Басты́да (фр.: bastide) — тып невялікіх умацаваных паселішчаў на поўдні Францыі ў XII—XIV стагоддзях, акружаных валам з вежамі для абароны ад раптоўных нападаў[1]. У сярэднія вякі бастыдай называліся таксама драўляныя пабудовы ў выглядзе 2-х ці 3-павярховых вежаў, што ўжываліся пры аблогах, a часам і вартавыя вежы на гарадскіх сценах.
Адной з прычын масавага будаўніцтва бастыд у Сярэдневякоўі была сітуацыя, якая склалася пасля Парыжскага дагавора 1229 года. Графу Тулузы Раймунду VII дазвалялася будаваць новыя гарады ў сваіх раздробненых уладаннях, аднак забаранялася ўмацоўваць іх. Спадчыннік гэтых уладанняў Альфонс дэ Пуацье, жанаты па ўмовах таго ж дагавору з дачкой Раймунда VII, стварэннем бастыд імкнуўся ўмацаваць кантроль над сваімі тэрыторыямі.
Бастыды маюць, як правіла, прастакутную планіроўку з рашэцістай сеткай вуліц. Рэпс меркаваў, што гарады-бастыды з’яўляліся пераходнай прыступкай паміж феадальным замкам і гарадамі Рэнесансу[2]. Планіроўка бастыды фармавалася пад уплывам плану рымскага ваеннага лагера і, у сваю чаргу, аказала ўплыў на Законы Індый , іспанскі звод, у тым ліку спецыфікацый горадабудаўніцтва, які прадугледжваў план гарадоў Новага свету на працягу XVI стагоддзя.