Вавілон
| ||||||
Вавілон (шумерскае Кадынгіра, акадскае Бабілу) — у старажытнасці горад у Месапатаміі на р. Еўфрат; руіны — каля сучаснага г. Хіла (Ірак). Паводле біблейскага падання, назву атрымаў ад сталічнага горада, пабудаванага Німродам, адным з нашчадкаў Хама.
Упершыню згадваецца пад канец ІІІ тыс. да н.э. 3 пачатку ІІ тыс. да н.э. культурны цэнтр Пярэдняй Азіі. Пры цару Хамурапі (1792—50 да н.э.) стаў сталіцай Вавілоніі. Каля 1595 да н.э. захоплены хетамі, каля 1518 — касітамі. Пасля 1250 да н.э. неаднаразова трапляў пад уладу Асірыі. Найбольшага росквіту дасягнуў у Новававілонскі перыяд (Халдзейскае царства) пры царах Набапаласару (625—605 да н.э.) і Навухаданосару II (605—562 да н.э.). У 612 г. да н.э. Мідыя ў саюзе з Вавілонам заваёўвае Асірыю. 3 гэтага часу Вавілон становіцца буйным гандлёвым, культурным і рэлігійным цэнтрам, вялікім, прыгожым і добра ўмацаваным горадам. Яго архітэктура развіваецца ў цеснай сувязі з выяўленчым і дэкаратыўна-прыкладным мастацтвам. Пры цараванні Навухаданосара II у дзяржаве разгортваецца грандыёзнае будаўніцтва.
Мастацтва Вавілона — адна з яркіх старонак культуры Пярэдняй Азіі, але яго развіццё было параўнаўча нядоўгім. У сярэдзіне VI ст. да н.э. дзяржаву заваявалі войскі Ахеменідаў, аднаго з плямён Іранскага нагор’я. Пасля заваявання Кірам II (539 да н.э.) і Дарыем I (522 да н.э.) Вавілон — адна са сталіц дзяржавы Ахеменідаў. Гэтая дзяржава існавала да 331 і была заваявана Аляксандрам Македонскім. Да ІІ ст. н.э. Вавілон заняпаў.
Раскопкамі нямецкага археолага Р. Кольдэвея ў 1898—1917 узноўлены план горада VII—VI стст. да н.э. і архітэктурны ансамбль, створаны ў перыяд росквіту Вавілона пры цару Навухаданосару ІІ. У I—VI ст. да н.э. Вавілон — выцягнуты ў плане прамавугольнік (плошча каля 10 км²), падзелены р. Еўфрат на дзве часткі (Стары і Новы горад), абкружаны цаглянымі вонкавымі і ўнутранымі сценамі з зубчастымі вежамі і 8 варотамі, названымі імёнамі багоў. Ён быў абнесены магутнымі сценамі вышынёй каля 12 м, у якіх зроблена восем брам, прысвечаных розным багам. Самай вялікай з’яўлялася «Брама багіні Іштар». Яна складалася з чатырох квадратных у плане вежаў, паміж якімі знаходзіўся арачны праход. Вонкавыя плоскасці зубчатых вежаў упрыгожвалі выявы быкоў, фантастычных жывёл — драконаў («мушрушаў»), грыфонаў са змяінымі галовамі, тулавамі, пакрытымі луской, нагамі, падобнымі на лапы сабак або птушак. Выкладзеныя з кафлі-цэглы, выявы былі сімваламі багіні Іштар і бога Мардука. Колеры рэльефаў — блакітны, чырвоны, жоўты і белы — стваралі ўрачыстае ўражанне, прываблівалі незвычайнасцю форм, гарманічным спалучэннем фарбаў. Убранне «брамы» дапаўнялі арнаменты, якія размяшчаліся ў выглядзе фрызаў па нізе сцен, у завяршэннях вежаў, вакол арак праходаў.
Ад «брамы» пачыналася «дарога працэсій» (Свяшчэнная дарога), якая вяла да галоўнага свяцілішча Вавілона — Эсагіла, прысвечанага вярхоўнаму богу Мардуку. 3 двух бакоў яе абмяжоўвалі высокія, глухія сцены, выкладзеныя з цэглы. Па іх версе ішлі зубцы і арнаментаваныя палосы з паліваных рэльефных разетак. Сцены мелі шырокія плоскія выступы, а іх ніжнія часткі на працягу ўсёй дарогі дэкарыраваў керамічны фрыз метровай вышыні. Праз кожныя два метры былі рытмічна размешчаны выявы фантастычных ільвоў-ахоўнікаў па шэсцьдзесят на кожным боку. Выкладзеныя з рознакаляровай кафлі-цэглы, яны надавалі «дарозе працэсій» грозную ўрачыстасць, велічнасць, паколькі лічылася, што па ёй мог ступаць сам бог Мардук. Гэта быў завершаны, стрыманы і лаканічны ансамбль, кожная частка якога (колер, пластыка, прасторавыя суадносіны архітэктурных элементаў) злівалася ў адзінае магутнае праслаўленне бога, зразумелае сваёй сімволікай кожнаму, хто ступаў на дарогу і ішоў да галоўнага свяцілішча Вавілона.
Свяцілішча бога Мардука займала плошчу 16 га і было абнесена падвойнай цаглянай сцяной з дванаццаццю ўваходнымі брамамі. Перад адной з іх, галоўнай, заканчвалася «дарога працэсій». Насупраць гэтай брамы, на другім боку комплексу ўзвышаўся вялікі зікурат Этэменанкі (архітэктар Арадахешу), «Дом асновы нябёс і зямлі», вядомы як легендарная Вавілонская вежа. Ён меў квадратную аснову 91,5 х 91,5 м і падымаўся на вышыню 90 м сям’ю ўступамі, якія былі абкладзены абпаленай цэглай, замацаванай бітумам. Усе часткі зікурата аб’ядноўваліся лесвіцамі, а яго вяршыню вянчаў верхні храм невялікіх памераў, упрыгожаны блакітнай паліванай цэглай.
У Вавілоне існавала некалькі царскіх рэзідэнцый — умацаваных палацавых комплексаў, збудаванні якіх традыцыйна групаваліся вакол адкрытых двароў. Напрыклад, у так званым Паўднёвым палацы меліся разнастайныя памяшканні жылога і гаспадарчага прызначэння, а таксама вялікая тронная зала, аздобленая пышнымі дэкаратыўнымі пано з паліванай цэглы, выявамі свяшчэнных ільвоў-ахоўнікаў. У комплекс палаца ўваходзілі і «вісячыя сады Семіраміды» (адно з сямі дзівосаў свету), якія размяшчаліся на тэрасах са скляпеністымі перакрыццямі. Па-за горадам размяшчаўся летні палац Навухаданосара II.
Вавілон на Вікісховішчы |