Публій Ліцыній Эгнацій Галіен Аўгуст | |||||||
---|---|---|---|---|---|---|---|
лац.: Publius Licinius Valerianus Egnatius Gallienus Augustus | |||||||
| |||||||
| |||||||
|
|||||||
Папярэднік | Эміліян | ||||||
Пераемнік | Клаўдзій II | ||||||
|
|||||||
Нараджэнне |
каля 218 (па іншых звестках - каля 213)
|
||||||
Смерць |
268[1] |
||||||
Род | Valerian dynasty[d] | ||||||
Бацька | Валерыян I | ||||||
Маці | Эгнацыя Марыяніна | ||||||
Жонка | Cornelia Salonina[d] | ||||||
Дзеці | Валерыян Малодшы, Саланін | ||||||
Веравызнанне | старажытнарымская рэлігія | ||||||
Дзейнасць | палітыка[2] і ваенная справа[2] | ||||||
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
Публій Ліцыній Эгнацій Галіен Аўгуст (лац. Publius Licinius Valerianus Egnatius Gallienus Augustus, 218—268 гг) — старажытны рымскі палітычны дзеяч, імператар-суўладца (253—260 гг), аднаасобны імператар (260—268 гг).
Нарадзіўся каля 218 г. (па іншых звестках — каля 213), у сям’і шляхетнага рымляніна Публія Ліцынія Валерыяна, будучага рымскага імператара, і Эгнацыі Марыяніны — дачкі легата Камяністай Аравіі — Эгнацыя Віктара Марыяніна. Галіен нарадзіўся, хутчэй за ўсё, у Этрурыі, у юнацтве атрымаў добрую адукацыю.
Да таго, як быў абвешчаны імператарам, Галіен служыў у рымскім войску, часткова прайшоў cursus honorum («шлях гонару»), аднак пасады прэтора ці консула не дасягнуў. Магчыма, знаходзіўся на пасадзе эдзіла альбо квэстара. Прымаў удзел у пярсідскім паходзе Гардзіяна ІІІ і ў гоцкай вайне Дэцыя Траяна.
У 253 г. войска абвясціла імператарам Публія Ліцынія Валерыяна — бацьку Галіена. У Рыме салдаты забілі Эміліяна, а Галіена, які знаходзіўся ў сталіцы, Сенат абвясціў Цэзарам. Прыбыўшы ў Рым, Валерыян падняў свайго сына да рангу Аўгуста, вярнуўшыся, такім чынам, да двайнога суўладдзя, якое ўсталявалі Марк Аўрэлій і Луцый Вер. На працягу ўсяго суўладдзя Галіен выконваў важную ролю.
У 254 г. прыйшло паведамленне пра буйныя хваляванні сярод германскіх плямён, Галіен накіраваўся на рэйнскую мяжу. Паводле тэксту манет, якія адчаканілі ў першыя тры гады яго кіравання, ён здабыў некалькі перамог: як бачна, у яго атрымалася стрымліваць германскіх варвараў на адлегласці ад Рэйна, а тыя, што здолелі яго перайсці, пацярпелі паразу. У гэты ж перыяд Галіен умацаваў шэраг рымскіх крэпасцей на левым беразе ракі і заснаваў новы манетны двор у Аўгусце Тревіраў. З’яўленне тытула «Вялікі Дакскі» можа сведчыць аб паспяховым змаганні з карпамі, якія ўварваліся ў Дакію. Але магчыма, што Галіен перабольшваў свой поспех, бо ў той перыяд кантроль Рыма над Дакіяй быў значна аслаблены.
Заклапочаны тым, каб заснаваць і захаваць дынастыю, стары Валерыян дараваў свайму ўнуку, — старэйшаму сыну Галіена, — Валерыяну Малодшаму, тытул Цэзара. Але праз два гады малады Цэзар памёр, быў афіцыйна абагаўлены, а на яго месца прасунулі яго брата Саланіна. Прыкладна ў 256—257 гг. Валерыян і Галіен, пад ціскам навалы варварскіх народаў адначасова на еўрапейскія і азіяцкія межы, падзялілі паміж сабой Рымскую Імперыю па тэрытарыяльнаму прынцыпу. Валерыяну дастаўся Усход, а Галіену — Захад. Галіен, такім чынам, стаў фактычна самастойным кіраўніком: на манетах чаканілася яго выява «з уласным войскам».
Галіен апынуўся ў цяжкім становішчы: германскія плямёны аб’ядналіся і пачалі наступ па ўсёй мяжы. Найбольшую небяспеку ўяўлялі плямёны франкаў. Першапачаткова гэта была народнасць, якая складалася са шматлікіх дробных плямён. Неўпарадкаваныя міграцыі ў раёне ніжняй Эльбы прывялі да іх паступовага перасялення да рэйнскай мяжы. Перыядычна здзейсніваючы навалы сіламі да 30 тысяч чалавек, яны прарвалі рымскую абарону, спустошылі Галію і Іспанію, разбурылі іспанскую сталіцу Таракон, дайшлі да Тынгітаны і ўзбярэжжа Паўночнай Афрыкі.
Адначасова алеманы — іншы моцны саюз плямёнаў — час ад часу нападалі на памежныя крэпасці Рэцыі, а ў 258 г. уварваліся ў Італію праз Брэнераў перавал. Галіен, які у той час знаходзіўся ў Галіі, накіраваўся туды, і, хутчэй за ўсё, нанес ім паразу ў бітве ля Медаліана, дзе каля 259 г. заснаваў манетны двор. Галіен таксама спрабаваў спыніць германскія набегі неваенным шляхам. У ліку іншага ён дазволіў байгемскім маркаманам утварыць сваю дзяржаву (альбо пашырыць тую, якая ўжо існавала) да поўдня ад іх родных краёў, на рымскім беразе Данувія. Сам Галіен, як паведамляюць, ажаніўся другім шлюбам з дачкой іх правадыра. Прыкладна ў той жа час на Дзесяцінныя палі, старэгічна значны рэгіён паміж Рэйнам і верхнім Данувіем, напалі свевы — іншае германскае племя. У выніку рымская імперыя страціла Дзесяцінныя палі назаўсёды.
Наступны год, 260, быў самым цяжкім у рымскай гісторыі па колькасці бедстваў. Бацька Галіена, імператар Валерыян, быў разбіты іранскім вайскаводам Шапурам і памёр у палоне. Галіен, які ў выніку стаў адзінаасобным імператарам, не стаў ратаваць бацьку. Пасля вайскаводы-інтрыганы здзесніваюць шэраг спробаў узурпіраваць уладу, абвяшчаючы сябе імператарамі ў розных правінцыях. Некаторыя краніцы называюць гэты перыяд «Эпохай трыццаці імператараў», аднак яны істотна перабольшваюць сапраўднае становішча. Прыкладна ў 260 г. змяняюць адзін аднага два узурпатары, якія абвясцілі сябе імператарамі ў дунавійскай правінцыі. Спачатку Інгенуй, намеснік Паноніі, быў падтрыманы войскамі, што расквартыраваліся ў Мезіі, і абвясціў сябе прэтэндэнтам на вярхоўную ўладу. Але Галіен з дапамогай вайскавода Манія Ацылія Аўрэола разбіў узурпатара. Той паспрабаваў бегчы, але быў схоплены і пакараны смерцю. Аднак войска не скончыла бунтаваць і абвясціла імператарам Рэгаліана, намесніка Верхняй Паноніі. Апошні выпусціў манеты (проста перабіўшы старыя) са сваім імем і імем сваёй жонкі Сульпіцыі Дріанцылы, якая належала да шляхетнага сенатарскага роду. Але праз некалькі тыдняў Галіен разграміў і гэтага бунтара і ў 262 г. заснаваў у Сісцыі новы манетны двор (пасля разгрому сармацкіх раксаланаў, якія ўварваліся ў Верхнюю Панонію).
Спаняючы набегі германскіх плямён, Галіен даверыў уладу на Рэйне свайму вайскаводу Пастуму, а свайго сына і спадчынніка Саланіна Цэзара пакінуў у Агрыпінавай калоніі пад наглядам прэфекта прэтарыянцаў Сільвана. Але Постум паспрачаўся з Сільванам і накіраваў свае войскі на горад. У час аблогі горада Саланіна Цэзара дэманстратыўна абвясцілі Аўгустам і суўладцам бацькі, аб чым гаворыць адзіная захаваная залатая манета. Аднак гарнізон горада быў вымушаны здацца, малады Саланін разам з Сільванам былі пакараныя смерцю. Войска абвясціла Постума імператарам, яму падпарадкаваліся ўсе заходнія правінцыі. А Галіен, у той час цяжка паранены, не здолей аказаць гэтаму значны супраціў.
У той жа перыяд персы спустошвалі усходнія правінцыі, якія засталіся безабароннымі пасля паразы і паланення імператара Валерыяна. Персы спрабавалі захапіць Тарс, Антыяхію і гарады Месапатаміі. Кесарыя ў Клападокіі, сустрэла іх мужным супрацівам, але была ўзята ў дапамогаю здраднікаў. Макрыян, вайскавод квартырмейстэрскай службы на Ўсходзе, паспрабаваў арганізаваць рэшткі рымскага войска каля Самасаты. Яго падтрымаў вайскавод Каліста з мянушкай Баліста (назва старажытнага кідальнага арудыя), які нечакана напаў на іранскага камандзіра Шапура каля Карыяка, раўбіў ушчэнт і прымусіў адступіць за раку Еўфрат. Пасля гэтага поспеха Макрыян, які ў той час быў вельмі стары, прымусіў сваіх сыноў Макрыяна Малодшага і Квіета абвясціць сябе суўладцамі. Апошніх прызналі Сірыя, Егіпет і Малая Азія. Бацька пакінуў Квіета ў Сірыі, а сам разам з Макрыянам Малодшым накіраваўся на Балканы, падганяныя славалюбівымі планамі. Але там іх разбіў і пакараў смерцю Даміцыян, падначалены Аўрэола, вайскавода Галіена. Сам Галіен паставіў на чале рымскага войска на Усходзе Адэната — магутнага спадчынніка пальмірскага кіраўніка. Адэнат напаў на бунтара Квіета ў Эмесе, дзе той загінуў ад рук жыхароў горада.
У 262—267 гг. Адэнат здзесніў шэраг паспяховых паходаў на Персію, адваяваў у яе значную частку Міжрэчча (хаця і не здолей далучыць яго сталіцу — Ктэсіфон) і, хутчэй за ўсё, падпарадкаваў таксама Арменію. Галіен дараваў пераможцу тытул імператара. Той сапраўды тэрмінова прадухіліў распад і страту ўсходніх правінцый, пакінуў іх пад фармальным кіраўніцтвам Рыма, хаця на самой справе быў адзінаасобным кіраўнікоў таго рэгіёна. Тым не менш у 267 г. Адэнат і яго старэйшы сын былі забітыя, і на трон узыйшла яго ўдава Зенобія. Галіен не пагадзіўся з гэтым і вырашыў пакласці канец незалежнасці Пальмірскага царства, але ваенны паход на чале з Геракліанам не прынес поспехаў.
Між тым Усход апынуўся пад пагрозай гоцкай навалы. Готы дамовіліся з маракамі з ліку герулаў, якія незадоўга да таго пасяліліся на беразе Меатыйскага возера, і ў 267—268 гг. сабралі ва ўтоцэ Дняпра вялізарную колькасць людзей і караблёў. Моцны флот спустошыў многія гарады Грэцыі і Малой Азіі. Гісторык Дэксіп прымаў удзел у абароне Афін, якая аказалася паспяховай. Готы былі разбітыя, калі вярталіся на радзіму праз Балканы. Хутчэй за ўсё, гэтую аперацыю ўзначальваў сам Галіен, але шматлікія крытыкі пазней прыпісвалі гэтую перамогу яго пераемніку Клаўдзію ІІ. Войскі готаў былі расцягнутыя, рымская конніца напала на іх нечакана. Бітва лічыцца самай крывавай у рымскай гісторыі: знішчана было ад 30 000 да 50 000 готаў. Калі правадыр герулаў здаўся, Галіен у мэтах улагоджвання зноў дараваў яму консульскія рэгаліі. Вынікам гэтай перамогі стаў пералом: наперакор усім гістарычным заканамернасцям германскія плямёны былі адкінутыя далей ад рымскай мяжы, а знікненне Рымскай Імперыі было адкладзена на значны тэрмін.
Нягледзячы на ўзрушэнні, а па сутнасці з-за іх Галіен знаходзіў час дзеля рэарганізацыі войска. Рымляне ўжо даўно выкарыстоўвалі нетыповых дзеля класічнага войска конных лучнікаў і капейшчыкаў; ужо болей за 100 гадоў існавала невялікія конныя атрады з закутымі ў паспехі конямі. Але ў апошні час цяжкая кавалерыя персаў і некаторых паўночных плямён (асабіста сарматаў) паказала сваю магутную сілу, і з’явілася разуменне, што дадзены род войск імперыі патрабуе значнага павялічэння колькасці.
Пачаткам ваенных пераўтварэнняў можна лічыць 258 год, калі з’явіліся антанініяны адчаканеныя ў Лунгдунуме з абрэвіятурай на рэверсе, дзе намаляваны Юпітэр Пераможца (Iovi Victori). На пастаменце, на якім ён стаіць дакладна пазначана абрэвіятура IMP CES-Imperator Cum Exercito Suo[3].
Да ваеннай рэформы Галіена адносіцца аб’яднанне ўсёй кавалерыі пад пачаткам Аўрэола, які атрымаў тытул dux equitum. Ваеннай стаўкай гэтага корпуса Галіен абраў буйны горад у Паўночнай Італіі — Медыяланум, з-за яго геаграфічнага і эканамічнага становішча[4].
Таксама важным новаўвядзеннем Галіена было стварэнне спецыяльнага атрада protectors divini lateri. Гэта звязана, відаць, з палітычнай рэформай, па якой сенатары былі адхіленыя ад вайсковай улады. Гэтым крокам Галіен хацеў стварыць новы пласт служылай арыстакратыі, якая б замяніла сенатараў[5][6] і пры гэтым засталася лаяльнай яму[7][8][9].
Таксама змяніўся прынцып фарміравання войска. Замест прымусовага праходжання службы ішоў наём войска па прынцыпе aurum tironicum («рэкруцкае золата» — г.зн., абшчыны выплачвалі грошы, каб не пастаўляць рэкрутаў у войска і за кошт гэтых грошай наймаліся лепшыя ваяры). Такім чынам, у войска імперыі сталі набірацца лепшыя войны з народаў, якія здаўна славяцца сваім ваенным мастацтвам: ілірыйцы, фракійцы, арабы і г.д.[10]. Яны ўваходзілі ў дапаможныя часткі, насілі сваё ўзбраенне, а таксама ў іх былі свае камандзіры.
Прыкладна ў 264—268 гг. (альбо трохі раней) Галіен стварыў буйное фарміраванне цяжкай кавалерыі.
Служба ў войску была важным сацыяльным ліфтам, так як, асабліва таленавітыя салдаты маглі падняцца на вяршыню ваеннай, а значыць і палітычнай сістэмы Імперыі[11].
Сэнс палітычнай рэформы складаўся ў адхіленні сенатараў ад камандавання войскам указам ад 262 года[12]. У выніку ім было забаронена займаць пасады намеснікаў правінцый, дзе былі войскі. Гэта значыць, найболей важныя ў ваенным плане правінцыи, напрыклад, Норыке, Ілірыке кіруючыя пасады займалі ўжо не сенатары, а прадстаўнікі генералітэту. У больш мірных правінцыях намеснікамі прызначаліся тыя ж сенатары[13]. За Сенатам застаецца толькі абмежаваная колькасць грамадзянскіх пасад, якія ў існуючых рэаліях не адыгрывалі ніякай ролі[14].
Дзеля папаўнення казны Галіен загадаў чаканіць больш манет: вес залатых грошэй дзеля гэтага значна паменшыўся, а срэбраныя цяпер рабіліся з бронзы і толькі зверху іх пакрываў танюсеньскі слой срэбра, які хутка сціраўся. Гэта прывяло да маштабнай інфляцыі і народных бедстваў з-за таго, што рамеснікі і гандляры адмаўляліся прымаць грошы, якія цяпер, па сутнасці, не каштавалі нічога.
Папулярны сярод салдат, Галіен, тым не менш, значна адрозніваўся ад іншых «салдацкіх імператараў». Манеты з яго выявай паказваюць не лысага грамілу, а разважлівага чалавека. Вядома, што ён быў аматарам усяго грэчаскага, любіў антычную філасофію, літаратуру, мастацтва. Прыхільнік язычніцкай духоўнасці, ён, тым не менш, спыніў пераследванні хрысціян, якія праводзіз яго бацька Валерыян.