Ян Дамель лац. Jan Damiel | |
Ян Дамель. Аўтапартрэт | |
Дата нараджэньня | 1780 |
---|---|
Месца нараджэньня | Мітава, Курляндыя |
Дата сьмерці | 30 жніўня 1840 |
Месца сьмерці | Менск |
Месца пахаваньня | |
Месца вучобы | |
Занятак | маляр |
Месца працы | |
Сябра ў | масонская лёжа[d] і Паўночная паходня[d] |
Жанры | партрэт, гістарычны жывапіс і рэлігійнае мастацтва[d] |
Плынь | клясыцызм, рамантызм |
Ян Дамель (1780, Мітава ў Курляндыі — 30 жніўня 1840, Менск) — беларускі маляр, прадстаўнік мастацкай школы Віленскага ўнівэрсытэту. Пакінуў значны сьлед у мастацтве сучасных Беларусі і Летувы.
Скончыў Віленскі ўнівэрсытэт (1809 год), быў вучнем вядомых мастакоў Францішка Смуглевіча і Яна Рустэма. У 1809—1820 гадох выкладаў на катэдры малюнку і малярства.
У 1820 годзе праз хлусьлівае зьвінавачаньне ўлады Расейскай імпэрыі выслалі Яна Дамеля ў Сыбір[1]. Знаходзіўся ў высылцы ў Табольску, Томску, Енісейску. Выконваў размалёўку тамтэйшых сакральных будынкаў, зблізіўся з кіраўніком Сыбіры графам М. Сьпяранскім, што аблегчыла ягоную долю і дапамагло хутчэй вярнуцца на Радзіму.
Па вызваленьні з 1822 году жыў у Менску.
Спачыў у касьцёле Ўзвышэньня Сьвятога Крыжа на Кальварыйскіх могілках Менску. Замест помніка над магілай павесілі карціну «Маленьне збаўцы», якую нябожчык лічыў адным з найлепшых сваіх твораў.
Творчасьць Яна Дамеля сфармавалася пад уплывам клясыцызму[2].
Пісаў пераважна на гістарычныя тэмы: «Сьмерць магістра крыжаносцаў Ульрыха фон Юнгінгена ў бітве пад Грунвальдам», «Сьмерць князя Панятоўскага» (абедзьве 1820-я), «Хрышчэньне славянаў», «Сьмерць Глінскага ў няволі», «Вызваленьне Т. Касьцюшкі зь цямніцы» (1830-я), «Твардоўскі паказвае Жыгімонту Аўгусту цень яго жонкі Барбары», «Напалеон на бівуаку пад Аўстэрліцам», «Адступленьне французаў праз Вільню ў 1812» ды іншыя.
Сярод працаў мастака партрэты князя Дамініка Радзівіла, графаў Яўхіма Храптовіча, Канстантына Тышкевіча, рэктара Віленскага ўнівэрсытэту С. Малеўскага, ксяндза Ф. Галанскага, «М. Равіч з сынам», «Атон Горват з жонкай», «Валадковіч з жонкай», М. Сьпяранскага, С. Строганава, Е. Кабылінскага ды іншых. Уласьцівасьцю найлепшых зь іх ёсьць тонкая псыхалягічная характарыстыка. Некаторыя партрэты (аўтапартрэт, партрэт прафэсара Яна Рустэма) маюць рысы рамантызму.
Выканаў таксама творы рэлігійнай тэматыкі: «Сьвятая Дзева зь дзіцем», «Хрыстос і самарыцянка», «Адрачэньне Сьвятога Пятра», «Палажэньне ў труну», «Маленьне пра чашу», «Спакушэньне Хрыста», «Агар у пустыні», «Сьвяты Язэп зь дзіцяткам Езусам» — алтарны вобраз касьцёла ў Вішневе.
Стварыў пэйзажы Менску і ягоных ваколіцаў, малюнкі і замалёўкі на тэмы побыту народаў Сібіры.