Яраслаў Гашак | |
Jaroslav Hašek | |
Асабістыя зьвесткі | |
---|---|
Нарадзіўся | 30 красавіка 1883[1][2][3][…] |
Памёр | 3 студзеня 1923[1][4][2][…] (39 гадоў) |
Пахаваны | |
Бацькі | Ёзэф Гашак[d] |
Сужэнец | Ярміла Гашкава[d][7] і Alexandra Lvova[d] |
Дзеці | Рыхард Гашак[d] |
Літаратурная дзейнасьць | |
Род дзейнасьці | аўтар, сатырык, навэліст, журналіст, пісьменьнік, публіцыст, гумарыст |
Гады творчасьці | з 1900 |
Жанр | сатыра |
Мова | чэская мова[5][8][9] і расейская мова |
Значныя творы | «Прыгоды ўдалага ваякі Швэйка» |
Подпіс | |
Пераклады на беларускую ў Вікікрыніцах | |
Я́раслаў Га́шак (па-чэску: Jaroslav Hašek; 30 красавіка 1883, Прага — 3 студзеня 1923, Ліпніцы) — чэскі пісьменьнік-сатырык.
Сын настаўніка. Адукацыю атрымаў у камэрцыйнай акадэміі. Літаратурную дзейнасьць пачаў з 18-гадовага веку ў газэтах і гумарыстычных часопісах кароткімі апавяданьнямі чэхаўскага тыпу, якія ён называў «гумарэскамі». Ужо ў гэтых апавяданьнях высьмейваюцца рэлігійныя забабоны, сямейны побыт дробнага буржуа, парлямэнт і іншыя зьявы ў тагачасным чэхаславацкім грамадзтве.
Мабілізацыя перапыніла літаратурную дзейнасьць Яраслава Гашака. У час Першай сусьветнай вайны яго накіравалі на фронт. Празь некаторы час Гашак трапляе ў Расею як палонны. Тут ён удзельнічаў у кастрычніцкім перавароце, уступіў у бальшавіцкую партыю і працаваў ва Ўфе падчас грамадзянскай вайны. Па сканчэньні вайны вярнуўся ў Прагу і з гэтага часу займаўся выключна літаратурай.
Вайна і рэвалюцыя вызначылі другі пэрыяд ягонай творчасьці. Ад дробных побытавых апавяданьняў Гашак перайшоў да эпапэі. Ягоныя «Прыгоды бравага салдата Швэйка ў часе сусьветнай вайны» (Osudy dobrého vojáka Švejka za světové války, 1921—1923) прынесьлі Гашаку сусьветную славу. Раман быў перакладзены на мноства моваў. Твор Гашака, напісаны сакавітай мовай, з прымесьсю салдацкага жаргону і праскага арго, пабудаваны на чаргаваньні падзеяў у салдацкім жыцьці галоўнага героя, якое перарываецца характэрнымі адступленьнямі — успамінамі Швэйка, анэгдотамі, прыкладамі зь ягонага жыцьцёвага досьведу. Самі чэхі апраўдана называюць раман самай сьмешнай кніжкай у сьвеце.
Заўчасная сьмерць на сухоты ў 1923 годзе пакінула раман Швэйка няскончаным. Зь імем Гашака злучана мноства легендаў. Піварня, дзе любіў бавіць час пісьменьнік — самае прыцягальнае месца для турыстаў, якія прыяжджаюць у Прагу. Яраслаў Гашак — самы вядомы чэскі пісьменьнік мінулага стагодзьдзя.
Сучасным перакладчыкам «Швэйка» зьяўляецца Аляксандар Мажэйка.