Арфакскія горы | |
---|---|
індан. Pegunungan Afrak | |
![]() Погляд на Арфакскія горы з шыракалістага лесу | |
1°05′00″ пд. ш. 133°58′00″ у. д.HGЯO | |
Краіна | |
Рэгіён | Заходняе Папуа |
Найвышэйшая вяршыня | Арфак |
Вышыня | 2955 м |
![]() |
Арфакскія горы (індан.: Pegunungan Arfak) — горны хрыбет, размешчаны на паўвостраве Чэндравасіх у крайняй заходняй частцы вострава Новая Гвінея. Адміністрацыйна належыць да інданезійскай правінцыі Заходняе Папуа[1].
Назва «arfak» з мовы прыбярэжнага народа біякаў азначае «унутраны». На мясцовай хатамскай мове хрыбет таксама вядомы як «Gunung Indon» або «Indonga», што азначае «вялікая гара».
Арфакскія горы размешчаны ў інданезійскай правінцыі Заходняе Папуа. Размешчаныя ва ўсходне-цэнтральнай частцы паўвострава Чэндравасіх, гэтыя горы крута ўздымаюцца над морам на ўсходзе, пры гэтым вакол іх амаль няма прыбярэжнай раўніны. На паўночным захадзе Кебарская даліна аддзяляе іх ад гор Тамраў. Аднайменная вяршыня хрыбта, гара Арфак, вышынёй 2955 м, з’яўляецца найвышэйшай кропкай усяго паўвострава Чэндравасіх і яе добра відаць са сталіцы правінцыі Маноквары, змешчанай непадалёк[2]. Іншыя значныя вяршыні — Умсіні (2926 м), Тумюбу (2480 м) і Хумейба (2820 м). Ва ўсходняй частцы гор ёсць два вялікія азёры: Данаў-Гігі і Данаў-Гіта.
Пачынаючы з нідэрландскіх каланіяльных часоў, горы сталі адным з найбольш часта вывучаемых і найбольш вядомых рэгіёнаў Заходняга Папуа для назірання за птушкамі.
Розныя даследнікі падарожнічалі па рэгіёне, напрыклад італьянец Адаарда Бекары ў 1875 годзе і незадоўга да гэтага яго суайчыннік Луіджы Марыя д’Альбертыс. Ужо ў 1858 годзе немец Герман фон Розенберг падышоў да ўзбярэжжа гор на параходзе «Этна» . Брытанская экспедыцыя, замоўленая Джорджам Гамільтанам Кенрыкам у 1910 годзе, прывезла адсюль сотні раней невядомых відаў матылькоў, у тым ліку эндэмічную арнітаптэру Ротшыльда (Ornithoptera rothschildi). У 1913 годзе брытанская батанікіня Ліліян Сюзэт Гібс даследавала расліннасць Арфакскіх гор.
Падножжа Арфакскіх гор і сумежная травяністая Кебарская даліна з’яўляюцца месцам пражывання многіх карэнных народаў рознага паходжання. Шматлікія плямёны, многія з якіх гавораць на незразумелых адна адной мовах, такіх як хатамская, меяхская і соўгбская, называюць Арфакскія горы сваёй радзімай. Гэтыя плямёны таксама з’яўляюцца захавальнікамі тамтэйшай усё меншай папуляцыі райскіх птушак, што жывуць у цяжкапраходнай мясцовасці[1].
Знаходзячыся ў экарэгіёне Фагелькопскіх горных трапічных лясоў, горы з’яўляюцца важным месцам біяразнастайнасці, якая, аднак, знаходзіцца пад пагрозай. Рэгіён насяляе больш за 320 відаў птушак, прынамсі 14 з якіх сустракаюцца толькі тут, як, напрыклад, шлеманосная райская птушка даўгахвостая (Paradigalla carunculata)[3]. Таксама эндэмічным з’яўляецца від сумчатых млекакормячых кальцахвосты посум фагелькопскі (Pseudochirulus schlegeli).