Яўхім Ігнаці Юзэф Храптовіч | |
Герб «Адравонж» | |
Асабістыя зьвесткі | |
---|---|
Нарадзіўся | 4 студзеня 1729 Ясянец каля Наваградку |
Памёр | 4 сакавіка 1812 (83 гады) Варшава |
Пахаваны | |
Род | Храптовічы |
Бацькі | Марцыян Храптовіч Рэгіна з Войнаў |
Жонка | Канстанцыя з Пшазьдзецкіх |
Дзеці | Ірэней, Адам |
Дзейнасьць | паэт, дыплямат, публіцыст, перакладнік, дзяржаўны службовец, палітык, афіцэр |
Подпіс |
Яўхім Ігнаці Юзэф Храптовіч (Літавор-Храптовіч; 4 студзеня 1729 — 4 сакавіка 1812) — дзяржаўны, гаспадарчы, навуковы і культурны дзяяч Вялікага Княства Літоўскага. Сакратар сьвецкі (1764—1773), падканцлер (1773—1793) і апошні канцлер вялікі літоўскі (1793—1795).
Быў старостам аршанскім, жосьлінскім, старадубскім[1]. Кавалер ордэнаў Сьвятога Станіслава (1773)[2] і Белага Арла (1773)[3].
Па сьмерці бацькі ў 1766 годзе атрымаў маёнткі Шчорсы ў Наваградзкім павеце, Зэмбін у Менскім павеце, Пышну ў Полацкім ваяводзтве, Халопенічы ў Аршанскім павеце і іншыя, пазьней набыў Бешанковічы і Пачаевічы ў Полацкім ваяводзтве, Вішнеў і Славенск у Ашмянскім павеце, Грыцкавічы і Нежыцы ў Аршанскім павеце.
З шляхецкага роду Храптовічаў гербу «Адравонж», сын Марцыяна і Рэгіны Вайнянкі. Першую адукацыю атрымаў дома ў маёнтку Шчорсах Наваградзкага павету. Пазьней навучаўся ў Вільні, Нясьвіжы, Заходняй Прусіі.
У 1752 годзе атрымаў свой першы ўрад стольніка наваградзкага. У 1753 годзе абіраўся дэпутатам Гарадзенскага павету на Галоўны Трыбунал. У 1754, 1756, 1758, 1764, 1766 гады абіраўся паслом ад Наваградзкага павету на соймы Рэчы Паспалітай.
28 сьнежня 1764 году па каранацыі Станіслава Аўгуста Панятоўскага атрымаў урад сакратара вялікага літоўскага. У 1765 годзе быў маршалкам Галоўнага Трыбуналу.
У 1769—1772 гадох вандраваў у Нямеччыну, Францыю, Ангельшчыну, Галяндыю, Аўстрыю, нібыта для паляпшэньня здароўя. У рэальнасьці, на загад караля, мусіў нэўтралізоўваць дзейнасьць паслоў Барскай канфэдэрацыі ў Эўропе. 6 кастрычніка 1773 году атрымаў урад падканцлера вялікага літоўскага. У тым жа годзе яго прызначылі камісарам дэпартамэнту Віленскай акадэміі і школаў Вялікага Княства Літоўскага пры навастворанай Адукацыйнай камісіі. У 1778 годзе ўвайшоў у склад Пастаяннай Рады, дзе ўзначаліў Дэпартамэнт замежных інтарэсаў. 22 верасьня 1784 году прыняў караля і вялікага князя Станіслава Аўгуста Панятоўскага ў сваім родавым маёнтку ў Шчорсах. У 1791 годзе заняў пасаду міністра замежных справаў Рэчы Паспалітай і ўвайшоў у «Варту Законаў». 14 чэрвеня 1793 году атрымаў урад канцлера вялікага літоўскага. У 1793—1795 гадох лячыўся за мяжой.
У 1795—1812 гадох жыў у Варшаве. Адыйшоў ад палітычных справаў, займаўся навукай. 4 сакавіка 1812 году памёр у Варшаве. Спачыў у касьцёле капуцынаў.
Ажаніўся ў 1766 годзе з Канстанцыяй, дачкой падканцлера вялікага літоўскага Антонія Тадэвуша Пшазьдзецкага. У шлюбе меў 4 сыны і дачку.
На працягу ўсяго жыцьця быў адданым прыхільнікам караля і вялікага князя Станіслава Аўгуста. Бараніў ягоныя інтарэсы на соймах і сойміках. З часам зрабіўся галоўным рэпрэзэнтантам манарха на землях Вялікага Княства Літоўскага. Адносіны да іншых магнацкіх радоў залежылі ад іх лаяльнасьці да караля. У 1780—1785 гадох быў адным з галоўных ініцыятараў судовай справы супраць Тызэнгаўза, спрабуючы такім чынам ліквідаваць небясьпечнага канкурэнта ў барацьбе за прыхільнасьць шляхты ВКЛ.
На Чатырохгадовым Сойме прапанаваў праект агульнага разьмежаваньня ўладаньняў у ВКЛ. Канстытуцыю 3 траўня прыняў, але з насьцярогай. Менавіта ён пераканаў караля ў 1792 годзе перайсьці на бок Таргавіцкай канфэдэрацыі.
Быў прыхільнікам добрасуседзкіх дачыненьняў з Расейскай імпэрыяй.
Правёў значныя гаспадарчыя пераўтварэньні на сваіх землях. У 1770—1776 гадох паводле праекту замежных архітэктараў Джузэпэ Сака, Карла Спампані і Якуба Габрыэля збудаваў у Шчорсах палацава-паркавы ансамбль.
У 70-я гады XVIII ст. істотна рэарганізаваў у сваіх маёнтках гаспадарку, якая зрабілася адной з найлепшых у ВКЛ. Усе працы ў фальварках Шчорсаў выконвалі толькі наёмныя работнікі (зь ліку сялянаў). Ураджайнасьць збожжа была вельмі высокай, таксама пэўныя посьпехі мелі жывёлагадоўля і пчалярства.
Пераўтварыў сялянаў у прыгонных арандатараў: замест паншчыны яны мусілі выпочваць трэць ураджаю грашыма. За кошт павелічэньня гаспадарчай самастойнасьці палепшыўся сялянскі побыт[4].
Будаваў для сялянаў школы, аптэкі, наймаў лекараў. Гэта спрыяла таму, што многія сяляне з Расейскай імпэрыі, шукаючы лепшую долю, уцякалі менавіта ў ягоныя маёнткі[4].
Збудаваў у Шчорсах адзін зь першых на Беларусі ветракоў[1]. У 1778 годзе заснаваў мэталюргічны завод у Вішневе.
У канцы жыцьця актыўна займаўся навуковай дзейнасьцю. Быў прыхільнікам тэорыі фізыякратызму.
У 1802 годзе ў Варшаве выйшла ягоная праца «Аб штогадовым нацыянальным узнаўленьні» («О reprodukcji corocznej krajowej»), а ў 1814 годзе — «Аб натуральным праве» («O prawie natury»), у якіх адстойваў менавіта гэтую тэорыю.
Пісаў вершы, у тым ліку і на беларускай мове[5][6], артыкулы на сельскагаспадарчыя тэмы. Для пацьверджаньня свайго шляхецтва напісаў «Памятку пра род Літавораў Храптовічаў ад першых зьвестак да 1795 г.», апублікаваную ў 1890—1891 гады.