Эўрапе́йская інтэгра́цыя — працэс паступовага збліжэньня і паглыбленага супрацоўніцтва эўрапейскіх краінаў і народаў у сфэрах эканомікі, права, культуры і палітыкі.
Пачатак інтэграцыйных працэсаў на эўрапейскім кантынэнце датуецца канцом 1940-х гадоў. Эўрапейская інтэграцыя адбываецца галоўным чынам у рамках Эўрапейскага зьвязу, але таксама, прынамсі ў пэўных аспэктах, — Рады Эўропы, Арганізацыі Паўночнаатлянтычнай дамовы і АБСЭ.
Паводле вядомага амэрыканскага палітоляга Леона Ліндбэрга, інтэграцыя — гэта двухузроўневы працэс:
Існуе 2 спосабы ажыцьцяўленьня інтэграцыі: праз шчыльнае міждзяржаўнае супрацоўніцтва або праз стварэньне наднацыянальных інстытуцыяў з уласнымі кампэтэнцыямі. У рамках эўрапейскай інтэграцыі былі створаныя міждзяржаўныя структуры і наднацыянальныя інстытуцыі, здольныя каардынаваць прыняцьцё і забясьпечваць выкананьне сваіх рашэньняў у самых разнастайных сфэрах жыцьцядзейнасьці. Дасьледчыкі лічаць, што да 80% сацыяльна-эканамічнага заканадаўства дзяржаваў-чальцоў прымаецца праз узаемадзеяньне ў рамках ЭЗ.
Інтэграцыя ставіць пад пытаньне межы сувэрэнітэту і нават мэтазгоднасьць існаваньня нацыянальнай дзяржавы як формы палітычнай арганізацыі чалавечых супольнасьцяў. Аднак больш як 60-гадовая гісторыя эўрапейскай інтэграцыі пакуль не спрычынілася да ейнага поўнага скасаваньня і ўзьнікненьня Злучаных Штатаў Эўропы.