Вялікае ганенне на хрысціян (303—313), якое было распачата пры імператары Дыяклетыяне і працягнулася яго спадчыннікамі, было апошнім і самым суровым ганеннем на хрысціян у Рымскай імперыі[1]. У 303 годзе тэтрархі Дыяклетыян і Максіміян, Галерый і Канстанцый Хлор выдалі эдыкт, які адмяняў правы хрысціян і патрабаваў ад іх прытрымлівацца традыцыйных рымскіх рэлігійных практык. У далейшым былі выпушчаны новыя эдыкты, накіраваныя супраць святароў, а таксама тыя, што абавязвалі ўсіх жыхароў імперыі здзяйсняць язычніцкія ахвярапрынашэнні. Інтэнсіўнасць ганенняў адрознівалася ў межах імперыі — у Галіі і Брытаніі, дзе выконваўся толькі першы эдыкт, яна была меншай, і больш суровай ва ўсходняй частцы імперыі. Карныя законы паступова адмяняліся, і лічыцца, што Міланскі эдыкт, выдадзены Канстанцінам Вялікім і Ліцыніем у 313 годзе, канчаткова завяршыў гэты перыяд[2].
Хрысціяне ў першыя стагоддзі свайго існавання падвяргаліся дыскрымінацыі ў імперыі, аднак першыя імператары неахвотна прымалі адпаведныя законы. Толькі ў 250-х гадах, пры імператарах Дэцыі і Валерыяне, пачалося заканадаўчае праследаванне хрысціян. З прыходам да ўлады Галіена гэтыя законы перасталі выконвацца, у выніку чаго амаль на 40 гадоў усталяваўся царкоўны мір . Узыходжанне на прастол у 284 годзе Дыяклетыяна не прывяло да імгненнай адмовы ад палітыкі ігнаравання хрысціян, аднак у першыя пятнаццаць гадоў свайго валадарання Дыяклетыян паслядоўна чысціў армію ад хрысціян, асуджаў на смерць маніхеяў і атачаў сябе заўзятымі праціўнікамі хрысціянства. Узімку 302 года Галерый параіў Дыяклетыяну пачаць усеагульнае праследаванне хрысціян. Жадаючы атрымаць боскую падтрымку, Дыяклетыян звярнуўся да аракула Апалона, і адказ апошняга быў інтэрпрэтаваны як ухваленне прапановы Галерыя. Першы эдыкт, які паклаў пачатак Вялікаму ганенню, быў выдадзены 24 лютага 303 года.
Праследаванне не змагло прадухіліць распаўсюджванне хрысціянства і станаўленне яго ў якасці дзяржаўнай рэлігіі імперыі. Хоць ганенне прывяло да смерці, паводле сучасных ацэнак, ад 3000 да 3500 чалавек, катаванняў, зняволенню і выгнанню яшчэ большай колькасці людзей, аднак большасць хрысціян не пацярпела. Іншым следствам гэтых падзей стаў падзел царквы на тых, хто аддаў перавагу прыняць высунутыя патрабаванні, так званыя традытары, і тых, хто захаваў вернасць хрысціянскаму вучэнню. Некаторыя з царкоўных расколаў, які ўзніклі ў гэты перыяд, такіх як данатысцкі ў Паўночнай Афрыцы і мелітыянскі ў Егіпце, праіснавалі пасля працяглы час. Атрымаў новы імпульс «культ мучанікаў», які перабольшвае жорсткасць падзей, і падвяргаўся крытыцы пачынаючы з эпохі Асветніцтва. Некаторыя сучасныя гісторыкі, напрыклад Дж. дэ Сент-Круа, таксама лічаць звесткі хрысціянскіх гісторыкаў пра падзеі «Вялікага ганення» перабольшанымі.