Юзары | |
Юры Наўроцкі | |
![]() | |
Дата нараджэньня | 11 траўня 1991 (33 гады) |
---|---|
Месца нараджэньня | |
Грамадзянства | Беларусь |
Занятак | сьпявак, кампазытар, прадусар |
Гады дзейнасьці | з 2011-га |
Жанры | поп-музыка |
Інструмэнты | голас[d] |
Псэўданімы | Юзары |
Супрацоўніцтва | Лайма Вайкуле, Айя Андрэева, Ціна Караль |
Узнагароды | ляўрэат «Новая хвалі» (2011, Латвія), «Песьні году Беларусі-2016» |
Юзары (лац. Uzari, сапраўднае імя Юры Віктаравіч Наўроцкі, нар. 11 траўня 1991, Менск, цяпер Беларусь) — беларускі артыст, кампазытар, прадусар.
Прадстаўляў Беларусь на конкурсе песьні «Эўрабачаньне-2015» зь песьняй «Time» у дуэце з Маймунай. У 2016 годзе яго беларускамоўная песьня «Мора» стала песьняй году Беларусі. У красавіку 2019 году выпусьціў беларускамоўны альбом «Падзяка сэрца».
Нарадзіўся ў сям’і музыкаў. Бацька — Віктар Наўроцкі — мае вышэйшую музычную адукацыю па клясе трубы. Маці — Галіна Грамовіч — салістка Нацыянальнага акадэмічнага канцэртнага аркестру Беларусі пад кіраўніцтвам Міхаіла Фінберга[1]. Сьпяваць пачаў з 5 гадоў. У Менску скончыў Рэспубліканскі музычны каледж (пл. Свабода, д. 7). Затым паступіў на эстрадна-джазавы факультэт Санкт-Пецярбурскага дзяржаўнага ўнівэрсытэту культуры і мастацтваў, у якім навучаўся ягоны дзед. Падчас навучаньня, якое скончыў у 2013 годзе, выконваў госпэл, джаз, поп, соўл і фанк[2]. На 1-м курсе сыграў ролю Кая ў пастаноўцы «Сьнежная каралева» мясцовага мюзік-холу[1].
У красавіку 2011 году 19-гадовы Юры Наўроцкі прайшоў адбор у Маскве на 10-ы міжнародны конкурс маладых выканаўцаў папулярнай музыкі «Новая хваля», які меў пачацца 27 ліпеня ў Юрмале (Латвія). Юры выступаў пад мянушкай Юзары, каб падкрэсьліць паходжаньне па мячы[3]. У траўні 2011 году ўдзельнічаў у «Эўрабачаньні» на падпеве ў Анастасіі Віньнікавай[4]. Пасьля здачы сэсіі за 3-і курс Юзары адправіўся ў Юрмалу з маці, якая выкладала яму сьпевы. Яго прадусаркай была Іна Радаева. Песьні і аранжыроўкі Юзары стварыў сам[1]. Да пачатку конкурсу «Новая хваля» ён рэпэтаваў у Юрмале 10 дзён[5]. 28 ліпеня 2011 году на 2-і дзень «Новай хвалі» Юзары выканаў беларускую народную песьню «Лапці, мае лапці»[6]. 6 сьнежня 2011 году прайшоў на тэлеадбор «Эўрафэст», які Белтэлерадыёкампанія ладзіла для міжнароднага конкурсу песьні «Эўрабачаньне»[7]. 21 сьнежня 2011 году зь песьняй «The winner» прайшоў у фінал «Эўрафэсту», які паказалі ў наўпроставым этэры тэлеканала «Беларусь 1» 14 лютага 2012 году[8].
11 студзеня 2012 году Юзары выступіў у Менску на тэлеперадачы «Акадэмія талентаў». Спадарожна ён пачаў стварэньне 1-га сольнага альбому. Больш як 3 гады яго падрыхтоўкай займалася выкладніца эстрадна-джазавага сьпеву Вольга Сафронава з Санкт-Пецярбурскага дзяржаўнага ўнівэрсытэту культуры і мастацтваў, якая была хормайстаркай мясцовага тэатру «Мюзік-хол» і тэатру музычнай камэдыі[9]. 3 ліпеня 2012 году выступіў на гала-канцэрце «Беларусь у маім сэрцы», што прайшоў у менскім Парку перамогі[10]. 9 лістапада 2012 году прайшоў у фінал адбору на «Эўрабачаньне-2013», які прайшоў 7 сьнежня. У рамках адбору яго песьня «Secret» зьявілася на 5 радыёстанцыях Белтэлерадыёкампаніі — Першым нацыянальным канале Беларускага радыё, «Беларусь», «Культура», «Радыюс ФМ» і «Сталіца»[11]. 28 чэрвеня 2013 году Юзары выступіў на конкурсе «Міс Менск» у Палацы спорту[12].
1 верасьня 2014 году на дзіцячы конкурс «Эўрабачаньне-2014» прайшла Надзея Місякова зь беларускамоўнай песьняй «Сокал», аранжыроўку для якой зрабіў Юзары[13]. 5 сьнежня 2014 году Юзары ў пары са скрыпачкай Маймунай прайшоў у фінал адбору на «Эўрабачаньне-2015»[14]. 26 сьнежня 2014 году дуэт Юзары і Маймуны перамог у фінале адбору на «Эўрабачаньне» зь песьняй «Time» [15]. Падчас наступнай он-лайн-канфэрэнцыі Юзары патлумачыў сэнс свайго псэўданіма спалучэньнем імя прадзеда Юзэф з уласным імем Юры[16].
Да 22 студзеня 2015 году Юзары і Маймуна запісалі 5 вэрсіяў песьні «Time», у тым ліку акустычную і ў стылях кантры ды электра-поп. Замежныя прыхільнікі песьні пераклалі яе на гішпанскую, нямецкую і францускую мовы[17]. 27 лютага 2015 году рэжысэр Зьміцер Сямёнаў зьняў кліп на песьню «Time» у Менскім кінапавільёне. У кліпе Юзары паўстаў у вобразе эльфа, які праходзіць праз стыхіі. Пагатоў пры здымках скарысталі 11 тонаў пяску[18]. Здымкі кліпа каштавалі 15 000 эўра[19]. Аранжыроўку да песьні падрыхтаваў Віталь Судзін. Касьцюмы да выступу ў Вене зрабіла мадэльерка Вольга Бухал[20]. 12 сакавіка 2015 году на тэлеканале «Беларусь 1» паказалі кліп на песьню «Time». У той жа дзень Юзары вызначыў склад свайго падпеву, у які ўвайшлі 3 сьпевакі: Арцём Ахпаш, Дзяніс Ліс і Юры Селязьнёў. Адначасна пачаліся рэпэтыцыі пад кіраўніцтвам кіпрыёцкага сьпевака Алекса Панаі, які выступаў на «Эўрабачаньні» ў 1995 і 2010 гадах[21]. 16 сакавіка кліп пачалі паказваць на нацыянальных тэлеканалах 40 краінаў-удзельніцаў «Эўрабачаньня»[18]. 31 сакавіка рэжысэрка выступу Ніна Драко павялічыла ў песьні мэлёдыю прыпеву і сола скрыпкі[22]. 19 траўня 2015 году Юзары і Маймуна выступілі ў паўфінале «Эўрабачаньня» ў Вене (Аўстрыя), дзе занялі 12-е месца[23]. 12 верасьня 2015 году Юзары выступіў на канцэрце да Дня гораду ў Менску[24].
28 сакавіка 2016 году Юзары ўдзельнічаў ва ўкраінскім тэлеконкурсе «Голас краіны» ў камандзе Ціны Караль і ў тэлепаказе «Голас»[25]. У 2016 годзе песьня «Мора» ў выкананьні Юзары стала «Песьняй году Беларусі»[26]. 26 верасьня 2016 году ў аўдыёчарце «Тузіна гітоў» прадставіў сваю 1-ю песьню па-беларуску «Мора»[27]. 30 лістапада 2016 году песьня «Мора» перамагла ў 3-м туры аўдыёчарту. Спадарожна Юзары заснаваў музычна-танцавальную школу «Арт-плятформа»[28]. 11 лютага 2017 году Юзары запісаў беларускі кавэр песьні Івана Дорна «Стыцамэн» у перакладзе паэткі Дар’і Бялькевіч[29]. 1 сакавіка 2017 году Юзары выступіў у менскім клюбе «Лофт» (вул. П.Броўкі, д. 22) зь беларускамоўнай праграмай[26]. 2 сакавіка сьпявак прадставіў песьню «Супрацьлеглыя» на «Тузіне гітоў»[30]. 26 красавіка 2017 году выпусьціў песьню «Я выдумляю»[31]. 13 траўня 2017 году выступіў на тэлеканале «Белсат» з 4-ма песьнямі: «Супрацьлеглыя», «Стыцамэн», «Я выдумляю» і «Новае кіно»[32]. Папярэдне ўдзень Юзары сьпяваў на вэлякарнавале «Віва ровар» у менскім Парку перамогі[33]. 25 траўня выступіў на канцэрце ў «Менск-Арэне» да дня абароны дзяцей[34]. 23 чэрвеня 2017 году засьпяваў у Летнім амфітэатры Маладэчна на фэстывалі «Песьня году Беларусі»[35]. 15 ліпеня 2017 году песьня «Мора» трапіла ў Мэгатур «Тузіна гітоў»[36]. 20 ліпеня 2017 году тэлеканал «Беларусь 3» паказаў сьпеў Юзары на гала-канцэрце «Я люблю Фэстываль» у рамках «Славянскага базару-2017» у Віцебску[37]. У той жа дзень Юзары і гурт «Наві» выканалі свае песьні па-беларуску на адкрыцьці фэстывалю «Лайма Рандэву» ў Юрмале[38]. 17 верасьня 2017 году Юзары быў асноўным сьпеваком на сьвяце гораду ў Горадні[39]. 1 сьнежня 2017 году выступіў па-беларуску на «Алімпійскім» стадыёне ў Маскве, дзе праходзіў Глябальны форум сынэргіі[40]. 15 сьнежня 2017 году прадставіў песьню «Новае кіно» у зімовым туры аўдыёчарту «Тузіна гітоў»[41].
1 студзеня 2018 году песьня «Я выдумляю» трапіла ў навагодняе выданьне музычнай тэлеперадачы Сяргея Будкіна на «Белсаце»[42]. 11 студзеня 2018 году Юзары выступіў прадусарам 3-х выканаўцаў на адборы да «Эўрабачаньня», які праходзіў у студыі «600 мэтраў» Белтэлерадыёкампаніі. Яго выканаўцы сьпявалі па-ангельску, па-беларуску і па-расейску[43]. 18 чэрвеня 2018 году яго песьня «Новае кіно» трапіла ў мэгатур «Тузіна гітоў»[44]. 25 верасьня 2018 году Лера Яскевіч прадставіла кліп на беларускамоўную песьню «Рух», музыку да якой напісаў Юзары[45]. 4 лютага 2019 году Юзары выпусьціў песьню «Падзяка сэрца», словы і музыку да якой напісаў сам[46]. 21 лютага 2019 году выступіў на Дні роднай мовы ў менскім клюбе «Грай»[47]. 6 красавіка 2019 году выканаў песьню «Падзяка сэрца» на тэлеканале «Беларусь 1» у перадачы «Макаёнка, 9»[48]. 10 красавіка 2019 году прадставіў альбом «Падзяка сэрца» з 7 беларускамоўных песьняў. Некалькі песьняў альбому выкарыстоўваліся ў суправаджэньні ўкраінскага тэлесэрыялу «Кіеў удзень і ўначы»[49]. Адначасна прадставілі кліп на песьню «Падзяка сэрца», рэжысэркай якой выступіла Ганна Герт, а апэратарам-пастаноўнікам — Аляксандар Вавілаў[50]. 13 ліпеня 2019 году на 28-м «Славянскім базары ў Віцебску» выступіў Ваня Зданюк зь песьняй «Кучаравая», якую напісаў Юзары ў стылі рытм-блюзу. Пагатоў Юзары быў настаўнікам Зданюка папярэднія 4 гады[51]. 19 ліпеня 2019 году на фэсьце «Лайма Рандэву» у Юрмале латвійская сьпявачка Аіша Андрэева і Юзары выканалі песьню «Новае кіно»[52]. 8-9 жніўня 2019 году ў Адэсе (Украіна) Юзары выступіў на фэстывалі «Лайма Рандэву»[53].
Аўтарам усёй музыкі зьяўляецца Юзары.
«Падзяка сэрца»[54][55] | |||||||||
---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|
№ | Назва | Словы | Працягласьць | ||||||
1. | «Супрацьлеглыя» | Мікіта Найдзёнаў | 3:00 | ||||||
2. | «Падзяка сэрца» | Юзары | 4:35 | ||||||
3. | «Я выдумляю» | Мікіта Найдзёнаў | 4:10 | ||||||
4. | «Падман» | 2:52 | |||||||
5. | «Мора» | Мікіта Найдзёнаў | 3:50 | ||||||
6. | «Новае кіно» | Мікіта Найдзёнаў | 4:11 | ||||||
7. | «Размовы» | 4:48 | |||||||
27 хв. |
2 сьнежня 2016 году назіральнік «Тузіна гітоў» Алесь Круглякоў ацаніў запіс песьні «Мора», як «найлепшы ў тузіне з пункту гледжаньня студыйнага запісу». Ён заўважыў, што песьні «дадае калярыту» тое, што «аўтараў крыху занесла ў нейкія ўсходнія матывы»[56]. 16 студзеня 2017 году выдавец Алесь Квіткевіч адзначыў у той песьні «выкшталцоны тэкст ад Мікіты Найдзёнава»[57]. 12 красавіка 2019 году ў менскай студыі «Эўрарадыё» Юзары прызнаў, што яго «ставяць разам зь Лені Кравіцам»[49]. 14 чэрвеня 2019 году праграмны кіраўнік радыё «Юністар» Аляксандар Найдзёнаў улучыў песьню «Падзяка сэрца» ў мэгатур на «Тузіне гітоў». Ён адзначыў, што Юзары «неверагодна якасна працуе»[58].