Баяры

Баяры — ваеннаслужылы стан феадальнага грамадства IX—XVII стст.[1] у Балгарыі, Кіеўскай дзяржаве, Полацкім княстве, пазней у Вялікім Княстве Літоўскім, Маскоўскай дзяржаве, Малдаўскім княстве, з XIV ст. у Румыніі. У раннефеадальны перыяд (IX—XIII ст.) баярамі звычайна называлі вышэйшы слой феадалаў, якія служылі князю, мелі свае вотчыны, слуг і залежных сялян[1]. У Вялікім Княстве Літоўскім баярамі называлі і феадалаў (пазней называных шляхтай), і агулам ваенных слуг (лац.: servitores expeditionarii — баяраў панцырных, путных і іншыя катэгорыі). У Маскоўскай дзяржаве баярамі назвывалі вузкае кола вышэйшай арыстакратыі, якое складала раду вялікага князя, а ў XVII ст. залежныя сяляне называлі баярамі ўсіх памешчыкаў, адсюль паходзіць слова барын.

Вялікае Княства Літоўскае

[правіць | правіць зыходнік]

У Вялікім Княстве Літоўскім — ваеннаслужылыя людзі, паходжаннем з баярства ранейшых княстваў (Полацкага, Тураўскага, Смаленскага і інш.) і дружыннікаў літоўскіх князёў. У 14 — 1-й чвэрці 16 ст. аформіліся ў феадальнае саслоўе, атрымалі саслоўныя прывілеі, асноўная маса феадалаў (сярэдніх i дробных землеўладальнікі) мелі адну назву — баяры, але іх маёмасны стан быў вельмі розны, пэўная частка заможнасцю адпавядала сялянам. Пачынаючы з Гарадзельскага прывілея 1413 года побач з назвай «баяры» ў актах усё часцей ужывалася «баяры-шляхта», а потым проста «шляхтай». Таксама з 15 ст. акты вылучаюць заможных і знатных баяр — паноў, якія разам з князямі складалі вярхі феадальнага саслоўя, але да 2-й чвэрці 16 ст. асноўнай «баяры» заставалася асноўнай назвай для ўсіх ваеннаслужылых людзей. Большасць баяраў была васаламі вялікага князя, але частка васаламі буйных феадалаў — князёў і паноў (заможнейшых баяраў). Значная колькасць баяраў мела толькі некалькі залежных сялян, або зусім не мела залежных сялян. Бяднейшыя катэгорыі Попісамі 1528 і 1567 гадоў названы як «конныя баяры, якія людзей не маюць» і «пешая шляхта». У 2-й палове 16 ст. побач з «баяры-шляхта» і «шляхта», ужываліся азначэнні «паны-баяры», «паны-баяры панцырныя», «зямяне», «шляхта панцырная» (1570-я i 1605 гады ў Давыд-Гарадоцкім маёнтку Радзівілаў), «паны-баяры панцырныя i путныя» (1597 у Капыскім маёнтку Радзівілаў, у канцы 16 ст. у Капыльскім i Нясвіжскім маёнтках Радзівілаў). «Паны-баяры» у прыватных маёнтках мелі па 5—10 валок зямлі, з якіх неслі ваенную службу ў атрадзе гаспадара маёнтка.

Ваеннаслужылыя людзі прыватных маёнтакаў удзельнічалі ў войнах у складзе атрадаў паноў, a з вялікакняскіх земляў — самастойна, разам са баярамі-шляхтай пэўнага павета. Так, Попісам 1528 года названа 10 баяраў путных i 1 конюх з Жалудка, 2 «слугі путныя, што людзей не маюць» з Рагачова, 34 сакольнікі Новагародскага замка, 11 новагародскіх садоўнікаў, 4 кухары, 1 псяр i 1 «лазебнік». У Попісе 1567 года запісаны 7 самілішскіх путных слуг (Троцкі пав., пазней ix нашчадкі лічыліся шляхтай), усе ваеннаслужылыя людзі разам з баярамі-шляхтай выступалі ў паход «з ыменей своих». Яны падзяляліся на панцырных баяр, путных баяр або проста баяраў (часам ix звалі слугамі), путных слуг, дамовых слуг. Усе яны атрымлівалі надзелы зямлі пры ўмове нясення розных службаў, але з яе павінны былі служыць ваенную. Паміж дробнымі феадаламі i вышэйшай групай ваенных слуг у 16 ст. не заўсёды можна правесці мяжу. Такая неакрэсленасць адлюстроўвала пераходную ступень, што займалі ваенныя слугі ў эканамічных i сацыяльных адносінах. Напрыклад, паводле полацкай рэвізіі 1552 года, ва ўладаннях полацкай шляхты жылі баяры, слугі, путныя слугі, дамовыя слугі, якія неслі вайсковую службу ў атрадах шляхціцаў, сваіх паноў. Аднак, у часткі з гэтых баяраў і слуг былі ўласныя айчызныя людзі i агароднікі. Так, на айчызнай зямлі путнага чалавека Міхаіла Балотава было 15 сялянскіх дымоў. Ваенныя слугі намагаліся далучыцца да стану феадалаў, часта гэта ім удавалася. Былі і адваротныя выпадкі, калі баяры-феадалы, якія не маглі выконваць ваеннай павіннасці, траплялі ў катэгорыю сялян. У рэдкіх выпадках шляхціцамі станавіліся прадстаўнікі незапрыгоненых сялян (людзей пахожых). Працэс прававога фарміравання шляхецкага саслоўя зацягнуўся да 2-й паловы 16 ст. (попісы 1528 i 1567, Статуты ВКЛ 1529, 1566 i 1588, закон пра доказ шляхецтва 1522 i іншыя прывілеі).

Частка ваеннаслужылых людзей не трапіла ў шляхецкае саслоўе, але захавала назву баяры, яны як і раней выконвалі ваенныя i іншыя службовыя павіннасці i займалі прывілеяванае ў пэўнай ступені становішча ў параўнанні з сялянамі. Іншая частка таксама захавала назву баяры, але да 2-й паловы 17—18 ст. была ўжо толькі адной з катэгорый сялян у Вялікім княстве Літоўскім, за свой надзел яны ўжо выконвалі не ваенныя і не службовыя павіннасці, або плацілі чынш; не былі асабіста свабоднымі i па сутнасці набліжаліся да прыгонных — да канца 18 ст. феадалы перавялі гэтую катэгорыю баяраў ў стан чыншавых і нават цяглых сялян.

На Беларусі ад назвы сацыяльнага стану баяраў замацаваліся шматлікія тапонімы, напрыклад, Баяры, Малыя Баяры, Баяры Дзікушкаўскія, а таксама тыпу Баяркі, Баярск.

Маскоўская дзяржава

[правіць | правіць зыходнік]
Рускія баяры
Баярын-ваявода XVII ст.

Да ўтварэння Рускай цэнтралізаванай дзяржавы ў XVI ст. баяры на тых землях былі васаламі князёў і за маёнткі служылі ў княжым войску. Аднак, баяры мелі права змяніць князя-сюзерэна. Баяры валодалі спадчыннымі маёнткамі — вотчынамі, дзе мелі абсалютную уладу. Уплыў баяраў, палітычны і эканамічны, аслабляўся ў перыяды цэнтралізацыі і значна ўзмацняўся ў перыяды феадальнай раздробненасці. Ён быў вялізным у Наўгародскай феадальнай рэспубліцы, дзе ўсе пытанні вырашаліся баярскай радай, а князь быў выбарны і абмежаваны ваеннай функцыяй.

Пасля ўзмацнення вялікакняскай улады з 2-й паловы XIV ст. стала ўзмацняцца саслоўе служылых феадалаў — дваран, як супрацьпастаўленай баярам катэгорыі ваеннаслужылых людзей. У XIV—XV ст. з узмацненнем цэнтралізацыі маёмасныя і палітычныя правы баяраў значна абмяжоўваліся; так, да канца XV ст. было скасавана права змены баярамі князёў-сюзерэнаў. А з XV ст. баярства стала званнем — вышэйшым урадам сярод «служылых людзей па бацьку». Званне баярства давала права ўдзелу у пасяджэннях Баярскай думы — дарадчага органа пры вялікім князю, пазней пры цары.

Адначасова адбываліся значныя змены ў складзе баярства -- выступы баяраў супраць цэнтралізацыі душыліся, асабліва моцны ўдар нанесла апрычніна пры Іване IV. Да канца XVII ст. большасць старых і вядомых баярскіх родаў вымерла, іншыя эканамічна саслабелі, вялікае значэнне набыла нетытулаваныя арыстакратыя і дваранства. Таму ў XVII ст. зніклі адрозненні паміж баярамі і дваранінамі, у прыватнасці, розніца паміж спадчынным (вотчынным) і маёнткавым землеўладаннем фармальна скасавана ў 1714 годзе. У 1682 годзе было скасавана месніцтва, што канечна падарвала ўплыў баяраў. Званне баярын фармальна не было скасавана Пятром I, аднак з пачатку XVIII ст. не было выпадкаў надання гэтага звання.

Зноскі

  1. а б Кізіма С. А., …
  • Кізіма С. А., Лянцэвіч В. М., Самахвалаў Дз. С. Гісторыя Беларусі: Курс лекцый. — Мн.: Выд-ва МІК, 2003. — 91 с.