Галосныя

Галосныя
Гл. таксама: МФА
Пярэднія Ненапруж. пярэднія Сярэднія Ненапруж. заднія Заднія
Верхнія
i • y
ɨ • ʉ
ɯ • u
ɪ • ʏ
• ʊ
e • ø
ɘ • ɵ
ɤ • o
ɛ • œ
ɜ • ɞ
ʌ • ɔ
a • ɶ
ɑ • ɒ
Ненапруж.
верхнія
Сяр.-верхнія
Сярэднія
Сяр.-ніжнія
Ненапруж.
ніжнія
Ніжнія
Калі сімвалы стаяць у парах, то правы з іх
пазначае агублены галосны.

Гало́сныя — гукі чалавечай мовы, пры ўтварэнні якіх паветра свабодна праходзіць праз поласць рота.[1]

Дыяграма галосных — становішча вышэйшага пункта пад’ёму языка (паводле Дж. Д. О’Конара): 1 — пярэдняе высокае, 2 — пярэдняе нізкае, 3 — сярэдняе, 4 — задняе высокае, 5 — задняе нізкае. Злева — рэальная спрошчаная дыяграма руху, справа — просталінейная схема гэтай дыяграмы («кардынальная трапецыя»), якой часта карыстаюцца ў фанетыцы.[2]

У акустычных адносінах галосныя гукі — музычныя тоны з нязначнымі шумамі. Кожны галосны, у залежнасці ад формы, якую маюць рэзанатары (поласці рота і глоткі) пры яго вымаўленні, мае пэўную колькасць уласных тонаў, якія называюцца характэрнымі тонамі галоснага — фармантамі. Сукупнасць тонаў утварае тэмбр; ім галосныя адрозніваюцца адзін ад аднаго.

Агульныя ўмовы ўтварэння

[правіць | правіць зыходнік]

Агульныя анатама-фізіялагічныя ўмовы ўтварэння галосных: адсутнасць у маўленчым апараце якіх-небудзь значных перашкод, што маглі б спрыяць узнікненню фрыкацыйнага шуму; слабая паветраная плынь; напружанасць усіх органаў маўлення.

Крыніцай гуку пры ўтварэнні галосных з’яўляюцца перыядычныя ваганні паветра, якія ўзнікаюць у выніку дзеяння галасавых звязак. Асноўную ролю пры ўтварэнні галоcных выконваюць губы, язык, мяккае паднябенне, якія ствараюць пэўныя формы рэзанатараў, якія і абумоўліваюць адрозненні паміж галоснымі. Вядомая практычная дэманстрацыя гэтага — падрыхтавацца вымаўляць галосны гук і пашчоўкаць па шчацэ. Узніклы гук будзе нагадваць тэмбрам спадзяваны галосны.[3].

Найбольш зручнай навуковай класіфікацыяй галосных гукаў прынята лічыць анатама-фізіялагічную ці генетычную, заснаваную на стане артыкуляцыйных органаў.

Неабходнасцю пры апісанні галосных з’яўляецца апісанне становішча (формы) языка, спецыфічнага для канкрэтнага галоснага, таму што рухі языка цалкам вызначаюць форму ротавай поласці. Такая форма языка з’яўляецца крывой, часта складанай. Дзеля спрашчэння апісання ўказваюць толькі найвышэйшы пункт пад’ёму спінкі языка, што дазваляе прыблізна вызначыць і ўсю яго форму.

Рад галоснага

[правіць | правіць зыходнік]

Найвышэйшы пункт пад’ёму языка пры артыкуляцыі можа знаходзіцца ў пярэдняй, сярэдняй, задняй частках ротавай поласці. Адпаведна, галосны можа належаць да пярэдняга, сярэдняга ці задняга раду.

Пад’ём галоснага

[правіць | правіць зыходнік]

Пры артыкуляцыі язык можа высока падымацца да паднябення, пры гэтым ніжняя сківіца апускаецца вельмі нязначна, шчыліна паміж зубамі вельмі вузкая. Галосныя, утвораныя пры такім становішчы языка, называюцца галоснымі верхняга пад’ёму, часам таксама закрытымі ці вузкімі.

Таксама язык можа падымацца вельмі нязначна, у параўнанні з нейтральным становішчам, праход паміж языком і паднябеннем тады шырокі, ніжняя сківіца значна апускаецца, шчыліна паміж зубамі шырокая. Галосныя, утвораныя пры такім становішчы языка, называюцца галоснымі ніжняга пад’ёму, таксама адкрытымі ці шырокімі.

Галосныя, утвораныя пры прамежкавым пад’ёме языка, — галосныя сярэдняга пад’ёму.

Дыяграма галосных

[правіць | правіць зыходнік]

Кожны галосны характарызуецца дзвюма каардынатамі вышэйшага пункту языка: месцам на гарызантальнай восі моўнага апарату (рад) і месцам на вертыкальнай восі (ступень пад’ёму, пад’ём). Даследаванні маўлення паказваюць, што ў сукупнасці для ўсіх галосных гэтыя каардынаты ў ротавай поласці займаюць пэўную зону, якую прыблізна можна прадставіць у форме эліпса ці ў больш распаўсюджанай, спрошчанай форме гэтай дыяграмы — трапецыі кардынальных галосных.

Зноскі

  1. Паводле [Падгайскі 1971].
  2. Кампаноўка і нумарацыя дыяграм паводле [Падлужны 1989, с. 34].
  3. [Падлужны 1989, с. 34].
  • Падгайскі Л. П. Галосныя гукі // Беларуская Савецкая Энцыклапедыя. У 12 т. Т. 3. Веды — Графік / Рэдкал.: П. У. Броўка (гал. рэд.) і інш. — Мн.: БелСЭ, 1971. — С. 311. — 608 с.: іл., карты.
  • Фанетыка беларускай літаратурнай мовы / І. Р. Бурлыка, Л. Ц. Выгонная, Г. В. Лосік, А. І. Падлужны; Рэд. А. І. Падлужны. — Мн.: Навука і тэхніка, 1989. — 335 с. ISBN 5-343-00292-7.