзыдэнт Віктар Януковіч заявілі аб асуджэньні разгону спэцпрызнам «Бэркут» намётавага мястэчка 30 лістапада на Майдане Незалежнасьці. Кіраўнік кіеўскай міліцыі Валер Карак узяў на сябе адказнасьць за разгон і падаў у адстаўку[40].
2 сьнежня мітынгоўцы заблякавалі працу Кабінэту міністраў Украіны. У Кіеў былі ўведзеныя нутраныя войскі. Затрыманыя ў ноч разгону актывісты былі адпушчаныя судом. Затрыманыя 1 сьнежня заставаліся пад вартай. Прэм’ер-міністар Украіны Азараў паведаміў, што падзеі ў Кіеве набываюць усе рысы перавароту[81].
3 сьнежня Вярхоўная Рада адпрэчыла прапанаваны апазыцыяй законапраект пра выказваньне вотуму недаверу ўраду Азарава. За адстаўку прагаласавалі 186 дэпутатаў пры патрэбных 226[82]. 4 сьнежня адказнасьць за штурм адміністрацыі прэзыдэнта ўзяла на сябе Сацыял-Нацыянальная асамблея, адзначаючы, што гэта была стыхійная акцыя, бо яны «прыйшлі абараняць людзей, бо пасьля разгону Майдану ў людзей назапасілася нянавісьць да ўлады»[83]. На 4 сьнежня 2013 году дэманстранты заблякавалі будынкі Вярхоўнай Рады і Кабінэту міністраў Украіны[84].
У Данецку прайшоў кароткатэрміновы (каля 1 гадзіны) праўрадавы мітынг, на які выйшла, паводле зьвестак арганізатараў і міліцыі, ад 12 да 15 тыс. удзельнікаў, паводле дадзеных інфармацыйнага агенцтва УНІАН — каля 5 тыс. чалавек, большасьць зь якіх зьяўляліся працаўнікамі дзяржаўных шахтаў і шахтакіраўніцтваў[85].
Прэм’ер-міністар Украіны Мікола Азараў падчас сустрэчы з Генэральным сакратаром Рады Эўропы, Турб’ёрнам Ягляндам, заявіў, што на Эўрамайдане 30 лістапада былі разагнаныя не студэнты, а правакатары[86]. У той жа дзень у Кіеў прыбыў кіраўнік МЗС Нямеччыны Гіда Вэстэрвэле. Ён павітаў Майдан і сустрэўся зь В. Клічко і А. Яцанюком[87].
Два зь дзевяці затрыманых на Банкавай вуліцы былі адпушчаныя судом[88].
5 сьнежня 3 былыя прэзыдэнты Ўкраіны — Леанід Краўчук, Леанід Кучма й Віктар Юшчанка ў агульным звароце выказалі салідарнасьць зь мітынгоўцамі[89]. 6 сьнежня жыхарамі Васількова быў заблякаваны выезд з вайсковай часьці, дзе базуюцца байцы спэцпадразьдзяленьня «Тыгар», каб не дазволіць ім выехаць на кіеўскі Эўрамайдан[90]. 7 сьнежня міліцыя ўзмацніла ахову тэлецэнтру, каб пазьбегнуць яго захопу апазыцыяй[91]. Майдан наведаў Міхаіл Саакашвілі[92]. Увечары на Эўрамайдане выступіў беларускі гурт Ляпіс Трубяцкі й беларускі паэт Уладзімер Някляеў[93].
8 сьнежня адбыўся так званы «Марш мільёнаў» у Кіеве, на які прыйшло, паводле розных ацэнак, ад 500 000 да 1 000 000 чалавек[94][95][96]. Апазыцыя дала Януковічу 48 гадзінаў на выкананьне патрабаваньняў Майдану, паабяцаўшы блякаваць ягоную рэзыдэнцыю Межыгор’е. Па завяршэньні афіцыйнай часткі мерапрыемства мітынгоўцы пайшлі па вуліцы ўрадавага кварталу, дзе стварылі й пабудавалі некалькі блёкпостаў і барыкадаў. Увечары група маладых людзей зьнесла помнік Леніну, які быў устаноўлены на Бэсарабскім пляцы ў 1946 годзе[97]. Адказнасьць за знос узяло на сябе Ўсеўкраінскае аб’яднаньне «Свабода»[98]. 9 сьнежня міліцыя расчысьціла некалькі вуліцаў ад барыкадаў і блёкпастоў, але сутыкнулася з адпорам дэманстрантаў на плошчы Незалежнасьці і ў будынку Кіеўскай гарадзкой адміністрацыі, адкуль адступіла[99].
11 сьнежня байцамі «Бэркута» была зьдзейсьненая спроба штурму, але спроба правалілася. 12 сьнежня 2013 году некалькі тысячаў чалавек зладзілі пікет каля Генэральнай пракуратуры Ўкраіны супраць перасьледу ўдзельнікаў Эўрамайдану[100].
15 сьнежня адбыліся чарговыя масавыя акцыі пратэсту, названыя «Дзень годнасьці» (па-ўкраінску: День гідності). Паводле паведамленьняў СМІ, найбольш масавая акцыя пратэсту прайшла ў Кіеве, дзе сабралася каля некалькі сотняў тысячаў чалавек[101].
19 сьнежня пад ціскам апазыцыі Вярхоўная Рада прагаласавала за вызваленьне ад крымінальнага перасьледу ўдзельнікаў масавых акцыяў. За законапраект апазыцыі прагаласавалі 339 дэпутатаў[102].
29 сьнежня ўдзельнікі Эўрамайдану й Аўтамайдану ажыцьцявілі «экскурсіі» да рэзыдэнцыі прэзыдэнта Ўкраіны Віктара Януковіча «Межыгор’е» і жытла Віктара Мядзьведчука. Народны дэпутат Андрэй Парубій паведаміў, што мітынгоўцы правялі «папераджальную блякаду» дамоў Мікалая Азарава і Ўладзімера Рыбака. «На плоце напісалі патрабаваньні Майдана й пажаданьні Азараву», адзначыў ён[103].
31 сьнежня на Эўрамайдане адбылася народная сустрэча Новага году. У ноч з 31 сьнежня на 1 студзеня на Майдан Незалежнасьці ў Кіеве, агароджаны барыкадамі Эўрамайдану, прыйшлі некалькі соцень тысячаў украінцаў, каб прасьпяваць гімн Украіны й сустрэць разам Новы Год[104].
3 студзеня актывісты Эўрамайдану пікетавалі сталічную ДАІ, бо супрацоўнікі ДАІ не прапускалі на Майдан Незалежнасьці машыны, якія вязуць у намётавае мястэчка рэчы, а таксама сьмецьцязборачныя машыны й іншы тэхнічны транспарт. Рух па вуліцы быў заблякаваны[105].
5 студзеня ўдзельнікі Эўрамайдану й Аўтамайдану пікетавалі дом міністра ўнутраных справаў Украіны Віталя Захарчанкі ў сяле Падгорцы пад Кіевам. Далей яны адправіліся да дому міністра адукацыі й навукі Дзьмітрыя Табачнікава. Замест кватэры Табачнікава мітынгоўцы пікетавалі й абляпілі надпісамі выпадковую кватэру, паколькі атрымалі няслушны адрас, за што імі на наступны дзень былі прынесеныя выбачэньні й выяўленая ахвотнасьць кампэнсаваць прычыненыя нязручнасьці[106].
8 студзеня было прынята рашэньне, што на «Эўрамайдане» будуць задзейнічаныя альтэрнатыўныя крыніцы для асьвятленьня тэрыторыі. 6—7 студзеня на Эўрамайдане не было вонкавага асьвятленьня. Вонкавае асьвятленьне на ліхтарных слупах было адключанае ад Кастрычніцкага палацу й на ўсім Майдане Незалежнасьці й ад Эўрапейскага пляцу на ўсёй вуліцы Хрэшчацік да Бэсарабскага пляцу[107]. Арганізатары Эўрамайдану аплацілі арэнду й камунальныя плацяжы Дому прафсаюзаў, таму мітынгоўцы і ў далейшым маглі там заставацца. Майдан абвясьціў пра стварэньне стачкаму[108].
12 студзеня ў Кіеве на Майдане адбылося першае ў 2014 годзе Народнае веча. Паводле зьвестак СМІ, у вечы прынялі ўдзел ад 50 да 200 тысячаў чалавек. Поруч з рэзыдэнцыяй прэзыдэнта Ўкраіны Віктара Януковіча ў Межыгор’і прайшоў мітынг удзельнікаў Аўтамайдану[109].
16 студзеня дэпутаты ад Партыі Рэгіёнаў, Камуністычнай партыі Ўкраіны, а таксама шэраг незалежных дэпутатаў[110] прынялі пакет законаў, накіраваных на вызначанае абмежаваньне пратэстаў; пры гэтым тэксты некаторых з гэтых законаў сталі даступныя дэпутатам ужо пасьля галасаваньня[111]. Палажэньні гэтых законаў прадугледжвалі павелічэньне адказнасьці за спосабы пратэсту, якія выкарыстоўваліся апазыцыяй падчас сучасных пратэстаў[112]. Так, былі зацьверджаныя 10-гадовы турэмны тэрмін за блякаду ўрадавых установаў; падвышэньне штрафаў і турэмных тэрмінаў для пратэстоўцаў з маскамі ды шаломамі, штрафаў і турэмных тэрмінаў за несанкцыянаванае даваньне тэрыторыі або абсталяваньня для ўстаноўкі намётаў і ўзмацняльнікаў у грамадзкіх месцах і штрафы для аўтамабілістаў, якія ўтвараюць калёны ў больш за пяць аўтамабіляў[113], павялічаныя пакараньні за паклёп праз сацыяльныя сеткі або на ўрадавых чыноўнікаў[110], а таксама ўведзеная абавязковая рэгістрацыя для інтэрнэт-СМІ і сэрвісаў мабільнай перадаплаты. Паводле інфармацыі выданьня The Financial Times, адзінаццаць новых законаў былі зацьверджаныя шляхам галасаваньня рукамі, якое адбывалася вельмі хутка, каб у ім можна было падлічыць колькасьць узьнятых рук, а ў некаторых выпадках галасаваньне праходзіла за некалькі сэкундаў[112]. Апазыцыя назвала дзень галасаваньня як «Чорны чацьвер» і абвясьціла, што гэты дзень стаў днём канца ўкраінскага парлямэнтарызму, а прынятыя законы забясьпечылі дыктатуру ў краіне[114]. Чальцы Партыі Рэгіёнаў заявілі, што апазыцыя паспрабавала прадухіліць галасаваньне па законапраектах, адабраўшы карткі для галасаваньня ў праўладных дэпутатаў[111]. Сябра Партыі Рэгіёнаў Алег Цароў заявіў, што мэтаю законаў стала спыненьне эскаляцыі палітычнага крызісу ў краіне[110]. АБСЭ заклікала прэзыдэнта Ўкраіны Віктара Януковіча накласьці вэта на законапраекты з прычыны іх адвольнай інтэрпрэтацыі й мажлівасьці імі абмежаваньня свабоды СМІ, дыскусіі ды палітычных поглядаў[115]. Камісар ЭЗ па пытаньнях пашырэньня й палітыкі добрасуседзтва Штэфан Фюле выказаў сваё расчараваньне законамі, палічыўшы іх паваротам Украіны ад эўрапейскага шляху разьвіцьця й сродкам абмежаваньня партнэрства з грамадзкай супольнасьцю[111]. Вярхоўны старшыня ЭЗ па замежных справах і палітыцы бясьпекі Кэтрын Эштан раскрытыкавала законы, якія, на яе думку, сур’ёзна скарацілі поле дзейнасьці грамадзкіх арганізацыяў краіны й спрасьцілі працэдуры ануляваньня мандатаў чальцоў парлямэнту[116]. Таксама Кэтрын Эштан заклікала да перагляду гэтых рашэньняў прэзыдэнтам Украіны й прывядзеньня іх у адпаведнасьці зь міжнароднымі абавязкамі Ўкраіны[116]. Нямецкі міністар замежных справаў Франк-Вальтэр Штайнмаер заявіў, што заканадаўчае абмежаваньне грамадзянскіх правоў украінцаў толькі аддаліць Украіну ад Эўропы[117]. Дзяржаўны Дэпартамэнт ЗША выказаў сваю глыбокую заклапочанасьць, заявіўшы, што цяперашняя дзейнасьць Вярхоўнай Рады дала падставы для сур’ёзных сумневаў у прыхільнасьці Ўкраіны дэмакратычным нормам[118]. У адказ на шэраг замежнай крытыкі ўкраінскі міністар замежных справаў Леанід Кажара заклікаў пазьбягаць аднабаковых заяваў, якія, на ягоную думку, не адлюстроўваюць рэальнага становішча справаў[119].
На наступны дзень Януковіч зацьвердзіў вызваленьне ад пасады камандзіра ўкраінскіх сухапутных войскаў Генадзя Вараб’ёва[120][121]. У знак пратэсту супраць законаў падаў у адстаўку кіраўнік адміністрацыі прэзыдэнта Ўкраіны Сяргей Лёвачкін[122], а таксама прэс-сакратарка прэзыдэнта Дар’я Чапак[123]. У сьвятле прыняцьця новых законаў міністар унутраных справаў Украіны Захарчанка заявіў, што кожнае злачынства будзе жорстка сустрэтае з боку ведамства[124].
19 студзеня, у нядзелю, у Кіеве сабраліся прыкладна 200 тыс. чалавек з мэтай пратэсту супраць новых законаў, якія атрымалі негалосную назву «Законы пра дыктатуру»[125][126]. У мітынгу ўзялі ўдзел лідэры апазыцыі, а таксама Тацьцяна Чарнавол, што стала ейным першым выступленьнем пасьля меркаванага нападу на яе прадстаўнікоў уладаў[125]. Шматлікія ўдзельнікі пратэсту кінулі своеасаблівы выклік новым законам, нацягнуўшы маскі, каскі або процігазы. Лідэр руху Аўтамайдан Дзьмітры Булатаў запатрабаваў назваць адзінага лідэра апазыцыі, пасьля чаго натоўп таксама пачаў скандаваць падобныя патрабаваньні[125]. Лідэры партыі «Бацькаўшчына» Арсень Яцанюк і Аляксандар Турчынаў заявілі пра будучае стварэньне новага, альтэрнатыўнага парлямэнту[125].
Актывісты Эўрамайдану, у тым ліку былы начальнік ваенна-марскога флёту Ўкраіны контар-адмірал Ігар Ценюх[127], зьвярнуліся да вайскоўцаў і міліцыянтаў з просьбай вернасьці народу й невыкананьня новых законаў. Яны ўпэўненыя, што тыя службоўцы, якія будуць звольненыя за невыкананьне загадаў, будуць адноўленыя на сваіх пасадах у выпадку ўсталяваньня новага ўраду Ўкраіны[125].
Пасьля таго, як пратэстоўцы паспрабавалі пайсьці да парлямэнту вуліцай Грушэўскага, пачаліся сутыкненьні з дэманстрантамі, якія былі сустрэтыя міліцэйскімі кардонамі, а таксама заблякаваныя ваеннай тэхнікай і аўтобусамі[125][127]. Пасьля гэтага пратэсты перайшлі ў беспарадкі й перарасьлі ў сутыкненьні зь міліцыяй.
У пэрыяд 21—22 студзеня падчас беспарадкаў на вуліцы Грушэўскага было забіта 3 чалавекі. Першы з загінулых загінуў 21 студзеня — гэта быў 22-гадовы мужчына, які ўпаў з трынаццацімэтровае калянады ля стадыёну «Дынама» падчас сутычак з «Бэркутам», у выніку чаго мужчына атрымаў пераломы шыйных пазванкоў. Другі чалавек загінуў а шостай гадзіне раніцы 22 студзеня ў выніку выстралу міліцыянта падчас узыходжаньня пратэстоўцы на барыкады. Паведамлялася, што мужчына атрымаў чатыры выстралы (у тым ліку й у галаву) і памёр адразу на месцы здарэньня яшчэ да таго, як быў дастаўлены ў лякарню[128][129][130]. Трэцім загінулым стаў грамадзянін Беларусі Міхаіл Жызьнеўскі, ён таксама быў забіты выстралам міліцыянта. Пазьней сутыкненьні распаўсюдзіліся на Лютэранскую вуліцу, што побач з Адміністрацыяй прэзыдэнта Ўкраіны, у гэтых сутычках сталі выкарыстоўвацца кактэйлі Молатава[131].
Па зьяўленьні першых актывістаў, дастаўленых у лякарні, сталі ўзьнікаць паведамленьні пра іх зьнікненьні[131]. Так, з Аляксандраўскай лякарні пяцьцю невядомымі мужчынамі 21 студзеня а чацьвертай гадзіне раніцы былі выкрадзеныя Ігар Луцэнка й Юры Вярбіцкі[132]. На наступны дзень зьбіты Луцэнка быў знойдзены ў лесе, тады як Вярбіцкі быў знойдзены мёртвым: ягонае цела было адшуканае 22 студзеня.
У адказ на эскаляцыю гвалту, міліцыя атрымала ад ураду Ўкраіны дадатковыя паўнамоцтвы па спыненьні беспарадкаў і пратэстаў. Цяпер украінская міліцыя стала ў стане перакрываць дарогі, а таксама выкарыстоўваць вадамёты, незалежна ад тэмпэратуры паветра (якая на той час складала −10C)[133][134]. Нягледзячы на гэта, паводле інфармацыі акаўнту Vitalii Sediuk у Twitter, на падтрымку пратэстоўцам дадаткова прыйшло прыкладна 50 тыс. чалавек[135]. Танкі, як паведамлялася, перавозіліся чыгункай з Чарнігава, але ўрадавыя крыніцы сьцьвярджалі, што гэты груз пастаўляўся ў Адэсу[136]. Украінская міліцыя таксама апублікавала імёны й адрасы найвядомейшых актывістаў Аўтамайдану, што, на думку аналітыкаў, было зроблена незаконна.
22 студзеня прэзыдэнт Украіны прадставіў да ўзнагародаў шэраг фігураў у міліцыі й войску за іх дапамогу ў стрымліваньні канфлікту. Разам з гэтым, Віктар Януковіч паспрабаваў прадставіць да ўзнагароды патрыярха УПЦ Філярэта, які, аднак, адмовіўся ад узнагароды[137].
Лідэры апазыцыі далі прэзыдэнту 24-гадзінны тэрмін на выкананьне іх патрабаваньняў. Віталь Клічко заявіў, што пратэстоўцы пачнуць атаку ў выпадку невыкананьня патрабаваньняў на наступны дзень[138], у сваю чаргу Арсені Яцанюк заявіў, што «заўтра мы ідзем наперад разам. Калі куля ў лоб, то куля ў лоб»[139]. Пасьля гэтага УНА-УНСО выступіла з заявай, дзе заклікала ўсіх украінцаў, якія валодаюць зброяй, далучыцца з зброяй да абароны Майдану[140].
22 студзеня тры танкі з Чарнігава былі разгорнутыя, аднак афіцыйна яны былі накіраваныя ў Адэскую вобласьць[136]. 23 студзеня было аб’яўлена, што праз складаную сытуацыю ў краіне ўсе танкі былі вернутыя на сталае месца дысьлякацыі[141].
У гэты ж дзень а дзевятнаццатай гадзіне вечару група невядомых у масках і з дубінкамі ўварвалася і захапіла офіс тэлеканалу «Київ», што на вуліцы Хрэшчацік[142]. Пазьней некалькі тысячаў пратэстоўцаў з г.зв. «антымайдану» атачылі амбасаду ЗША ў Кіеве. Лідэр мітынгоўцаў Іван Працэнка абвінаваціў ЗША ў фінансаваньні пратэстаў Эўрамайдану[143]. Тым ня менш, частка пратэстоўцаў, г.зв. «цітушкоў», уступіла ў спрэчкі з арганізатарамі мітынгу з прычыны таго, што ім не аплацілі ўдзел у пікеце[144].
Уранку 23 студзеня міліцыя правяла рэйд і зьнішчыла цэнтар Чырвонага Крыжа на Эўрамайдане[145]. Цягам ночы групаю актывістаў стала паведамляцца пра адключэньне тэлевізійных каналаў і інтэрнэт-рэсурсаў, якія ажыцьцяўлялі інфармацыйнае асьвятленьне эўрамайдану[145].
У інтэрвію BBC украінскі прэм’ер-міністар Мікола Азараў паведаміў, што Бэркут не выкарыстоўваў пальную зброю[146]. Тым ня менш, існавалі сьведчаньні выкарыстаньня чальцамі Бэркуту кактэйляў Молатава[147] і камянёў[148], што не дазволена заканадаўствам. Міліцыя таксама прывезла вадамёты, незважаючы на тое, што тэмпэратура паветра была ніжэйшай за нуль.
Актывісты эўрамайдану неаднаразова зьяўляліся сьведкамі жорсткіх дзеяньняў з боку міліцыі, Бэркуту й вайсковых падразьдзяленьняў, якія нападалі на актывістаў і нават на выпадковых мінакоў, зьневажалі іх шляхам нецэнзурнае лаянкі й прымусамі распранацца дагала[149][150]. Прыкладам, аднаго з актывістаў пасьля зьбіцьця прымусілі поўнасьцю распрануцца, пасьля чаго супрацоўнікі сталі здымаць актывіста на камэру[145][151].
23 студзеня сталі зьяўляцца паведамленьні пра выкарыстаньне АМАПам самаробных гранатаў, цьвікоў ды іншых прыладаў[152]. У гэты ж дзень, паводле паведамленьняў жонкі аднаго з байцоў Бэркуту, войскі атрымалі прадпісаньне на вываз сваіх сем’яў з гарадоў[153]. Сваю падтрымку пратэстоўцам выказалі некаторыя футбольныя клюбы, як, напрыклад, Шахтар Данецк[145]. На 24 студзеня 2014 году дэманстранты занялі адміністрацыйныя будынкі ў Львове, Цярнопалі, Роўне і Кіеве[154].
28 студзеня 2014 году тагачасны прэм’ер-міністар Украіны Мікола Азараў падаў у адстаўку ў сувязі з вынікамі надзвычайнае сэсіі Вярхоўнае Рады, скліканай Віктарам Януковічам. Прэзыдэнт прыняў адстаўку Азарава і падпісаў указ пра роспуск Кабінэту Міністраў, які мусіў набыць моц пасьля зацьвярджэньня новага кабінэту, праз што, такім чынам, урад Азарава працягваў сваё функцыянаваньне[155]. На зьмену Азараву прыйшоў Сяргей Арбузаў, сам Азараў пакінуў краіну, зьехаўшы ў Аўстрыю і выказаўшы адсутнасьць жаданьня вярнуцца ва Ўкраіну[155][156]. На думку лідэра УА Свабода Алега Цягнібока, Азараў падаў у адстаўку ва ўмовах нарастаньня вотуму недаверу. Апрача таго, Партыя Рэгіёнаў разам з дэпутатамі ад апазыцыйных партыяў скасавала 9 зь 12 г.зв. антыпратэставых законаў, прынятых 16 студзеня, аднак апазыцыя пагадзілася зацьвердзіць больш абмежаваныя варыянты некаторых з ранейшых абмежаваньняў. Так, напрыклад, было вернутае пакараньне за пашкоджаньне помнікаў, але гэтае палажэньне перастала датычыць помнікаў, не зьвязаных з падзеямі ІІ Сусьветнай вайны — такім чынам, зьнішчэньне помнікаў Леніну перастала лічыцца крымінальна перасьледваным дзеяньнем[157].
29 студзеня 2014 году ў Кіеве было падпалена каля 23 аўто з нумарамі з заходніх вобласьцяў Украіны, 31-га — аўтамабіль супрацоўніка Амбасады Канады ва Ўкраіне. Адказнасьць за гэтыя падзеі ўзяла на сябе групоўка пад назваю «Чырвоны Сэктар», прынесшы прабачэньні гаспадарам аўтамабіляў і растлумачыўшы сваю акцыю небясьпекаю з боку «фашыстаў»[158].
30 студзеня Януковіч адправіўся на бальнічны з нагоды высокае тэмпэратуры й рэсьпіраторнага захворваньня. Паводле словаў Расьціслава Паўленкі, сябра партыі УДАР, гэты сыход быў толькі тактычным ходам Януковіча, які дазволіў бы яму не ісьці на кантакт з чальцамі апазыцыі. Тым ня менш, 31 студзеня 2014 году Януковіч падпісаў закон, палажэньні якога анулявалі антыпратэставыя законы 16 студзеня[159]. На наступны дзень Януковіч аб’явіў пра сваю тыднёвую паездку ў Маскву для сустрэчы з прэзыдэнтам Расеі Ўладзімерам Пуціным, якая адбылася на наступны дзень[160]. Пазьней, у гэты ж дзень, быў знойдзены жывым лідэр Аўтамайдану Дзьмітры Булатаў, які, паводле сьведчаньняў журналістаў, быў жорстка зьбіты і траўмаваны: у Булатава было адрэзана вуха, на руках назіраліся мэханічныя адтуліны[161][162]. Паводле словаў Булатава, ягоныя скрадвальнікі размаўлялі з расейскім акцэнтам[162][163][164]. Адзін зь лідэраў апазыцыі Пётар Парашэнка высунуў меркаваньне, што скрадвальнікі Булатава былі тымі ж асобамі, што й выкрадвальнікі Ігара Луцэнкі ды забойцы Юрыя Вярбіцкага; як было ўсталявана, Булатаў знаходзіўся ў той жа мясцовасьці і атрымліваў тыя ж пытаньні[165]. Іншы лідэр апазыцыі, Арсень Яцанюк параўнаў гэтыя падзеі з эскадронамі сьмерці, што існавалі ў Лацінскай Амэрыцы[166]. На думку ўкраінскае міліцыі, Булатаў сам нанёс сабе траўмы з мэтаю распаўсюджаньня нэгатыўнага грамадзкага рэзанансу[167]. На наступны дзень Булатаў і некаторыя іншыя актывісты Аўтамайдану былі аб’яўленыя ў вышук, 31 студзеня міліцыя паспрабавала арыштаваць Булатава падчас яго знаходжаньня ў лякарні Кіева, аднак супрацоўнікі міліцыі былі спыненыя дэманстрантамі[163][168][169]. Як заяўляў А. Яцанюк, імі будуць высунутыя патрабаваньні пра міжнароднае расьсьледаваньне дадзеных інцыдэнтаў. Карл Більт абвінаваціў украінскія ўлады ў злачынствах супраць Булатава, прадстаўнік Вярхоўнага Камісара ААН па правох чалавека Рупэрт Колвіл заклікаў распачаць адпаведнае расьсьледаваньне[170]. Украінскі міністар замежных справаў Леанід Кажара заявіў, што Булатаў знаходзіцца ў добрым стане, маючы толькі драпіну на шчацэ[171]. Паводле паведамленьняў BBC міліцыяй за мескай рысай Кіева былі спыненыя праўрадавыя пратэстоўцы, будучы прынятымі за прыхільнікаў Эўрамайдану, пасьля чаго на іх напалі. Нягледзячы на крыкі пасажыраў пра тое, што яны займаюць «той жа бок», што й міліцыя, міліцыянты пачалі зьбіваць пасажыраў. Быў атакаваны кіраўнік пратэстоўцаў, паколькі нумары ягонае машыны сьведчылі пра яго паходжаньне з захаду Ўкраіны, але насамрэч група пасажыраў ехала зь Севастопалю[172].
31 студзеня тагачасны ўкраінскі міністар унутраных справаў Віталь Захарчанка зьвярнуўся з афіцыйнай просьбай пра дазвол выкарыстаньня супраць дэманстрантаў гранатамётаў тыпу «Шмель» з мэтаю аднаўленьня парадку ў краіне[173]. Гэтага ж чысла Служба Бясьпекі Ўкраіны абвінаваціла партыю «Бацькаўшчына» ў падрыхтоўцы да дзяржаўнага перавароту[174].
2 лютага 2014 году пратэсты на Майдане Незалежнасьці сталі налічваць каля 50 тысячаў чалавек[175].
3 лютага гэтага ж году прэзыдэнт Януковіч аднавіў сваю працу пасьля чатырох дзён хваробы[176]. Паводле словаў аднаго зь сябраў Партыі Рэгіёнаў Юрыя Мірашнічэнкі, Януковіч не зьбіраўся аб’яўляць надзвычайнае становішча або выкарыстоўваць войскі, бо, як было заяўлена, ён бачыць пратэстоўцаў як «таксама нашых грамадзянаў»[177]. Украінскае інфармацыйнае агенцтва УНІАН у гэты ж дзень апісвала сытуацыю на Майдане Незалежнасьці й вуліцы Грушэўскага як спакойную, паведамляючы пра 1000 пратэстоўцаў на Майдане Незалежнасьці і 50 — на вуліцы Грушэўскага[178].
4 лютага апазыцыя паспрабавала прасунуць у Вярхоўнай Радзе заканапраекты пра безумоўную амністыю для ўсіх затрыманых дэманстрантаў і вяртаньне Канстытуцыі 2004 году[177]. Згодна зь Юрыем Мірашнічэнкам Украіна «пачала рухацца наперад» у перамоўным працэсе, у той жа дзень віцэ-прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн падчас тэлефоннай размовы зь Віктарам Януковічам заклікаў апошняга прыняць міжнародную падтрымку па вырашэньні палітычнага крызісу, адвесьці АМАП і прыцягнуць да адказнасьці ўсіх, хто абвінавачваецца ў нападах на журналістаў і пратэстоўцаў[179][180][181].
4—5 лютага адбыўся візыт Кэтрын Эштан ва Ўкраіну, падчас якога адбыліся яе сустрэчы з украінскай апазыцыяй і прэзыдэнтам Януковічам[181][182][183].
На наступны дзень адзначылася праца Вярхоўнай Рады, у якой не атрымаў ухваленьня ніводны з заканапраектаў, аднак паводле тагачаснага сьпікера ВР Уладзімера Рыбака, «у наступным дні працавацьме рабочая камісія й лідэры фракцыяў з мэтаю падрыхтоўкі закону аб Канстытуцыйнай рэформе»[184]. Як адзначыў адзін зь лідэраў апазыцыі Арсень Яцанюк, доўгатэрміновым плянам апазыцыі стане распрацоўка новае Канстытуцыі да верасьня гэтага ж году, у кароткай пэрспэктыве разглядацьмецца вяртаньне да Канстытуцыі 2004 году ў якасьці часовага рашэньня да прыняцьця новага асноўнага закону краіны[185]. Таксама Яцанюк зацеміў, што ён гатовы атрымаць пасаду прэм’ер-міністра, але толькі пры наяўнасьці ў складзе ўраду прадстаўнікоў апазыцыі і пры вяртаньні Канстытуцыі 2004 году[185]. 6 лютага 2014 году лідэр парлямэнцкай фракцыі Партыі Рэгіёнаў Аляксандар Яфрэмаў заявіў, што ягоная фракцыя будзе браць удзел у распрацоўцы зьменаў у Канстытуцыю краіны, лічачы патрэбным прывядзеньне Канстытуцыі Ўкраіны ў адпаведны сучаснаму становішчу стан у тэрмін да верасьня[186].
6 лютага 2014 году ў будынку прафсаюзаў у Кіеве адбыўся выбух, які параніў двух актывістаў зь Львоўскае вобласьці: 20-гадовага Рамана Дзьвіноўскага, якому адсекла руку, а таксама 16-гадовага Назара Дзяржылу, які страціў вока[187][188][189]. Выбух адбыўся на пятым паверсе, дзе знаходзіўся рэвалюцыйны штаб «Правага сэктару». Паводле сьведчаньняў пацярпелага, выбухоўку ён атрымаў з рук іншага чалавека, які, між іншым, размаўляў па-ўкраінску з расейскім акцэнтам[187][190]. Ва Ўкраінскім Доме была знойдзеная мацнейшая выбуховая прылада, але яе здолеў прыбраць адзін з удзельнікаў Аўтамайдану[191]. Дэпутатка ад «Бацькаўшчыны» Алеся Арабец, спасылаючыся на ўласныя крыніцы, заявіла, што гэтыя апэрацыі зьяўляліся правакацыяй з мэтаю выстаўленьня «Правага сэктару» як экстрэмісцкай арганізацыі[187]. На наступны дзень міністар унутраных справаў Захарчанка выказаў здагадку, што выбух быў спробай парушэньня міру, што пацьвярджаецца апэратыўнай інфармацыяй[192], аднак на думку Арабец выбуховая прылада зьяўлялася зьвязанай з вайсковым арсэналам[187].
У гэты ж дзень генэральны пракурор Украіны Віктар Пшонка заявіў, што новы закон аб амністыі прыменены да 359 чалавек і каля 70 чалавек заставаліся пад вартай[193]. Пшонкам таксама было паведамлена, што закон аб амністыі будзе выкарыстоўвацца толькі ў выпадках поўнага вызваленьня ўсіх захопленых адміністрацыйных будынкаў, расьцягваньня барыкадаў і разблякаваньня ўсіх занятых транспартных маршрутаў да 17 лютага 2014 году[193].
6 лютага старэйшы дарадца прэзыдэнта Расеі Сяргей Глазьеў заявіў, што ЗША нібыта выдаткоўвае 20 млн даляраў на дзень, уключаючы пастаўкі «бунтаўшчыкоў» з зброяй і навучаньне гэтых байцоў у амбасадзе ЗША[194]. На думку Глазьева, украінскія ўлады сутыкнуліся з спробай дзяржаўнага перавароту і яны ня маюць іншага спосабу як выкарыстаньне сілы — у адваротным выпадку краіна, паводле Глазьева, трапіць у хаос[194]. Дадаткова Глазьеў адзначыў, што ЗША ды Расея зьяўляюцца гарантамі сувэрэнітэту й тэрытарыяльнае цэласьці Ўкраіны, а Расея абавязаная ўмяшацца пры ўзьнікненьні канфліктных сытуацыяў падобнага роду[194].
7 лютага афіцыйны прадстаўнік Дзяржаўнага дэпартамэнту ЗША Вікторыя Нуланд заявіла на прэс-канфэрэнцыі ў Кіеве, што ЗША гатовыя аказаць падтрымку Ўкраіне, калі краіна будзе рухацца да абароны правоў чалавека, годнасьці, а таксама будзе імкнуцца да вырашэньня канфліктаў і палітычных рэформаў. У адваротным выпадку ЭЗ, Міжнародны валютны фонд і ЗША ня будуць аказваць фінансавую дапамогу Ўкраіне[195].
9 лютага 2014 году лідэры ўкраінскай апазыцыі аб’явілі пра стварэньне атрадаў самаабароны па ўсёй краіне. Віталь Клічко заявіў, што людзі могуць далучыцца да атрадаў праз партыю УДАР, у той час як іншы зь лідэраў апазыцыі Юры Луцэнка заклікаў людзей узяць бэйсбольныя біты й шлемы для абароны пратэстаў. Сваю прамову Луцэнка ажыцьцяўляў для жыхароў усходу Ўкраіны, прамаўляючы яе па-расейску. Палітоляг Аляксей Гарань высунуў меркаваньне пра сустрэчу Януковіча з Пуціным у Сочы, дзе абмяркоўваўся магчымы сілавы разгон пратэстаў[196]. Пазьней атрады самаабароны Эўрамайдану знайшлі будынак, які належаў міністру адукацыі Дзьмітрыю Табачнікаву, у гэтым будынку былі знойдзеныя запісы актывістаў, зьвязаных з выбухам у будынку прафсаюзаў, а таксама, як меркавалі актывісты Эўрамайдану, ажыцьцяўлялася рыхтаваньне выбухоўкі[197].
15 лютага стала вядома, што Андрэй Білецкі, лідэр Сацыял-нацыянальнай асамблеі, якая ўваходзіла ў склад кааліцыі «Правага сэктару», зьнік бязь вестак. СНА заявіла, што ў выпадку незнаходжаньня іхнага лідэра, арганізацыя прыме адпаведныя меры[198]. У гэты ж дзень выданьне Подробности.ua паведаміла, што чальцы анты-майданаўскае групы «Кіяўляне за чысты горад» прадпрынялі спробу дэмантажу барыкадаў і ўступілі ў бойку з атрадамі самаабароны УА Свабода[199]. Паводле ўкраінскай міліцыі, напад зьдзейсьнілі актывісты УА «Свабода», але на думку актывістаў «Свабоды» напад быў арганізаваны «антымайданаўцамі»; існавалі фатаздымкі, на якіх удзельнікі «Антымайдану» заўважаныя з расейскімі георгіеўскімі стужкамі[200].
17 лютага набыў моц Закон аб амністыі на ўмовах вызваленьня адміністрацыйных будынкаў і разблякаваньня транспартных шляхоў[201]; як паведамляла агенцтва УНІАН, некалькі вуліцаў у Кіеве заставаліся заблякаванымі[202]. У гэты ж дзень міністар фінансаў Расеі Антон Сілуанаў заявіў, што неўзабаве ва Ўкраіну паступіць частка траншу з 15 мільярднага крэдыту, паабяцанага раней Украіне Расеяй[203].
18 лютага блізу 20 тыс. пратэстоўцаў Эўрамайдану выйшлі да Вярхоўнае Рады з мэтаю падтрымкі вяртаньня Канстытуцыі 2004 году. Міліцыя й дэманстранты пачалі выкарыстоўваць зброю, дадаткова міліцыя пачала прымяняць сьлёзацечныя й сьветлашумавыя гранаты з мэтаю адлюстраваньня дзеяньняў дэманстрантаў[204]. У прыватнасьці, найбольш сур’ёзныя сутыкненьні адбыліся ў Марыінскім парку, на вуліцы Грушэўскага, а таксама на ўчастку вуліцы Інстытуцкай ля вуліцы Шаўкавічнай. Прынамсі 26 чалавек загінула, зь іх — 10 міліцыянтаў; цягам дня было паранена як мінімум прыкладна 1100 чалавек[205][206][207]. У наступным міліцыя распачала штурм галоўнага лягеру пратэстоўцаў на Майдане Незалежнасьці[208]. Пасьля прапановы Януковіча на пераход да мірных дэманстрацыяў адзін з апазыцыйных лідэраў А. Яцанюк заявіў, што народ краіны знаходзіцца «перад самымі драматычнымі старонкамі ва ўкраінскай гісторыі»[209].
На наступны дзень, 19 лютага, былі ўсталяваныя міліцэйскія кантрольна-прапускныя пункты, а таксама ўведзеныя абмежаваньні адносна грамадзкага транспарту і школаў, што, паводле выданьня «Ўкраінская Праўда», фактычна стала ажыцьцяўленьнем надзвычайнага становішча[210][211][212][213][214][215][216]. Адзін з чальцоў парлямэнту паведаміў, што па краіне дэ-факта разгортваецца рэжым надзвычайнага становішча, транспартные зносіны ў бок Кіева паралізаваныя[217]. Між тым, Расея атрымала афіцыйнае папярэджаньне наконт магчымага ўмяшальніцтва краіны ва ўнутраныя справы Ўкраіны[218].
20 лютага міністар унутраных справаў Украіны Захарчанка аб’явіў пра падпісаньне ім указу аб дазволе выкарыстаньня баявых патронаў супраць дэманстрантаў[219]. Паводле Міністэрства аховы здароўя Ўкраіны, з 18 па 21 лютага ў выніку сутыкненьняў у цэнтры Кіева па лекарскую дапамогу зьвярнулася 577 пацярпелых, зь якіх 369 шпіталізавалі. Ад пачатку сутыкненьняў загінула 77 чалавек[220].
21 лютага тагачасны прэзыдэнт краіны Віктар Януковіч і Вярхоўная Рада абвясьцілі 22 і 23 лютага траўрнымі днямі ў сувязі «з гібельлю людзей у выніку масавых беспарадкаў»[221]. Падчас свайго выступу на Майдане Віталь Клічко заявіў, што апазыцыя ў бліжэйшы час пачне галасаваньне па імпічмэнце Януковіча, і што адпаведны заканапраект ужо зарэгістраваны ў папярэдняй сэсіі Вярхоўнае Рады[222]. Сьпікер парлямэнту У. Рыбак падаў у адстаўку спаслаўшыся на хваробу[223]. Месцазнаходжаньне Януковіча стала невядомым, аднак некаторыя СМІ паведамлялі пра яго палёт у Харкаў. Як заявіў Аляксандар Турчынаў, большасьць міністраў і прэзыдэнт краіны зьніклі (у прыватнасьці, зьяўляліся паведамленьні пра ўцёкі Захарчанкі ў Беларусь[224][225]. Згодна з паведамленьнямі шэрагу сродкаў масавай інфармацыі, Захарчанка, а таксама С. Курчанка ўсё ж прыбылі на тэрыторыю Беларусі, але атрымалі патрабаваньні пакінуць тэрыторыю краіны[226]). На думку Турчынава, найгалоўнейшай задачай стала абраньне новага сьпікера, прэм’ер-міністра й міністра ўнутраных справаў краіны, а Вярхоўная Рада засталася адзіным легітымным органам улады[222].
22 лютага адбыўся зьезд дэпутатаў паўднёвых і ўсходніх рэгіёнаў Украіны, на якім была прынятая рэзалюцыя пра гатоўнасьць узяць на сябе «адказнасьць за абарону канстытуцыйнага парадку на сваёй тэрыторыі». Паводле адпаведных заяваў «нядаўнія падзеі ў Кіеве прывялі да паралічу цэнтральнае ўлады і дэстабілізацыі ў краіне»[227].
У выніку сутыкненьняў пратэстоўцаў зь сіламі МУС Украіны з 30 лістапада 2013 г. загінула 100 чалавек, у тым ліку 16 міліцыянтаў[228].
Першым з загінулых пратэстоўцаў стаў Павал Мазурэнка, які сканаў пасьля зьбіцьця 18 сьнежня 2013 году. Існуе прынамсі дзьве вэрсіі гібелі мужчыны: канфлікт з супрацоўнікамі прыватнай ахоўнай фірмы або канфлікт з супрацоўнікамі МУС[229]. Прынамсі пяць чалавек з загінулых пратэстоўцаў зьяўляліся грамадзянамі іншых краінаў, адзін зь іх — Міхаіл Жызьнеўскі, зьяўляўся грамадзянінам Рэспублікі Беларусь. Жызьнеўскі прыехаў на Эўрамайдан на заданьне газэты як няштатны карэспандэнт[230]. Усе мірныя пратэстоўцы, што загінулі падчас абвастрэньня палітычнай сытуацыі ва Ўкраіне, на цяперашні час вядомыя як Нябесная сотня (укр. Небесна сотня). 24 лютага 2014 году Вярхоўная Рада даручыла надаць усім загінулым на Эўрамайдане званьне Герояў Украіны[231].
З прычыны сутыкненьняў супрацоўнікаў МУС з украінскімі пратэстоўцамі пэўную колькасьць ахвяраў панесьлі таксама супрацоўнікі міліцыі. Паводле зьвестак на 21 лютага 2014 году, паведамлялася пра 16 загінулых міліцыянтаў[232]. Першыя загінулыя сілавікі зьявіліся ў сярэдзіне лютага 2014 году[233].
26 лістапада 2014 году прэзыдэнт Украіны Пятро Парашэнка зацьвердзіў указ аб наданьні званьня Герой Украіны 99 загінулым удзельнікам Эўрамайдану. Аднак у гэты сьпіс ня трапіла 6 іншых ахвяраў, а таксама 3 загінулыя грамадзяне іншых краінаў (Міхаіл Жызьнеўскі, Зураб Хурцыя, Давыд Кіпіяні). Прэс-сакратар прэзыдэнта Ўкраіны С. Цаголка заявіў, што наданьне такой узнагароды грамадзянам іншых краінаў не адпавядае заканадаўству Ўкраіны, замест чаго 3 загінулыя замежнікі атрымаюць новазацьверджаны ордэн Героя Нябеснай сотні, аб зацьвярджэньні якога падпісаны адпаведны ўказ. Разам з тым, дазволу надаваць званьне Героя Ўкраіны патрабавала арганізацыя «Сям’я герояў Нябеснай сотні», а таксама бацькі Міхаіла Жызьнеўскага, на думку якіх наданьне такой узнагароды пасьмяротна дазволіла б ім пазьбегнуць паклёпаў з боку навакольных жыхароў. Акрамя таго, з нагоды гадавіны Эўрамайдану на вуліцы Грушэўскага, дзе разгарнуліся асноўныя падзеі Эўрамайдану, быў адкрыты мэмарыял у гонар Жызьнеўскага[234][235][236][237].
Пятро Парашэнка выказаў абяцаньне прыкласьці намаганьні па наданьні Міхаілу Жызьнеўскаму званьня Героя Ўкраіны, але грамадзкія арганізацыі патрабавалі наданьня гэтага званьня ўсім загінулым удзельнікам пратэстаў[235][236]. 13 чэрвеня 2017 году прэзыдэнт Парашэнка падпісаў Указ № 158 «Аб прысваеньні М.Жызьнеўскаму званьня Герой Украіны»[238].
Акцыі падтрымкі прыхільнікаў эўраінтэграцыі прайшлі й за межамі Ўкраіны. 24 лістапада ўкраінцамі й мясцовай дыяспарай былі праведзеныя акцыі ў Польшчы, Вялікабрытаніі, Нямеччыне, Францыі, Італіі, Швэцыі, Аўстрыі, Чэхіі, Баўгарыі, ЗША, Канадзе[239].
26 лістапада акцыі прайшлі ў Варшаве, Кракаве, Лодзі, Познані, Уроцлаве, Катавіцах, Любліне, Жэшаве, Ольштыне, Эльблёнгу, Замасьце, Бялым Бору, Лёндане, Парыжы, Мюнхэне, Бэрліне, Франкфурце, Штутгарце, Будапэшце, Осьлё, Бэргене, Стакгольме, Мальмё, Люндзе, Вене, Вільні, Тбілісі, Таронта (каля 150 чалавек), Вініпэгу (больш за 100 чалавек), Саскатуне, Эдмантане (каля 150 чалавек), Сафіі, Гаазе.
29 лістапада на польска-ўкраінскай мяжы на перасячэньні ў Мэдыка палякі й украінцы стварылі жывы ланцуг як сымбаль салідарнасьці паміж дзьвюма краінамі, і ў знак падтрымкі Эўрамайдану[240].
1 і 2 сьнежня акцыі салідарнасьці прайшлі ў некалькіх гарадах Канады й ЗША[241].
2 сьнежня ля амбасады Ўкраіны ў Маскве адбыўся пікет у падтрымку Эўрамайдану. 11 чалавек былі затрыманыя паліцыяй і пазьней адпушчаныя з-за парушэньня працэдуры[242].
4 сьнежня Палац культуры й навукі ў Варшаве быў падсьвечаны ў сіні й жоўты колеры ў знак падтрымкі Ўкраіны[243].
28 студзеня 2014 году прэзыдэнт В. Януковіч прыняў адстаўку ўраду прэм’ера М. Азарава і прызначыў Сяргея Арбузава ў якасьці выканаўца абавязкаў прэм’ер-міністра[244][245]. 20 лютага ўрад ЗША скасаваў візы 20 прадстаўнікам кіраўніцтва Ўкраіны[246].
21 лютага Вярхоўная Рада прагаласавала за вяртаньне Канстытуцыі 2004 году, якая абмяжоўвала паўнамоцтвы прэзыдэнта[247], у гэты ж дзень былі ўхваленыя папраўкі ў заканадаўства, якія дазволілі на наступны дзень вызваліць былую прэм’ер-міністарку Ю. Цімашэнку[248].
22 лютага Вярхоўная Рада адхіліла прэзыдэнта Януковіча ад пасады праз імпічмэнт, прызначыла датэрміновыя выбары прэзыдэнта на 25 траўня[249], а таксама надала пасаду кіраўніка Вярхоўнай Рады (сьпікера) Аляксандру Турчынаву[250]. На наступны дзень быў прызначаны выканаўца абавязкаў прэзыдэнта Ўкраіны, якім стаў новы сьпікер Турчынаў[251].
25 лютага выканаўца абавязкаў міністра ўнутраных справаў Арсэн Авакаў падпісаў загад № 144 «Пра ліквідацыю спэцыяльных падразьдзяленьняў міліцыі грамадзянскай бясьпекі „Бэркут“»[252].
27 лютага прэм’ер-міністрам краіны быў прызначаны адзін зь лідэраў колішняй апазыцыі, Арсень Яцанюк[253].
28 лютага ўрад Швайцарыі замарозіў банкаўскія рахункі Януковіча і 19 ягоных хаўрусьнікаў (былыя прэм’ер Азараў і яго намесьнік Сяргей Арбузаў, кіраўнік прэзыдэнцкай адміністрацыі Андрэй Клюеў і ягоны брат-прадпрымальнік Сяргей Клюеў, міністры ўнутраных справаў Віталь Захарчанка і юстыцыі Алена Лукаш, генэральны пракурор Віктар Пшонка, мэр Харкава Генадзь Кернэс)[254]. У гэты ж дзень адхілены ад улады былы прэзыдэнт краіны Віктар Януковіч, месцазнаходжаньне якога цягам некалькіх дзён было невядомым, апынуўся на тэрыторыі Расеі і даў прэс-канфэрэнцыю, на якой заявіў, што дагэтуль лічыць сябе прэзыдэнтам Украіны[255].
3 сакавіка ўрад Украіны скасаваў распараджэньне пра прыпыненьне працэсу Асацыяцыі з Эўразьвязам[1]. 21 сакавіка прэм’ер Украіны А. Яцанюк падпісаў у Брусэлі (Бэльгія) з 28 кіраўнікамі дзяржаваў і ўрадаў ЭЗ частку Пагадненьня аб асацыяцыі, датычную палітычнага ўзаемадзеяньня, бясьпекі і змаганьня супраць тэрарызму[256]. 27 чэрвеня новаабраны прэзыдэнт Украіны Пятро Парашэнка падпісаў эканамічную частку Пагадненьня аб асацыяцыі з Эўразьвязам[257].
22 жніўня 2014 году, праз паўгады пасьля ўцёкаў Януковіча ў Расею, у Кіеве была прэзэнтаваная паштовая марка, прысьвечаная падзеям Эўрамайдану, наклад маркі складаў 233 тыс. асобнікаў, распрацаваная мастаком Уладзімерам Таранам на падставе здымку фатографа Андрэя Краўчанкі[258].