Белорусский партизан | |
---|---|
URL | belaruspartisan.by |
Камерцыйны | не |
Тып сайта | Навіновы |
Рэгістрацыя | Няма |
Мова(-ы) | Беларуская, руская |
Уладальнік | Святлана Калінкіна |
Аўтар | Павел Шарамет |
Пачатак працы | 27 кастрычніка 2005 (19 гадоў таму)[1] |
Бягучы статус | дзеючы |
Рэйтынг Alexa | 108 (у Беларусі; 2016 г.) |
«Беларускі партызан» — беларускі незалежны грамадска-палітычны навінны сайт на рускай і беларускай мовах, які з’яўляецца адным з найбольш папулярных[2] грамадска-палітычных інтэрнэт-праектаў у Беларусі.
Паводле інфармацыі на сайце, над ім працуюць журналісты і праграмісты з Беларусі, Расіі, Польшчы, Германіі і Чэхіі[3]. Сайт публікуе меркаванні, расследванні, навіны датычна палітычных падзей у Беларусі. На 2016 год сайт меў ад 50 тыс. да 100 тыс. штодзённых наведнікаў. Вяліся 8 рубрык: «Блогі», «Думкі», «Жыццё», «Інтэрв’ю», «Мультымедыя», «Палітыка», «Радасці жыцця», «Спорт» і «Эканоміка».
Інтэрнэт-праект быў створаны ў кастрычніку 2005 года Паўлам Шараметам і іншымі журналістамі, якія жывуць у Мінску ці ў замежжы.
Напрыканцы лютага 2010 года Аляксандр Слабада, старшыня Савета Мінскай абласной арганізацыі Беларускага грамадскага аб’яднання ветэранаў, заявіў, што сайт публікуе «правакацыйныя матэрыялы, якія носяць прадузяты, антыбеларускі характар» (цытата). Аўтар заявы сказаў, што лічыць абразлівым выкарыстанне словазлучэння «беларускі партызан» у назве сайта[4]. Зварот ветэранаў апублікавала ўрадавая газета «Рэспубліка»[5].
Некалькі тыдняў пазней інфармацыйнае агенцтва «БелТА», якое належыць дзяржаве, апублікавала яшчэ два звароты незадаволеных ветэранаў: заявы жыхароў Гродзенскай вобласці, а таксама выказванні кіраўніка Рэспубліканскага савета Беларускага грамадскага аб’яднання ветэранаў, які назваў змест сайта «брудной страпнёй, якая абражае любога жыхара Беларусі» (цытата)[6]. Усе скаржнікі патрабавалі змяніць назву сайта.
Кіраўніцтва сайта расцаніла з’яўленне зваротаў ветэранаў як новую хвалю ціску ўлад на незалежныя СМІ. На думку прадстаўнікоў «Беларускага партызана», выкарыстоўваецца звыклая схема: «ветэраны пішуць абураныя лісты, а ўлады пачынаюць рэагаваць, каб не пакрыўдзіць паважаных людзей» (цытата)[5].
19 снежня 2010 года ў дзень прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі доступ да сайта ў Беларусі быў заблакаваны[7].
З 2016 года беларускамоўную версію сайта, якую вёў гісторык Ігар Мельнікаў, стала наведваць больш людзей, чым рускамоўную[8].
У снежні 2017 года Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь заблакавала «Беларускі партызан» за публікацыю забароненай інфармацыі[9][10]. У выніку «Беларускі партызан» аднавіў працу, змяніўшы дамен *.org на *.by[11].
13 верасня 2021 года доступ да сайта ў Беларусі быў заблакаваны: Міністэрства інфармацыі пакарала рэдакцыю за спасылкі на «Белсат»[12].
У лістападзе 2021 года сайт, тэлеграм-канал і сацыяльныя сеткі "Беларускага партызана" былі ўключаны ў беларускі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў[13][14]. Пасля гэтага рэдакцыя выдаліла свой тэлеграм-канал, патлумачыўшы гэта жаданнем не падстаўляць чытачоў, а сайт «Беларускага партызана» перастаў абнаўляцца[15].
У 2018 годзе інтэрнэт-выданне атрымала прэмію «Свабодная прэса Усходняй Еўропы » нямецкага фонду Zeit-Stiftung і нарвежскага фонду Fritt Ord за свае журналісцкія расследаванні[16].