Ёсеф Хаім Брэнер

Ёсеф Хаім Брэнер
іўр.: יוסף חיים ברנר
Асабістыя звесткі
Псеўданімы יוסף חבר, ח. ב. צלאל і בר יוחאי
Дата нараджэння 30 жніўня (11 верасня) 1881[1]
Месца нараджэння
Дата смерці 2 мая 1921(1921-05-02)[2] (39 гадоў)
Месца смерці
Пахаванне
Грамадзянства
Прафесійная дзейнасць
Род дзейнасці пісьменнік, літаратурны крытык, перакладчык, рэдактар, друкар
Мова твораў іўрыт
Грамадская дзейнасць
Партыя
Член у
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Ёсеф Хаім Брэнер (іўр.: יוסף חיים ברנר варыянты імя: Ёйсіф, Ёсіп, Ёсып Хаім, часовы псеўданім Дж. Хевер, 11 верасня 1881, Нові Млыны Сасніцкага павета  (укр.) Чарнігаўскай губерні — 2 мая 1921, на поўдзень ад Яфа) — яўрэйскі пісьменнік, літаратурны крытык і перакладчык, адзін з пачынальнікаў сучаснай літаратуры на іўрыце, таксама пісаў на ідышы.

Нарадзіўся ў беднай яўрэйскай сям’і ў Новых Млінах, да 10 год жыў у родным доме. Вучыўся ў розных ешывах, у тым ліку ў Почапе. Тут пасябраваў з Уры Гнесіным, яны разам вывучалі сучасную літаратуру, выдавалі на старажытнай мове рукапісную газету «Гакол=Голас» і часопіс «Гаперах=Кветка», дзе з’явіліся яго першыя спробы пісьма. Пазней жыў у Беластоку, вучыўся ў дзядзькі перапісваць скруткі, рабіць тфіліны і мезузы.

У 1897 годзе пераехаў у Гомель, дзе апублікаваў сваё першае апавяданне «Бохан хлеба», а затым, у 1900 годзе, і зборнік апавяданняў. Уваходзіў у гурток яўрэйскіх пісьменнікаў (З. Анохі, Г. Цэйтлін). Сышоўся з Мардэхаем Коганам, у якога працаваў сакратаром, і з яго пляменнікам Борахам. Стаў бундаўцам. Разам з Б. Коганам (псеўданім «Вергілій») выдаваў у Гомелі падпольную бундаўскую газету «Дэр камп». Выехаў у Беласток. У Варшаве пазнаёміўся з Перацам, Рэйзеным і Номбергам. Вярнуўся ў Гомель, дзе даваў урокі іўрыта. У 1902 годзе зноў у Беластоку, працуе ў выдавецтве Коціка «Білдунг», там дзе і Рэйзен.

У 1903 годзе быў прызваны ў армію (У некаторых выданнях сцвярджаецца, што ў 1901 ці 2). Год служыў у Арле, з пачаткам руска-японскай вайны дэзерціраваў. Яго злавілі, але з дапамогай Бунда ўцёк. Атрад бундыстаў напаў на стражнікаў, калі тыя этапавалі вязняў з адной турмы ў другую. Брэнер эміграваў у Лондан, дзе жыў у раёне Уайтчэпел, прымаў актыўны ўдзел у сацыялістычным руху Паалей-Цыён  (укр.), працаваў наборшчыкам у выдавецтве Нарадзіцкага. Пры падтрымцы Нарадзіцкага супольна з Гнесіным рэдагаваў і выдаваў у 1907-8 гадах часопіс «Ха-Меарэр» («Будзільнік» ці «Абуджэнне») на іўрыце, але чытачоў было не так многа. Няўдача пасварыла сяброў.

У 1908 годзе пераехаў у Лемберг, дзе быў рэдактарам часопіса «Рэвівім=Патокі» (выйшла 2 нумары), выдаў на ідышы манаграфію пра жыццё пісьменніка Абрама Мапу. Аб’ехаў Галіцыю.

У 1909 годзе эміграваў у Палесціну, якая ўваходзіла ў склад Асманскай імперыі, працаваў рабочым на ферме ў Хадэры, але затым з’ехаў у Іерусалім, дзе рэдагаваў часопіс «Гапоэл гацаір». Спрабуючы ажыццявіць сіянісцкія ідэалы працы на зямлі, стаў земляробам у Эін-Ганіме (зараз раён Петах-Ціквы). Пазнаёміўся з мысліцелем А. Д. Горданам, якому прысвяціў апавяданне «Мікан умікан».

У 1915 годзе — у Яфа. Член Таварыства аматараў іўрыцкай сцэны. Апублікаваў артыкул пра хрысціянства — і быў абвінавачаны ў стасунках з місіянерамі. З’явіліся выказванні вядомых пісьменнікаў у абарону Брэнера, і падазрэнняў больш не было. Падчас Першай сусветнай вайны ён прыняў асманскае грамадзянства, што не дазваляла пакідаць краіну. Непрацяглы час выкладаў іўрыт і літаратуру ў гімназіі «Герцлія» ў Тэль-Авіве, потым прысвяціў сябе дапамозе бежанцам.

Ажаніўся незадоўга да пачатку вайны. У 1920 годзе, ужо ў Брытанскай Палесціне, стаў членам рабочай камуны Гедуд-Хаавода, рэдактарам рабочай газеты «Га-Солел=Брук», адным з заснавальнікаў Гістадрута. Загінуў 2 мая 1921 года падчас арабскіх хваляванняў у Яфа.

Брэнэр усхваляў ідэалы сіянізму, але таксама сцвярджаў, што Эрэц-Ісраэль — проста яшчэ адна дыяспара і нічым не адрозніваецца ад іншых дыяспар.

Друкаваўся ў розных газетах, старажытнаяўрэйскіх: Гамеліц, Гашылоах, Гаолам, Газман, Луах ахіасэф, Гацофэ, Гапоэл гацаір, Гаахдут і інш. — яўрэйскіх: «Дзі ідышэ велт» у Лондане, «Наер вег» у Вільні, «Кунст ун лэбм», «Цукунфт», «Ідышэр кемпэр» у ЗША, Ідышэр арбетэр, Лембергер тагеблат, Хайнт. — англійскай Jewish Chronicle.

Пераклаў на яўрэйскую мову (ідыш) творы Герцля і Жабацінскага, «Дос нае гето» і «Фарвос вілн мір дафкэ Эрэц-ісроэл». На старажытнаяўрэйскую мову пераклаў з яўрэйскай, рускай творы А. Рэйзена, Пераца, Талстога, Дастаеўскага і іншых.

  • Меэмек ахор (Варшава, Тушыя — 1900), 79 ст[3].
  • Бахорэф (1904)
  • Меэвер легівулін (Лондан, 1907), 84 ст.
  • Ло клум
  • Шэхол вехішалон (Нью-Ёрк, 1920), 282 ст.
  • Бен маім лемаім (Варшава, 1910), 84 ст.
  • Мікан умікан (тамсама, 1910), 192 ст.

Выйшлі выбраныя апавяданні, збор твораў у 8 тамах. Пасмяротна выйшла ліставанне Брэнера, якое падрыхтаваў Менахем Пазнанскі[he] (Тэль-Авіў, 1940), зборнік «Гакетавім гаідзіім, дзі ідышэ шрыфтн» (Ізраіль, 1985).

  • Драма Арна Цайтліна «Брэнер».
  • Гіват Брэнэр, найбуйнейшы кібуц у Ізраілі, на поўдзень ад Рэхавота, названы ў гонар Ёсефа Хаіма Брэнера. Яго імя носіць прэстыжная Брэнераўская літаратурная прэмія.

Зноскі

  1. http://www.tidhar.tourolib.org/tidhar/view/3/1117
  2. Josef Chajim Brenner // Brockhaus Enzyklopädie Праверана 9 кастрычніка 2017.
  3. [1]