Вайна за незалежнасць Эрытрэі | |||
---|---|---|---|
Дата | 1 верасня 1961 — 28 мая 1993 | ||
Месца | Эрытрэя | ||
Прычына | згортванне федэрацыі Эфіопіі і Эрытрэі, этнаканфесійная дыскрымінацыя | ||
Вынік | незалежнасць Эрытрэі | ||
Праціўнікі | |||
|
|||
Камандуючыя | |||
|
|||
Сілы бакоў | |||
|
|||
Страты | |||
|
|||
Агульныя страты | |||
|
|||
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
Вайна за незалежнасць Эрытрэі — узброены канфлікт паміж Эфіопіяй і паўстанцкімі групоўкамі Эрытрэі.
У пачатку 1950-х гадоў па рашэнні Генасамблеі ААН былая італьянская калонія Эрытрэя была ўключана на федэратыўных пачатках у склад Эфіопскай імперыі. У 1962 годзе федэрацыя скасавана. Ва ўмовах панавання народа амхара пачалася цэнтралізацыя. Мелі месца прыгнёт іншых этнічных груп і насаджэнне амхарскай мовы[6][7]. Нават пераход улады ад манархіі да марксісцка-ленінскай групоўцы афіцэраў «Дэрг» у 1974 годзе нічога не змяніў: прадстаўнікі амхара захавалі сваё вяршэнства. У 1991 годзе, пасля шматгадовай грамадзянскай вайны, краінай пачала кіраваць кааліцыя «Рэвалюцыйна-дэмакратычны фронт эфіопскіх народаў»[8].
У аснове сепаратызму ў Эрытрэі ляжалі: мінулае краіны, яе больш высокі ўзровень развіцця ў параўнанні з большасцю іншых правінцый імперыі; традыцыі палітычнай барацьбы, набытыя ў пасляваенны час; этнаканфесійная дыскрымінацыя насельніцтва ў часы валадарання Хайле Селасіе I, грэбаванне з боку імператарскай адміністрацыі духоўнымі і матэрыяльнымі каштоўнасцямі народаў краю, нежаданне эрытрэйскай эліт дзяліцца сваімі даходамі; традыцыйнае феадальнае непадпарадкаванне вярхоўнай улады імператара; псіхалагічныя фактары (напрыклад, пачуццё перавагі часткі жыхароў Эрытрэі над астатнімі народамі імперыі); сацыяльна-палітычныя праблемы (забарона выдання многіх газет і часопісаў, роспуск з сярэдзіны 50-х гадоў прафсаюзаў, партый і іншых грамадскіх арганізацый, нявырашанасць аграрнага пытання); рост этнапалітычнай свядомасці асобных народаў правінцыі і іншае. Шырокае абурэнне ў Эрытрэі выклікала палітыка Хайле Селасіе, накіраваная на згортванне дзейнасці аўтаномных інстытутаў (мясцовага ўрада і Асамблеі) і іх ліквідацыя, а таксама скасаванне свабод і законаў, уключаючы эрытрэйскай Канстытуцыі, уведзеных яшчэ да ўз’яднання Эрытрэі і Эфіопіі. Штуршком для вайны паслужыла скасаванне аўтаномнага статусу Эрытрэі і поўная яе інтэграцыя ў рамках Эфіопскай імперыі на правах звычайнай правінцыі[9].
У 1961 годзе супраць цэнтральнага ўрада пачаў баявыя дзеянні Фронт вызвалення Эрытрэі (ФВЭ). Групоўка мела вельмі слабую ваенную арганізацыю, але да 1965 года яна была значна ўмацавана. Структурна ўзброеныя фарміраванні дзяліліся на чатыры зоны адказнасці. Аднак, па сутнасці, яны складаліся з амаль не падпарадкоўваемых цэнтральным камандам аўтаномных партызанскіх атрадаў. Іх камандзіры дзейнічалі ў інтарэсах пэўных этнічных груп. Таксама востра стаяла праблема ўзаемаадносін мусульман і хрысціян. Для недапушчэння міжканфесійных канфліктаў спецыяльна для апошніх была створана пятая аператыўная зона, якая ўключала правінцыю Хамасен разам са сталіцай Асмэрай. Гэта прынцыпова змяніла сітуацыю. Калі раней канфлікт разглядаўся як традыцыйная для гэтага рэгіёна вайна з мусульманскімі паўстанцамі, і для барацьбы з імі прыцягваліся паўвайсковыя часці і паліцыя, то зараз пад сумнеў ставілася «хрысціянскае адзінства» Эрытрэі і Эфіопіі[10].
У 1967 годзе для барацьбы з баевікамі была прыцягнута цэлая армейская дывізія. Супраціў партызан апынуўся слабым і дрэнна скаардынаваным. Паражэнні з аднаго боку прывялі да цэнтралізацыі камандавання, з другога, выклікалі раскол ФВЭ. У наступным пачнецца жорсткая міжфракцыйная вайна. Яе вынікам стала з’яўленне Народнага Фронту вызвалення Эрытрэі (НФВЭ), які абвясціў сябе марксісцка-ленінскай арганізацыяй[10].
Да 1965 года нелегальна дзейнічаў яшчэ Эрытрэйскі вызваленчы рух (ЭВД) — арганізацыя, створаная ў 1958 годзе. Групоўка ставіла перад сабой мэту дамагчыся паўторнага разгляду ў ААН эрытрэйскага пытання, але яна была знішчана ФВЭ[11].
Крызісная сітуацыя ў Эрытрэі аказала прыкметны ўплыў на ўсе бакі жыццядзейнасці эфіопскай дзяржавы. Вайна спрыяла росту сепаратысцкіх настрояў сярод насельніцтва іншых раёнаў імперыі, незадаволенасці ў 2-й дывізіі эфіопскай арміі, раскватараванай у зоне баявых дзеянняў, значнага пагаршэння эканамічнага становішча краіны і паслаблення дзяржаўных фінансаў. Эрытрэйская праблема прыкметна ўплывала на ўзаемаадносіны Эфіопіі са многімі афрыканскімі і азіяцкімі краінамі. Шэраг з іх аказваў матэрыяльную і маральную дапамогу баевікам[11]. Падзеі ў Эрытрэі выявілі глыбокі крызіс абсалютысцка-манархічнага ўрада і падрывалі яго асновы[9].
У маі 1976 года была апублікавана праграма палітачнага ўрэгулявання ў Эрытрэі на аснове аўтаноміі, але ў рамках адзінай дзяржавы, што не задавальняла сепаратыстаў. Яны паспрабавалі выкарыстаць выкліканае падзеннем манархіі аслабленне праціўніка і рушылі свае атрады да Асмэра, дзе ў верасні 1974 года разбілі свае лагеры ў прамой бачнасці горада. Але наступны месяц баевікі ФВЭ патрацілі на сутыкненні паміж сабой, пакуль, нарэшце, саступіўшы просьбам штодзённых дэлегацый з Асмэры і бліжэйшых вёсак спыніць канфрантацыю, не пераступілі да перамоваў, адзіным вынікам якіх стала сумесная часткова паспяховая атака эрытрэйскай сталіцы ў канцы студзеня 1975 года. У студзені 1977 года паўстанцкія франты пачалі магутнае наступленне. У выніку ў іх рукі патрапілі ўсе гарады Эрытрэі, акрамя Асмэры і партоў Масауа і Асэб. Пасля 1978 года ўлады накіравалі ў мяцежны край 100-тысячную групоўку. Паўстанцы зноў сталі дзейнічаць асобна, таму УС Эфіопіі хутка разграмілі атрады баевікоў. Сепаратысты адступілі на захад, а ў жніўні 1981 года іх выбілі ў Судан. Аднак у 1984 годзе НФВЭ распачаў рашучую атаку супраць эфіопскіх войск[12].
На момант завяршэння вайны баявыя дзеянні забралі 225 тысяч жыццяў[5].
Па пагадненню сепаратыстаў з урадам у красавіку 1993 года ў Эрытрэі быў праведзены рэферэндум, па выніках якога краіна афіцыйна была абвешчана незалежнай[13]. Прыкметна, што прадстаўнiкi народнасці тыграі, складаючы аснову кіруючых эфіопскіх колаў[8], апынуліся у новай дзяржаве этнічнай большасцю[6].
Некаторы час адносіны паміж краінамі былі самымі дружалюбнымі, аднак хутка ўсё змянілася[6][14].
У 1998—2000 гадах пачалася вайна за кантроль над спрэчнымі памежнымі тэрыторыямі. Падзеі пачаліся з уварвання эрытрэйскай арміі на эфіопскую тэрыторыю, чаму папярэднічаў інцыдэнт у пагранічным пасёлку. Баі з пераменным поспехам вяліся пераважна ў памежжы. Па выніку супрацьстаяння бакі заключылі мірнае пагадненне і адклалі вырашэнне спрэчкі на нявызначаны тэрмін для разгляду справы ў міжнародным арбітражы, які абавязаў краіны падзяліць спрэчную тэрыторыю прыкладна пароўну. Тэрытарыяльнае пытанне было канчаткова закрыта толькі са зменай улады ў Эфіопіі і перадачы праблемных участкаў эрытрэйцам.