Горад
Івацэвічы
| ||||||||||||||||||||||||||||||||||
Івацэ́вічы[2] (афіц. транс.: Ivacevičy) — горад у Брэсцкай вобласці Беларусі, адміністрацыйны цэнтр Івацэвіцкага раёна, на правым беразе р. Грыўда. За 135 км ад Брэста. Чыгуначная станцыя на лініі Брэст—Баранавічы. Насельніцтва 23 440 чал. (2017)[3].
Упершыню згадваецца пад 1508 у зэльвенскай касцёльнай кнізе. Вядомы як двор, шляхецкае ўладанне на тэрыторыі ВКЛ. Першыя вядомыя ўладальнікі Іллінічы. Пасля смерці Мікалая Іллініча ў 1540 годзе яго заступнікам стаў сын Ян. У 1555 годзе Івацэвічы, згодна дакументам, з’яўляюцца ўласнасцю слонімскага суддзі Яна Віктарына, які атрымаў маёнтак за жонкай Ганнай, дачкой Яна Іллініча.
Пасля смерці Яна Віктарына ў 1566 годзе, яго жонка Ганна прадае частку маёнтка Івацэвічы пану Яну Юр’евічу Багуматку. У 1631 годзе г. Івацэвічы — уладанне пана Стэфана Кандзежаўскага.
З 2-ой пал. XVI стагоддзя. Івацэвічы ў Боркінскай воласці Слонімскага павета Навагрудскага ваяводства. Каля 1750 года тут быў узведзены касцёл Святога Крыжа, які ў 1860 годзе быў перароблены пад праваслаўную царкву, але ў 1922 годзе зноў вернуты католікам.
У 1784 годзе маёнтак Івацэвічы — уласнасць пана Яна Сяплюцкага, працаваў бровар, смалакурня.
З 1795 года ў складзе Расійскай імперыі, у Слонімскай, з 12.12.1796 года ў Літоўскай, з 28.8.1802 года ў Гродзенскай губернях.
З пачатку XIX стагоддзя Івацэвічы належаць магнацкаму роду Юндзілаў. У 1845 годзе Гродзенскім губернскім камітэтам быў зацверджаны інвентар маёнтка Івацэвічы, што належаў у гэты час памешчыку Івану Юндзілу. У дакуменце даецца маёмаснае і дэмаграфічнае становішча сельбішча, пералічваюцца абавязкі прыгонных сялян перад панам.
З адкрыццём 1 снежня 1846 года Маскоўска — Варшаўскай шашы пачала дзейнічаць Івацэвіцкая паштовая станцыя (1848 год). З будаўніцтвам чыгункі Варшава — Масква (уведзена ў эксплуатацыю 28 лістапада 1871 года) адкрылася чыгуначная станцыя, узнікла паселішча пры ёй.
У канцы XIX стагоддзя ў Івацэвічах былі бровар і цагельня, сукнавальня і вадзяны млын, царква. У 1905 годзе маёнтак Івацэвічы знаходзіўся ў Боркінскай воласці Слонімскага павета.
У Першую сусветную вайну Івацэвічы знаходзіліся пад акупацыяй Германіі. З Івацэвіч у целяханскія лясы была пракладзена вузкакалейка, па якой вывозілі лес, працаваў тартак. З 1921 да 1939 года — мястэчка ў складзе Польшчы, у Боркі — Гічыцкай гміне Косаўскага павета Палескага ваяводства.
У 1935 годзе ў Івацэвічах 1860 жыхароў, чыгуначная станцыя, пры ёй буфет. Была пошта, тэлеграф, аптэка, амбулаторыя, запраўка для аўтамабіляў, некалькі гатэляў, дваровая капліца графаў Юндзілаў, уладальнікаў вялікіх лясных абшараў у Косаўскім і Слонімскім паветах. Паравы рухавік забяспечваў электрычнасцю не толькі тартак, але і пасёлак, працавала пачатковая школа.
З 1939 года ў складзе БССР. З 1940 года ў Косаўскім раёне Брэсцкай вобласці, МТС, лесазавод, спіртзавод, смалакурня, электрастанцыя, млын, абутковая арцель, 7-гадовая школа, пошта, бальніца.
З 24.6.1941 года па 12.7.1944 год знаходзіліся пад акупацыяй фашысцкай Германіі. У вайну загінулі больш за 1000 мірных грамадзян. Значная колькасць ахвяр — жыхары яўрэйскай нацыянальнасці, расстраляныя ў 1942—1943 гадах ва ўрочышчы Жвіроўня. 25 жыхароў мястэчка не вярнуліся з фронту.
Вызвалялі Івацэвічы часці 20-га стралковага корпуса 28-й арміі 1-га Беларускага фронту з удзелам партызан 8-й партызанскай брыгады Брэсцкага злучэння. У баях за горад загінулі 162 савецкія воіны і партызаны (пахаваны ў брацкіх магілах на гарадскіх могілках і ў скверы па вул. Савецкай).
Пасля вайны насельніцтва Івацэвічаў хутка павялічвалася: з рабочага пасёлка ў 1945 годзе да гарадскога (1947) і затым горада (23.5.1966).
У 1948 годзе на брацкай магіле пастаўлены абеліск, у 1956 годзе помнік — скульптура воіна.
З 20.9.1947 года — гарадскі пасёлак, цэнтр Івацэвіцкана раёна.
З 28 мая 1966 года — горад[4].
У горадзе даволі шпарка развівалася прамысловасць. У 1970 г. працавалі лесазавод, леспрамгас, хімлясгас, спіртзавод, маслазавод, раённае аб’яднанне «Сельгастэхніка», камбінат бытавога абслугоўвання.
Дзейнічалі 2 сярэднія школы, школа рабочай моладзі, музычная і дзіцячая спартыўная школы, дзіцячы сад і 2 дзіцячых ясляў — садоў, Дом піянераў, кінатэатр, 2 клубы, 3 масавыя бібліятэкі, бальніца, аптэка, магазіны.
Некаторыя дробныя прадпрыемствы перарасталі ў буйныя. У 1973 годзе ў Івацэвічах пабудаваны ільнозавод. Для патрэб будаўніцтва быў створаны завод жалезабетонных вырабаў. Галоўная яго прадукцыя — панэлі і жалезабетонныя канструкцыі для будаўніцтва жылых дамоў і гаспадарчых пабудоў. У горадзе працуе спіртзавод. Трэба адзначыць, што ў 1990-я гады прадпрыемствы горада сутыкнуліся з многімі праблемамі і цяжкасцямі — часткова альбо нават поўнасцю былі парушаны эканамічныя сувязі як унутры рэспублікі, так і з краінамі СНД. Вырасла запазычанасць прадпрыемствам гандлёвымі арганізацыямі, не хапала сыравіны і камплектуючых вырабаў. Усё гэта вымушала працаваць з вялікімі перабоямі, адчуваўся недахоп рабочых месцаў.
І ўсё ж жыццё не стаяла на месцы: ішло інтэнсіўнае жыллёвае будаўніцтва, з’явіліся ў горадзе новыя сучасныя школы, іншыя грамадскія будынкі. Шырыцца прадпрымальніцкі рух, з’явілася шмат новых гандлёвых кропак, пунктаў па аказанні бытавых паслуг.
З 2 кастрычніка 1947 года пачала выходзіць раённая газета «Чырвоная звязда», з 28 кастрычніка 1956 года называлася «Зара камунізму». З 26 красавіка 1962 года да 31 сакавіка 1965 года быў перапынак у выданні раёнкі ў сувязі з далучэннем Івацэвіцкага раёна да суседняга Бярозаўскага.
У 1965 годзе Івацэвіцкі раён аднаўляецца, і ўжо 1 красавіка таго ж года выйшаў першы нумар газеты «Кастрычнік», з 1991 года — «Івацэвіцкі веснік», вядзецца раённае радыёвяшчанне.
З 12 верасня 1995 года па 2010 год [7] выдавалася мясцовая недзяржаўная «Газета для Вас».
У 2006 годзе ў Івацэвічах прайшлі абласныя дажынкі. Да гэтага свята рыхтаваліся, шмат зрабілі, каб горад памаладзеў, папрыгажэў. У 2009 годзе Івацэвічы адзначылі свой юбілей — 490 годдзе з дня першага ўпамінання ў пісьмовых крыніцах. Наперадзе — пяцьсотгадовы юбілей. Івацэвіцкі раённы гісторыка-краязнаўчы музей.