Акцыз (ад фр.: accise[1]) — від ускоснага падатку, пераважна на прадметы масавага спажывання, а таксама паслугі. Уключаецца ў цану тавараў або цану на паслугі.
Акцызы вядомыя з старажытнасці, калі імі абкладаліся спажывецкія тавары з неэластычным попытам (напрыклад, соль). У XX ст. акцызамі пачалі абкладаць толькі тавары шкодныя здароўю (алкаголь, тытунь) і прадметы раскошы. Акцызы сталі рэгулявальным падаткам.
Арганізацыі і прадпрымальнікі прызнаюцца плацельшчыкамі пры рэалізацыі падакцызнага тавару. Акцызамі абкладаюцца такія тавары, як спірт, спіртазмяшчальная прадукцыя (апроч лекаў), алкагольная прадукцыя, піва, тытунёвыя вырабы, нафта, бензін, аўтамабілі і іншыя.
Плацельшчыкамі акцызаў выступаюць арганізацыі і індывідуальныя прадпрымальнікі, што займаюцца вытворчасцю падакцызнай прадукцыі або яе імпарцёрамі на тэрыторыю краіны. Пасля выплаты акцызу яны ўключаюць суму акцызу ў цану тавару і такім чынам вяртаюць яе сабе. Канчатковы спажывец лічыцца не плацельшчыкам акцызу, хаця цяжар ускладаецца менавіта на яго, а носьбітам акцызу.