Асеціны | |
---|---|
Саманазва | Ирон, Дигорон |
Усяго: 700 тыс. чалавек. | |
Расія
Паўднёвая Асеція Турцыя |
|
Этнічныя мовы | Асецінская мова |
Традыцыйныя рэлігіі (канфесіі) | Праваслаўе, Іслам, традыцыйныя асецінскія вераванні |
Расавы тып | Еўрапеоіды |
Геаграфічна-моўная група | іранскія народы[d] |
Блізкія этнасы | Ясы |
Субэтнасы | Іронцы, Дыгорцы |
Этна-моўная супольнасць |
Асеціны (ас.: ирæттæ) — каўказскі народ іранскага паходжання, асноўнае насельніцтва Рэспублікі Паўночная Асеція — Аланія і непрызнанай Рэспублікі Паўднёвая Асеція (юрыдычна ў складзе Грузіі). Асецінская мова адносіцца да іранскай галіны індаеўрапейскай моўнай сям’і.
Агульная колькасць асецінаў ацэньваецца ў 670 000 чалавек[12]. Вылучаюцца з іншых этнічных груп Каўказа сваім арыйскім іранскім паходжаннем ад скіфаў, сарматаў і аланаў (з іншых іранскіх народаў на Каўказе ў аддаленні ад асецінаў жывуць толькі нешматлікія талышы), тады як іх суседзі — гэта больш шматлікія грузіны, адыгскія, цюрскія і вайнахскія народы.
З часоў ранняга Сярэднявечча асеціны вызнавалі хрысціянства, а сёння да праваслаўнай царквы належыць 61 % насельніцтва. Як зазначае Надзея Емяльянава, «нярэдка ў літаратуры Асеція апісваецца як традыцыйна праваслаўная краіна. У той самы час, на думку некаторых даследчыкаў, у гісторыі Асеціі былі перыяды, калі яе лічылі ледзь не мусульманскай краінай»[13].
За часы мангольскага панавання прашчуры асецінаў былі выціснуты з сваёй колішняй бацькаўшчыны на поўдзень ад Дона і мігравалі ў паўднёвым напрамку да Каўказа. Такім чынам узніклі тры асецінскія рэгіёны — Дыгорыя на захадзе, якая трапіў пад уплыў адыгаў Кабарды і пераняў іслам. Размешчаны таксама на поўначы рэгіён Ірон займаў тэрыторыю цяперашняй Паўночнай Асеціі і першы трапіў пад уладу Расіі ў 1767 годзе. Туалег (Tualläg) на поўдні ўваходзіў у грузінскае княства Самачабла, а пазней стаў Паўднёвай Асеціяй[14].
Паўднёва-Асецінская аўтаномная вобласць (АВ) была ўтвораная 20 красавіка 1922 года, пасля саветызацыі Грузіі ў 1921 годзе. Тэрыторыя Паўднёва-Асецінскай АВ са сталіцай у Цхінвалі афіцыйна складала ў 1989 годзе 3 900 км², але ў 1990—1991 гадах ад вобласці былі аддзелены і заняты грузінскімі войскамі Знаўрскі, палову Ленінгорскага і частку Джаўскага раёнаў. Паводле дадзеных Усесаюзнага перапісу 1989 года, насельніцтва Паўднёва-Асецінскай аўтаномнай вобласці складала 99 тысяч чалавек, 66,2 % з іх былі асеціны, а 29 % — грузіны. Усяго ў Грузіі ў 1989 годзе жылі 163 тысячы асецінаў. Сённяшнюю колькасць асецінаў у Паўднёвай Асеціі Б. Калоеў ацэньвае ў 65 тысяч чал. Палова сем’яў у вобласці мае змяшанае асецінска-грузінскае паходжанне[15].
Асецінскія землі (разам з грузінскімі і армянскімі) сталі апірышчам расійскай экспансіі на Каўказе, што было не ў апошнюю чаргу звязана з хрысціянствам асецінскага насельніцтва, а таксама пашыранай «тутэйшасцю» (то бок слабой нацыянальнай ідэнтычнасцю і сацыяльнай развітасцю) асецінаў у ХІХ ст. Гэта асаблівасць асецінскага насельніцтва і яго пазіцыя ў працэсе расійскай экспансіі адлюстравана ў творах класічнай рускай літаратуры пазамінулага стагоддзя, якая адлюстроўвае асецінаў як выпівохаў, занядбаных і нягеглых сялян[16]. Асеціны адпачатку рэкрутаваліся ў структуры імперыі, гэтак, у прыватнасці, частку Церскага казачага войска складалі асеціны[17]. Як зазначае Емяльянава, у асецінаў антырускі вызваленчы мюрыдызм чачэнскага шэйха Мансура не знайшоў водгука, «акурат гэтак сама яны адмовіліся і ад супрацьстаяння з Расіяй». Гэтак сама імамат Шаміля ў яго змаганні з Расіяй падтрымалі толькі вельмі нешматлікія групы асецінаў-мусульман[18].
Сёння большасць асецінаў свету жывуць у Рэспубліцы Паўночная Асеція — Аланія, што ўваходзіць у склад Расійскай Федэрацыі. Паводле дадзеных усерасійскага перапісу насельніцтва 2002 года ў Расіі жыло 515 тысяч асецінаў[19]. У 1924 годзе была ўтвораная Паўночна-Асецінская аўтаномная вобласць (АВ), якая 5 снежня 1936 была пераўтворана ў Паўночна-Асецінскую АССР у складзе РСФСР са сталіцай ва Уладзікаўказе.
Грузінскія канспіралагічныя тэорыі кажуць, што і Абхазская АССР, і Паўднёва-Асецінская аўтаномная вобласць былі створаныя бальшавікамі, каб стварыць невычэрпную крыніцу праблем і спрасціць для Крамля кантроль Грузіі. Сапраўды, Абхазія і Паўднёвая Асеція кіраваліся на этнакратычным падмурку, на карысць тытульнага этнаса. Грузінскія ўлады імкнуліся абмежаваць гэтыя аўтаноміі, што і спарадзіла супраціўленне[20].