Якуб Гейштар | |
![]() | |
Асабістыя зьвесткі | |
---|---|
Нарадзіўся | 6 красавіка 1827
|
Памёр | 3 лістапада 1897 |
Пахаваны | |
Літаратурная дзейнасьць | |
Род дзейнасьці | публіцыст |
Кірунак | публіцыстыка |
Мова | летувіская мова і польская мова |
Яку́б Казі́мер Станісла́ў Ге́йштар (18 красавіка 1827, маёнтак Мядэкшы Ковенскага павету, цяпер Кейданскі раён Летувы — 3 (15) лістапада 1897) — удзельнік паўстаньня 1863—1864 гадоў на Літве (Беларусі) й Летуве, лібэральны публіцыст.
Скончыў Віленскі дваранскі інстытут, вучыўся на юрыдычным факультэце Пецярбурскага ўнівэрсытэту. У якасьці чальца Ковенскага губэрнскага камітэту ўдзельнічаў у выпрацоўцы ўмоваў сялянскай рэформы, у 1859 годзе напісаў і выдаў за мяжой свой першы публіцыстычны твор — «Голас шляхціца да сваіх сабратаў пра сялянскую свабоду й уласнасьць». Па палітычных перакананьнях падтрымліваў групоўку «белых», быў адным з кіраўнікоў «белае» партыі на беларуска-літоўскіх землях. Узначальваў «Аддзел кіраўніцтва правінцыямі Літвы», утвораны пасьля сумнавядомага перавароту ў паўстанцкай арганізацыі.
Выступаў супраць Каліноўскага й іншых рэвалюцыйных дэмакратаў, якія намагаліся павярнуць паўстаньне на шлях аграрнай рэвалюцыі. Арыштаваны ў ліпені 1863 г. Сьпярша высланы ва Ўфу, але затым вернуты для дадатковага сьледзтва й сасланы на 12 гадоў катаргі ў Сыбір. У 1872 г. вярнуўся на радзіму. Сьпярша жыў у Сувалках, пазьней у Варшаве, дзе ў 1882 годзе заклаў антыкварную кнігарню. Пакінуў пасьля сябе ўспаміны — каштоўную крыніцу па гісторыі паўстаньня 1863—1864 гадоў.
«Pamiętniki z lat 1857—1865» зьяўляюцца каштоўнай крыніцай па вывучэньні гісторыі паўстаньня 1863—1864 гг. Над «Успамінамі» Гейштар пачаў працаваць яшчэ ў ссылцы, але галоўная праца была зробленая ў 1873—1874 гг. у Варшаве. Канчаткова завершаныя толькі пад канец жыцьця.
Мэмуары напісаныя ў двух тамах. Першы том зьмяшчае 420 старонак, другі — 382. Тамы аснашчаныя шматлікімі ілюстрацыямі ўдзельнікаў паўстаньня й тых, хто меў да яго дачыненьне. Гейштар падае абшырныя бібліяграфіі й іншыя карысныя дадаткі. Пры выданьні (у віленскай сэрыі «Бібліятэка мемуараў») успаміны былі забясьпечаны зьмястоўнымі прадмовай і камэнтарамі. «Успаміны» зьяўляюцца, па сутнасьці, унікальным біяграфічным слоўнікам удзельнікаў паўстаньня. Гісторык Тадэвуш Корзан напісаў спэцыяльна для гэтага выданьня свае нататкі «З асабістых кантактаў».
Якуб Гейштар — сховішча мультымэдыйных матэрыялаў