Альфансізм (ісп.: Alfonsismo) — манархічны рух перыяду Другой Іспанскай Рэспублікі, які пасля звяржэння ў 1931 годзе манархіі імкнуўся аднавіць на троне караля Альфонса XIII. Найбуйнейшай арганізацыяй альфансістаў стала палітычная партыя «Іспанскае абнаўленне», створаная ў 1933 годзе[1]. Ідэалагічна яны абапіраліся на італьянскі фашызм і партугальскі інтэгралізм[2]. Альфансістам не ўдалося стаць масавым рухам, атрымаўшы невялікую падтрымку, у той час як іх супернікі, карлісты[3], хутка ўзмацнілі свае пазіцыі ў Іспаніі[4]. Падчас грамадзянскай вайны 1936—1939 гадоў прыхільнікі былога караля занялі бок мяцежнага генерала Франсіска Франка[5].